Филин

Ірына Марозава

Чахоўскі: «Калі ўлады шукаюць, на чым бы зэканоміць, то першай «адразаюць» культуру»

Прадзюсар — пра цяперашні стан і ўразанне падтрымкі дзяржаўных тэатраў.

Лукашэнка запатрабаваў выйсці на роўнадолевае фінансаванне тэатраў: каб палову неабходных сродкаў установы культуры зараблялі самі, а палову атрымлівалі з бюджэту. Падобную ідэю ён агучваў яшчэ ў лютым 2021-га, згадаўшы уведзеную ім жа сістэму фінансавання спартыўных клубаў.

Сёння, паводле яго слоў, дзяржтэатрам даюць датацыю ў 50% — «тым тэатрам, практычна, якія ў 2020 годзе выступілі за знішчэнне дзяржавы». Астатняе яны мусяць, перакананы правіцель, вучыцца зарабляць і эканоміць — і пры тым яшчэ прасоўваць ідэалагічна правільны рэпертуар.

Пра тое, наколькі распаўсюджаная падобная практыка ў іншых краінах, чаму ідэя роўнадолевага фінансавання не спрацавала ў Беларусі раней і не спрацуе сёння і да чаго вядзе стаўленне ўладаў да тэатраў і культуры наогул як да «тавару», Филин пагутарыў з музычным і тэатральным прадзюсарам, дырэктарам у справе культурніцкай дыпламатыі Беларускай Р*ды культуры Аляксандрам Чахоўскім.

Фота з асабістага архіву Аляксандра Чахоўскага

— Незалежны тэатр у нас у краіне, па сутнасці, ніколі не меў падтрымкі, але да нядаўняга часу жыў, — нагадвае Аляксандр. — Дзяржава ў лепшым выпадку крыху дапамагала, а часцей не перашкаджала ладзіць імпрэзы.

Што да замежнага досведу, у кожнай краіне свае культурныя асаблівасці. Напрыклад, калі ўзяць тэатральную сістэму ЗША, там дзяржава не падтрымлівае тэатры — зусім. Але там іншая культура фінансавання: развіты інстытут мецэнатаў, філантропаў, патронаў і культурніцкіх установаў — гэта традыцыя, якая складвалася стагоддзямі, і так адразу нельга да яе перайсці.

— Напэўна, і такога цэнзуравання і міністэрскіх мастацкіх радаў, якія зацвярджаюць рэпертуар, там няма?

— Цэнзура насамрэч так ці інакш прысутнічае заўжды: яна можа быць схаваная ці відавочная, але яна ёсць. Хоць, канешне, у тым выглядзе, як існуе ў Беларусі і Расіі, на Захадзе гэта ўявіць немагчыма.

У нашых рэаліях склалася асаблівая сістэма — не фінансавання з бюджэту цалкам, як музейныя ўстановы, але датацый, прычым доля іх можа быць рознай.

Ці ёсць рацыянальнае зерне ў паступовым скарачэнні датацый і пераходзе тэатраў, так бы мовіць, на гаспадарчы разлік? На думку Аляксандра Чахоўскага — так, але пры адпаведных умовах: калі гаворка ідзе пра нармальны стан эканомікі, здаровае грамадства, адсутнасць палітычнага крызісу, рэпрэсій і г.д. То бок, у дакрызіснай Беларусі гэта пытанне магло б разглядацца.

— Наколькі я ведаю, у Латвіі дзяржаўныя тэатры атрымоўваюць якраз каля 50% датацый з бюджэту — але там ёсць шмат магчымасцяў прыцягваць іншыя сродкі, дапамогу кампаній і прыватных асобаў. Многія інвестуюць у культуру і не патрабуюць нічога ў адказ, апроч «дзякуй», іншыя, выступаючы спонсарамі і партнёрамі, атрымліваюць такі элемент піяру — свае лагатыпы на афішах тэатральных пастановак і фэстаў.

У Літве, дзе тэатры датуюцца дзяржавай больш як напалову, яны таксама маюць шмат дадатковых опцый фінансавання. У прыватнасці, ёсць Lietuvos Kultūros Taryba, арганізацыя, вельмі падобная да нашай Рады, якая прыцягвае з розных крыніц рэсурсы на падтрымку культуры (дарэчы, на яе могуць прэтэндаваць і дзяржаўныя ўстановы).

Таксама у ЕС працуюць міжнародныя праграмы падтрымкі, а калі рыхтуецца нейкая адмысловая імпрэза, якая адрозніваецца ад звычайнага рэпертуару, можна прыцягнуць праз фандрайзінг дадатковыя грошы. То бок, тут нармальна дзейнічаюць розныя фарматы і інстытуты падтрымкі культурніцкіх устаноў.

