Политика
Руслан Гарбачоў

«Чэкісты казалі: вы, маладафронтаўцы, зусім абнаглелі»

Мужчыны ламаюцца, а яна з любой сітуацыі выходзіць з гонарам і усмешкай. 20-гадовая Наста Палажанка ў гэтым годзе прайшла праз СІЗА КДБ і суд, але трымаецца так, быццам бы паўдзельнічала ў атракцыёне – пачытайце інтэрв’ю.

Сустрэліся мы з намесніцай старшыні «Маладога фронту» насупраць будынку КДБ у Golden Coffee. Некалі тут знаходзілася кафэ «Экспрэс-Крыніца». Гэта і абумовіла пачатак размовы.

– У нас тут часта праводзіліся ўправы. А аказваецца, чэкісты сюды падсілкавацца заходзілі, і мы сядзелі каля іх. Падчас майго нядаўняга знаходжання ў СІЗА КДБ камітэтчыкі казалі: вы, маладафронтаўцы, зусім абнаглелі (смяецца С.).

– Што за вялізную торбу ты прывалакла з сабою?

– А, гэта венцілятар Дашкевічу ў камеру. Я на «валадарцы» літаральна праз дзень бываю. Нядаўна перадавала кнігі, гляджу – стаяць венцілятары. Сказалі, што можна перадаваць іх у камеры. У гэтай жа «падлодцы» душна.

– Наста, які прысуд ты чакала сабе, калі пачаўся працэс над табою і іншымі?

– Я разумела, што ён будзе не такім жорсткім, як папярэднім удзельнікам Плошчы. Бо мяне з’ядналі ў адзін працэс з людзьмі з «Гавары праўду!», якія ў прынцыпе не мелі асаблівага дачынення да Плошчы (Някляеў да яе нават не дайшоў).

Спадзявалася на арышт да шасці месяцаў, бо два я ўжо адседзела, і мне засталося б яшчэ чатыры. Умоўнага тэрміну не хацела, расцэньвала яго як кручок, які не дазволіць мне ўдзельнічаць у вулічных акцыях. Але ў выніку мне яго і далі, значыць, прыйдзецца засяродзіцца на іншым фармаце працы.

На судзе я пазнаёмілася з удзельнікамі кампаніі «Гавары праўду!». Лічу, што знаходжанне пад следствам гэтага каштавала (смяецца С.).

Ведаеце, гэта вельмі годныя людзі. Журналісты дарэмна накінуліся на Фядуту – ён даваў адны з самых прыстойнейшых паказанняў падчас следства. Чалавек разумеў, што ён выйдзе і будзе глядзець людзям у вочы. Фядута паводзіў сябе лепш, чым многія з тых, хто мог прэтэндаваць на званне героя.

– Узгадай, калі ласка, падзеі 19 снежня. Здаецца, я бачыў, як ты актыўна размаўляла са Статкевічам пры ўваходзе на плошчу Незалежнасці. Пра што ішла гаворка?

– Прайшла чутка, што трэба разыходзіцца і збіраць людзей заўтра. Я была катэгарычна супраць. Статкевіч таксама разумеў, што людзей распускаць нельга. Нават калі пачалі біць шкло на ўваходзе ў Дом ураду, сысці адтуль мы не маглі – што трэба было адмовіцца ад адказнасці і сказаць: сябры, сустрэнемся праз 5 год?

Статкевіч вельмі мужны і годны чалавек. Але вялікі тэрмін ён атрымаў не таму, што нешта планаваў на Плошчы. Гэта была помста Лукашэнкі за прамовы на тэлебачанні. Статкевіч сядзіць за свае словы, за свае заявы – ні больш, ні менш. Тое, што некаторыя дзеячы спрабуюць спіхнуць на Статкевіча нейкія радыкальныя дзеянні на Плошчы – абсалютнае глупства.

20.05.2011. Пасля вынясення прысуду (адзін год умоўна) за ўдзел у акцыі 19 снежня

– Якія тады былі думкі ў кандыдатаў?

– Ніякіх асаблівых думак не было. Яны аналізавалі інфармацыю і спрабавалі на месцы зарыентавацца.

– Як ты сышла з Плошчы пры зачыстцы?

– На Плошчы мяне не затрымалі – не ведаю чаму. У раёне гасцініцы “Мінск”, дзе я апынулася, на натоўп пусцілі газ…

– …Газ?!

– Прынамсі, нешта вельмі падобнае да яго. Мне было складана дыхаць, калола горла. Відаць, гэта было зробленага для таго, каб людзей ахапіла паніка, каб яны думалі, чым ім дыхаць, а не куды збегчы. Праз нейкі час адзін амапавец мне сам сказаў, што выхад з перакрытай плошчы адкрыты за касцёлам. Мы, кампанія маладафронтаўцаў, так і сышлі.

Селі на тралейбус. Я хацела выйсці на Нямізе, але ў апошні момант Мікола Дземідзенка адкінуў мяне ад дзвярэй.

