Чэшскі гісторык: «Лукашэнка зноў спрабуе рабіць шматвектарную палітыку і крыху дае задняю»

Чэшскі гісторык, філосаф, публіцыст, дырэктар аддзела даследаванняў і адукацыі Інстытута вывучэння таталітарных рэжымаў Пётр Главачак — пра ролю Расіі ў падтрымцы Аляксандра Лукашэнкі і што дасць шанец беларусам.

— Пасля распаду СССР Беларусь шукае сваю ідэнтычнасць: нацыянальную і дзяржаўную, — кажа Главачак у эфіры Еўрарадыё. — Гэта тычыцца і таго, наколькі беларуская перасоўваецца як галоўная мова, хоць руская застаецца другой дзяржаўнай мовай.

Застаецца адкрытым пытанне агульнай дзяржавы: саюзу Беларусі і Расіі. Лукашэнка нават нейкі час думаў, што зможа быць агульным прэзідэнтам.

Пётр Главачак. Фота: скрыншот з эфіра Еўрарадыё/YouTube

У 2020 годзе прэзідэнцкія выбары былі вельмі спецыфічныя: апроч іншага і ў тым, што Лукашэнка ў нейкай фазе кампаніі паставіў і на антырасійскую карту. Тады Лукашэнка прыняў на сябе ролю абаронца беларускай дзяржаўнасці.

Але калі ён зразумеў, што людзі яго не прымаюць, пачаліся масавыя пратэсты, ён зноў звярнуўся да Крамля і зрабіў з Беларусі (спадзяюся, што не канчаткова, бо няма нічога канчатковага) кліента Расіі.

Эксперт выказвае думку, што па сутнасці Беларусь сёння акупаваная, у тым ліку ментальна.

— Яшчэ і таму рэвалюцыя, якая і была мірнай, не мела шанцаў. Я ведаю, што і калегі з Украіны казалі, што беларусам трэба было больш ціснуць на Лукашэнку, але гэта абярнулася б вялікай крывёй.

Лукашэнка ў той час кантраляваў міліцыю, армію, меў расійскую падтрымку, маркетынгавых і медыйных кансультантаў. Нават беларускім дзяржаўным тэлебачаннем пачалі кіраваць, хутчэй за ўсё, расійскія кансультанты. І сітуацыя не была спрыяльнай для мірнага падзення рэжыму.

Гэта вялікая трагедыя, але я спадзяюся, што гэта не канец. Лукашэнка яшчэ хоча быць гаспадаром Беларусі, і яму не зусім прыемна, што ён не можа рэалізаваць гэта без Пуціна.

Сёння ён зноў спрабуе рабіць шматвектарную палітыку, крыху дае задняю. Беларуская армія не ўдзельнічала ў нападзе на Украіну, і Лукашэнка спрабуе захаваць нейкія інфармацыйныя каналы на Захадзе, ЕС.

Па словах гісторыка, зараз назіраецца рэанімацыя «традыцыйнага расійскага імперыялізму, які не звязаны нават з бальшавізмам». Ён існуе сотні гадоў, і менавіта такія нацыі, як украінскую і беларускую, ён успрымае як штосьці другараднае.

— Цяжка даваць нейкія парады, але беларусы  павінны быць упэўнены ў сабе. Гэта вялікі культурны народ, які не мае патрэбы параўноўваць сябе з «вялікім братам», які ўвесь час хоча верхаводзіць. Гэта аўтаномны народ.

Але нават пасля падзення Пуціна ці Лукашэнкі ментальнасць «рускага свету» і рускай імперыі не знікне. Падчас вайны Расіі супраць Украіны ідзе барацьба за тое, дзе будзе праходзіць новая жалезная заслона, бо як бы не скончылася вайна, Расія — гэта нестандартная дзяржава.

Гэта краіна, якая ўжо пасунулася ад нейкага тыпу аўтарытарызму да таталітарызму, нейкай формы фашызму. А Беларусь — кліент гэтай таталітарнай імперыі.

Будзе не лёгка вырвацца з крамлёўскіх капцюроў. Цяпер вырашаецца, ці будзе заслона, ці будзе яна жалезнай ці іншай, і ці застанецца за ёй Беларусь. Лукашэнка таксама не бессмяротны, хоць у яго ёсць тэндэнцыя будаваць дынастыю. Паглядзім, якая будзе роля ягонага сына.

Але гэта вялікі выклік у тым ліку і для эліты Лукашэнкі. Ці хочуць яны быць другараднымі у рамках расійскай імперыі? А таксама і для беларускай грамадскай супольнасці.

Гісторык прызнаецца, што трохі скептычны і лічыць, што агрэсіўнасць Расіі будзе расці.

— Можа здарыцца, што Расія пастараецца прывязаць да сябе Беларусь нават вайсковай сілай. Там ужо ёсць базы, рэгулярна праводзяцца вучэнні. Праблема не знікне са смерцю Лукашэнкі ці нават Пуціна. Тут трэба эмансіпавацца ад Расіі ў сітуацыі, калі традыцыя повязі з Расіяй вельмі доўгая, як мінімум для часткі тэрыторыі Беларусі.

Але беларускі менталітэт таксама змяняецца, і я б пажадаў беларусам больш упэўненасці ў сабе. У вас ёсць усе, каб быць свабоднай краінай і нацыяй, вы гэта ўжо прадэманстравалі. Гэтая ўпэўненасць у сабе ў вас ёсць.

У мяне няма адказу, што трэба рабіць. Сітуацыя змяняецца кожны дзень і ключавы фактар — гэта тое, чым скончыцца вайна Расіі супраць Украіны. Яшчэ можа быць варыянт, што  Расія распадзецца, і Беларусі гэта дало б вялікі шанец.

Гэта магло б стаць выйсцем, каб вялікі гігант ператварыўся ў шэраг дзяржаў. Тады, можа, і Беларусь, Грузія, Украіна, Арменія вызваліліся ад расійскага імперыялізму.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(15)