Акрамя таго, распавядае Аляксандр Чахоўскі, у еўрапейскіх тэатрах прынятая сістэма інтэнданцтва. Інтэндант — па сутнасці, менеджар, які цягам некалькіх сезонаў адказвае за актуальнасць рэпертуару і паспяховасць тэатру, за ягоную фінансавую і мастацкую стратэгію развіцця.

У нас жа сітуацыя зусім іншая: краіна знаходзіцца ў «жэстачайшым» крызісе, грошай крытычна не хапае і, калі ўлады шукаюць, на чым бы зэканоміць, то першай «адразаюць» культуру. А знайсці ахвотных яе падтрымаць усё цяжэй.

Адзін з вельмі ўдалых прыкладаў — Павел Латушка, які ў свой час на пасадзе дырэктара Купалаўскага тэатра здолеў, у многім, канешне, дзякуючы сваім ранейшым пасадам і досведу працы, згуртаваць вакол тэатру цэлае кола патронаў, вядомых беларускіх брэндаў. Таму тэатр дастаткова лёгка выконваў усе спушчаныя зверху планы.

Гэта, дарэчы, яшчэ адна з унутраных беларускіх асаблівасцяў: адной рукой даючы датацыі тэатрам, другой міністэрства культуры даводзіць планы — скажам, па ўзроўні наведвальнасці, па валютнай выручцы, колькасці гастроляў ды іншых паказчыках.

— У Беларусі шмат чаго засталося з савецкай сістэмы, — зазначае суразмоўца, — магчыма, гэтым тлумачацца раздзьмутыя штаты тэатраў, якія ніхто не спяшаецца скарачаць. Я некалі цікавіўся гэтым пытаннем: здавалася б, калі ў Вялікім тэатры, умоўна кажучы, тысяча супрацоўнікаў і сярэдні заробак у іх тысяча рублёў — можна аптымізаваць штат, скараціць колькасць да 700 і пераразмеркаваць грошы, каб павысіць заробкі.

Але не, аказваецца, гэта так не працуе: калі скарачаюцца штатныя адзінкі, то і бюджэт тэатру ўрэжуць. То яны і не напружваюцца — працуюць, выконваючы патрэбныя паказчыкі па сярэдняй запаўняльнасці заляў, атрымліваюць свае сярэднія заробкі. І такіх навязаных рамак і ўмоваў досыць многа.

— За мінулыя два гады мы бачылі, што ў любы момант у беларускіх тэатрах могуць звольніць вядучых артыстаў і змяніць дырэктара, прызначыць намеснікаў-ідэолагаў, адмяніць прэм’еру — але пры гэтым патрабаваць «даць тавар». Да чаго вядзе такое стаўленне?

— Яно існуе ўжо не першы год: рэжым робіць стаўку на тое, што дзяржаўныя ўстановы культуры мусяць прасоўваць дзяржаўную ідэалогію. І тэатры ў гэтым шэрагу стаяць далёка не першымі. Ёсць «знакавыя падзеі», кшталту «Славянскага базару», Александрыі, усякія Дні горада, на якія насамрэч выдаткоўваюцца шалёныя грошы, ёсць менш важныя кірункі — але тэатр, на жаль, у падвале ўсяго, чаго толькі можна.

Развіццё інстытуту мецэнацтва, спалучэнне дзяржаўнай падтрымкі і падтрымкі розных культурніцкіх фондаў і інстытуцый, якія прасоўвалі б розныя тэатральныя пастаноўкі, фестывалі, наогул, разуменне таго, як мусіць развівацца культура, магло б спрацаваць у краіне з нармальнай эканамічнай і палітычнай сітуацыяй. Але паколькі гэтага няма, то ўсё ляціць літаральна ў тартарары.

Да чаго гэта можа прывесці? Многія таленавітыя людзі будуць сыходзіць з прафесіі і з’язджаць з краіны, у тэатрах пачнецца вельмі сур’ёзны крызіс (па вялікім рахунку, ён і так ужо ёсць, але сітуацыя пагоршыцца).

Так, хтосьці будзе барахтацца, біць лапкамі, як жабка ў смятане, спадзеючыся збіць масла. Але многія, каб адбіць выдаткі на падрыхтоўку і прамоцыю новых спектакляў, ды яшчэ зарабіць, пойдуць па шляху паніжэння якасці рэпертуару.

Людзі будуць галасаваць рублём за што-небудзь лёгкае, ненапружнае кшталту камедыі палажэнняў, а вось сур’ёзная драма можа наогул знікнуць у беларускіх тэатрах. Цяпер у прынцыпе цяжка ўздымаць у спектаклях любыя сацыяльныя праблемы, а будзе яшчэ цяжэй.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(10)