Чатыры беларускія ініцыятывы аб’ядналіся ў «Службу хуткай гуманітарнай дапамогі»

Беларусы стварылі службу хуткай гуманітарнай дапамогі. Пра гэта распавёў сузаснавальнік ініцыятывы BYSOL, праваабаронца Андрэй Стрыжак на Першым беларуска-амерыканскім бізнес-форуме, што адбыўся днямі ў  Вашынгтоне.

Свае высілкі аб’ядналі чатыры арганізацыі — ініцыятывы салідарнасці BYSOL, BY_help, праваабарончы праект Dissidentby і фонд «Краіна для жыцця».

У чым сутнасць і што зменіцца? Падтрымка рэпрэсаваных беларусаў, як разлічваюць актывісты, стане больш аператыўнай і адчувальнай, нават ва ўмовах абмежаванасці фінансаў, а прадстаўнікам беларускай гуманітарнай супольнасці «адным голасам», а не чатырма рознымі, стане лягчэй наладжваць стасункі з партнёрамі.

«Нашы арганізацыі паўсталі ў розныя часы і ў розных умовах, але гэта не замінае нам мець агульную мэту — падтрымка пацярпелых ад рэпрэсій і салідарнасць з імі. Мы даводзім, што ў стане дамаўляцца, каб дасягнуць агульнай мэты», — напісаў Андрэй Стрыжак.

Паводле Стрыжака, падобнага аб’яднання раней не было, таму гаворка пра «беспрэцэдэнтную каардынацыю».

— Навошта аб’ядноўваць высілкі? Так здарылася, што мы ўжо некаторы час працуем разам, і выявілася, што нашыя абшары экспертызы дапаўняюць адзін аднаго, а не перасякаюцца. А раз дапаўняюць, то ўсё адно пацярпелыя прыдуць да кожнага з нас, — дадаў кіраўнік ініцыятывы BY_help Аляксей Лявончык. — Прасцей перадаваць кейсы адзін адному ў каардынацыі, і такім чынам забяспечыць максімальны ўзровень падтрымкі.

Аляксей Лявончык падкрэсліў таксама, што, нягледзячы на працяг беларускімі ўладамі рэпрэсій і ціску на салідарнасць беларусаў (толькі па «справе IneedHelpBY» за атрыманне прадуктовай дапамогі пад пераслед трапілі сама меней 287 чалавек, адбылося не менш як 100 судоў са штрафамі і «суткамі»), раскалоць гуманітарны сектар рэжыму не ўдаецца — «ён аб’яднаны і эфектыўны як ніколі».

І яшчэ адна добрая навіна пра беларускую салідарнасць: на сёння сабрана ўжо больш як €10 тысяч у падтрымку палітзняволеных беларусак — сама меней 20 жанчын, якія цяпер знаходзяцца за кратамі ў беларускіх вязніцах, а таксама іх сем’і, атрымаюць дапамогу. Збор працягнецца да 9 сакавіка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(17)