Праз вакно мы пабачылі такую карціну: амапаўцы, як вар’яты, бегаюць па аўтобуснаму прыпынку, па прыступках царквы, метро і забіраюць, цягнуць у аўтазак усіх людзей, якія ім трапляюцца! Нявінных людзей выцягвалі з метро за шкіркі!

Дома я села пісаць Змітру Дашкевічу ліст пра тое, што адбылося. І вось у гэты момант мне пазванілі ў дзверы. Я падышла, пабачыла, што ўся лесвічная пляцоўка запоўненая людзьмі. Здзівілася ад такой увагі да сябе. Спачатку падумала: ну іх нафіг, адчыняць не буду. Тады яны пачалі тарабаніць у дзверы, паднялі з ложкаў бацьку і брата. Я зразумела, што «госці» гатовы выбіць дзверы, і вырашыла, што майму бацьку яны яшчэ спатрэбяцца.

Падышла да дзвярэй, спытала: «Мужыкі, за мною?». «Да». «Дайце мне 10 хвілін, я ў начнушцы, трэба пераапрануцца». Бацька сабраў мне ежу – катлеты ў мяне пасля ў СІЗА КДБ скралі.

Мяне пасадзілі ў мініаўтобус, і мы паехалі на здымную кватэру Змітра Дашкевіча. Кэдэбісты думалі яшчэ там схапіць людзей. Я сядзела і радавалася, бо пасля Плошчы людзей адтуль вывела. А яны шалелі: па нашай інфармацыі там ёсць актывісты! Я кажу: людзі адтуль сышлі. Яны: мы будем ламаць дзверы. Я: ламайце, але калі вы пакінеце кватэру без дзвярэй, то знікне кампутар – буду пісаць на вас заяву.

Паколькі чэкісты былі гарадзенскімі, а не менскімі, то аказаліся нармальнымі, ветлівымі і разважлівымі людзьмі. Кватэру яны так і пакінулі, а пасля я даведалася, што на ёй у гэты час знаходзіўся Дземідзенка! Я ўратавала яго сваёй нахабнасцю і перакананасцю, што на кватэры нікога няма! (смяецца - С).

Калі я ў машыне зразумела, што мяне вязуць у «амерынку», падумала: «вау, вось гэта гонар!» (смяеццаС.) А чэкісты злымі вярталіся – удалося ж затрымаць толькі Палажанку. Калі мяне вялі па карыдорах, то яшчэ не разумела: чаму я? Чаму ў «амерыканцы»? Што адбываецца ў краіне? І тут я праходжу каля адкрытага кабінета, дзе сядзіць сонны Толік Лябедзька. «О, Анатоль!» Я эгаістычна парадавалася, зразумела, што тут нас шмат, і супакоілася.

– Ты ўпэўнена сябе адчувала?

– Абсалютна. Калі прад’явілі абвінавачванне, нават жартавала са следчым: мы з вамі ў адным горадзе, на адной плошчы былі?

– Ці патрабавалі ў цябе даць паказанні на іншых лідэраў апазіцыі?

– Не. Хаця з чым звязана мая крымінальная справа? Да мяне была павышаная цікавасць КДБ, бо ў адсутнасць затрыманага перад Плошчай Змітра Дашкевіча я прадстаўляла ў асяроддзі кандыдатаў «Малады фронт», размаўляла, раілася з імі.

Калі мяне «падымаў» да сябе ў кабінет начальнік турмы, то яхідна запытваўся: «Насця, скажы, калі ласка: чаму ты сядзіш, а іншыя людзі выходзяць?». Я адказала: «Напэўна, ужо ўсе сказалі, што Статкевіч мудак, а я яшчэ не». Начальнік турмы засмяяўся. Я казала, што паважаю Мікалая Статкевіча, як і ўсіх іншых, хто асмеліўся ісці на прэзідэнцкую пасаду.

Камітэтчыкі, каб паказаць свой прафісіяналізм і тое, наколькі яны мяне ведаюць, казалі: мы маглі б табе прапанаваць выступіць па БТ і г.д., але ведаем, што ты гэтага не зробіш.

– Калі праз два месяцы пасля затрымання цябе выпусцілі на волю, што цябе найбольш здзівіла за сценамі «амерыканкі»?

– Раз’яднанасць апазіцыі, рэпрэсіі супраць астатніх. Вельмі парадавалася гісторыі з ператрусам менскага офісу «Белсата», калі камітэтчыкі ўзламалі дзверы і знайшлі толькі пячатную машынку з паведамленнем «Specially for you». Адчула сапраўдны гонар за беларускую журналістыку!

Калі я выйшла, у мяне было такое адчуванне, што сядзела не два месяцы, а з мінулай прэзідэнцкай кампаніі. У краіне вельмі шмат што змянілася. Мне здаецца, людзі тут перажылі нашмат болей, чым я ў «амерыканцы».

