Чарнуха: «У Беларусі вырасла новае пакаленне, якое не ведае, хто такі Вольскі»

Журналіст і музычны крытык — пра тое, што адбываецца з беларускай культурай.

— З нагоды #ByCultureGlobal23 скажу толькі адно: усё вельмі кепска. Трэба рабіць так, каб не было. Тым і займаюся. І вы займайцеся, — піша Аляксандр Чарнуха.

Бо ў Беларусі вырасла новае пакаленне, якое не ведае, хто такі Вольскі.

Бо ў Беларусі тры дні запар Палац спорту збірае танны клон Лабады, а ў Варшаве на бясплатны канцэрт «Навібэнд» прыходзіць паўтары тысячы чалавек.

Бо беларусы крыўдзяцца на пасрэднага расійскага рэпера за тое, што ён не ўзгадаў іх на канцэрце. А потым радуюцца, як малыя дзеці, што ён напісаў пра іх у інстаграме.

Працягваць? Працягну.

Бо ў Беларусі дагэтуль моцная інфанагода, калі папулярны гурт запісаў песню па-беларуску.

Бо ў Беларусі амаль не засталося клубных канцэртных пляцовак, дзе могуць выступіць маладыя гурты (у Мінску іх дзве на двухмільённы горад).

Бо ў Беларусі працуе рэжым ультрацэнзуры, а за межамі Беларусі музыканты збіраюць сваё жыццё па аскепках.

Ну што вам яшчэ расказаць, каб вы зразумелі, наколькі ўсё кепска?

Што рабіць? Не забывайцеся на назвы, імёны і прозвішчы. Не шкадуйце свой час і грошы на сваіх жа людзей, якія праз кроў і пот пішуць і запісваюць музыку, бо не могуць па-іншаму. Любіце іх і шануйце, бо яны свае, родныя, і яны робяць Беларусь.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(51)