Першае, што зрабіла пасля выхаду на волю – пайшла на наступную раніцу на паседжанне дэмакратычнай рады. Там былі, здаецца, усе лідэры апазіцыі, ішла размова пра палітвязняў, і мяне здзівіла… са мною нават не павіталіся, на мяне не звярнулі ўвагі! Калі я зайшла і села ў залі, яны нават не спынілі размову, каб павітацца. Віталь Рымашэўскі паглядзеў на ўсіх, і калі зразумеў, што нічога не адбудзецца, сам устаў, падышоў да мяне, павітаўся і павіншаваў. Пасля падышоў Андрэй Дзмітрыеў, які таксама абалдзеў ад таго, што размова не прырываецца. Я зразумела, што на гэтай сустрэчы мне няма чаго рабіць і сышла. Было крыўдна.

10.03.2011. Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан уручае Насці Палажанцы Міжнародную жаночую прэмію «За мужнасць»

– Чым зараз узгадваецца час, праведзены ў СІЗА КДБ?

– Калі казаць пра бытавыя моманты, то «амерыканка» лепшая за «валадарку» (СІЗА ГУУС Мінгарвыканкама – С.). Але псіхалагічна яна складаней. Мне трэба было перабудавацца і змірыцца з тым, што да мяне не будуць даходзіць лісты, у мяне не будзе нармальнай літаратуры, я не буду бачыць адваката. З іншага боку я разумела, што гэта турма, і няма чаго чакаць патуранняў да сябе, не варта здзіўляцца ціску. Я збудавала свой свет у малітвах, умацавалася ў веры.

Да мяне добра ставіліся іншыя жанчыны, са шкадаваннем адносілі канваіры. Пра «маскі» (некалькі вязняў «амерыканкі» заяўлялі, што людзі ў масках іх катавалі С.) я маўчу – гэта рэдкасныя мразі. Нават пры тым, што жанчын яны не чапалі, проста самі іх паводзіны і крыкі выводзілі з сябе. Начальнік турмы выклікаў мяне і спытаў: чаму я не хаджу на прагулкі? Я адказала, што пакуль там крычаць гэтыя «маскі» (а менавіта яны выводзілі людзей на вуліцу), я на прагулкі не пайду.

Я так разумею, начальнік турмы не мог кантраляваць сітуацыю цалкам, і «маскі» былі пастаўлены ў СІЗА не ім. Звычайныя канваіры былі адкрыты, пры форме. Мы іх ведалі, кожнаму давалі сваё імя.

– Якія імёны давалі?

– Ды звычайныя чалавечыя. Дзяўчына кажа: яму пасавала б імя такое – усё, вырашана. Хтосьці быў невысокім, нагадваў хлопчыка-афіцыянта – мы паміж сабой называлі яго «гарсон». Хтосьці быў буйным – яго называлі «мядзведзем». Хтосьці быў непаваротлівым хлопчыкам – яго назвалі «мішуткам». Я нейкі час блытала «мядзведзя» з «мішуткам», але пасля зарыентавалася…

Спачатку, калі быў загад канваірам да нас жорстка ставіцца, было, канешне, цяжка. Я раз пяць мяняла камеру і прыходзілася пераносіць матрац – а ён, як я сама. Іду я з гэтым матрацам, які ў дзверы не ўлазіць, і думаю: сволачы, бачаць жа, што зараз упаду з ім – ніхто не дапамагае. Але прайшло паўтары месяцы, і канваіры самі ўжо ўзялі мой матрац, нават працягнулі руку, каб паднесці звычайны пакунак. Я здзівілася: ужо адвыкла да нармальнага стаўлення.

Следчы на мяне моцна не ціснуў. Калі спрабаваў атрымаць канкрэтныя адказы, я ўключала дурачку, яго гэта раздражняла. У нармальных прыстойных асобаў (а яны ёсць нават у КДБ) унутры стаіць сцяна: ну як на гэту дзевачку можна павысіць голас? І ў яго такое было. Нават калі раздражняўся, то рэагаваў: ну што з табою зробіш.

– Як здароўе бацькі пасля сардэчнага прыступу, які здарыўся падчас суду над табою?

– Ужо палепшала, ужо ходзіць на працу.

– Зрабілі аперацыю?

– Не. У краіне крызіс – унутр трэба ставіць пэўныя рэчы, а іх у Беларусі няма. Трэба пачакаць.

– Не было думкі паберагчы здароўе бацькі, адысці ад палітычнай дзейнасці?

– Бацька цудоўна разумее, што шляху назад у мяне ўжо няма. Я шмат чым для гэтага ахвяравала, адзінае выйсце – ісці да канца.

– Наста, чаго табе зараз найбольш хочацца?

– Найбольш хочацца дажыць да таго часу, калі мае сябры выйдуць на свабоду. Гэта самае важнае. Я гатова была б нават ахвяраваць сваёй вучобай, каб наблізіць гэту падзею. Гэта, можа, мая хіба – сваё «я» вельмі часта я стаўлю на задні план. Мне скаладана вяртацца ў нармальны лад жыцця, калі сябры ў турме, і займацца іншымі справамі «Маладога фронту», які не датычацца кампаніі салідарнасці з палітвязнямі.

Зміцер Дашкевіч мне штодня ў лістах піша: я перастану пісаць табе лісты, калі ты не здасі сесію ў ЕГУ. То бок ужо ідзе шантаж (смяеццаС.).

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)