Общество
Віталіна Грахоўская, Еўрарадыё

Чаргінец зброю здаў, у Грыба забралі, а Шушкевіч часам бярэ з сабой пісталет

Беларусы кожны год добраахвотна здаюць больш за тысячу найменняў зброі. У мінскім метро з’явіліся аб’явы з заклікам здаваць зброю і боепрыпасы. “Запомнить всем: оружие — 100 проблем” — абвяшчае плакат. Еўрарадыё зацікавілася, наколькі эфектыўная гэтая акцыя, і аказалася, кожны год беларусы добраахвотна здаюць больш за тысячу найменняў зброі.

Усе, хто прынёс у міліцыю незаконную зброю, вызваляюцца ад адказнасці. Тым, хто здае законную зброю, прапаноўваюць нават грашовую кампенсацыю. Генералу міліцыі Мікалаю Чаргінцу давалі грошы за ягоны пісталет. Аднак ён адмовіўся.

Мікалай Чаргінец: “У мяне была асабістая зброя, пісталет. Ну і, вядома, службовая зброя ў мяне заўсёды была. Я з міністрам унутраных справаў Уладзімірам Навумавым, які здаў свой асабісты пісталет, зрабіў тое ж самае. Здаў сваю зброю і адмовіўся ад каменсацыі”.

Дарэчы міністр унутраных справаў паказальна здаў толькі адзін асабісты пісталет, пакінуўшы сабе яшчэ некалькі….

Як гаворыць Мікалай Чаргінец, асабістую зброю ён ніколі не выкарыстоўваў. А вось як яму дапамагаў службовы пісталет, узгадаў з задавальненнем:

“Операм працаваў. Быў выпадак, калі аднаго рабаўніка пераследаваў нават па даху высокага дома — васьміпавярховага ці дзевяціпавярховага на плошчы Якуба Коласа. Ён страляў у мяне. І я тады два разы выстраліў у паветра і сказаў: “Трэцяга выстралу ў паветра не будзе”. Здаўся”.

Цяпер у генерала Чаргінца няма зброі. Ён на вуліцах Мінску адчувае сябе бяспечна. А вось былы старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч часам кладзе ў кішэню пісталет, які пасля заканчэння службы выкупіў у дзяржавы, і ні за што не пагаджаецца яго здаваць:

“У мяне і цяпер ёсць зброя. У мяне афіцыйны дазвол. І колькі ў мяне ні хацелі забраць зброю, не забралі. Я захоўваю яе належным чынам. Ну, калі я куды-небудзь еду, можа, магу ўзяць у кішэню. Тады сябе неяк упэўнена адчуваеш”.

А вось генерал міліцыі і былы старшыня Вярхоўнага Савета Мечыслаў Грыб сваю зброю здаў. Хаця і не зусім добраахвотна.

Мечыслаў Грыб: “У мяне было шмат зброі. Я займаўся паляваннем. Але потым, калі я пайшоў у апазіцыю, мне прапанавалі здаць гэтую зброю для адстрэлу. Гэта робіцца для таго, каб, калі здзейснена злачынства, можна было вызначыць, маю я дачыненне да гэтага злачынства ці не. Дык яны ў мяне ўзялі, а назад не аддалі”.

Сёння спадар Грыб ужо не надта шкадуе пра адсутнасць зброі:

Мечыслаў Грыб: “Ай! Даўно я ўжо плюнуў на гэтую зброю. Я прыйшоў да высновы, што яна не дапаможа. Толькі адны клопаты з гэтай зброяй. Таму што калі носіш асабісты пісталет, то заўсёды баішся, каб ён выпадкова не выстраліў. Трэба яго трымаць на засцерагальніку, патроны ўсе ў магазіне — не ў патронніку. І потым для таго, каб яго прымяніць, трэба яго дастаць, зняць з засцерагальніка, паставіць патроны ў патроннік. Гэта ідзе пэўны час, за які ты можаш яго і не прымяніць”.

Па словах выканаўцы абавязкаў начальніка прэс-службы Міністэрства ўнутраных справаў Канстанціна Шалькевіча, у сярэднім кожны дзень беларусы здаюць чатыры адзінкі зброі:

“У 2007 годзе добраахвотна здадзена незарэгістраванай зброі 1313 адзінак. З іх агнястрэльнай — 1128. І боепрыпасы — добраахвотна здадзена больш 213 тысячаў”.

ДАСЬЕ ЕЎРАРАДЫЁ:

Крымінальная адказнасць за незаконнае захаванне зброі — штраф альбо арэшт ці пазбаўленне волі на тэрмін ад шасці месяцаў да дванаццаці год. Тыя, хто дабравольна здаў зброю, пазбаўляюцца ад адказнасці. Таму калі калі ў вас з’явілася жаданне здаць схаваны пад матрацам пісталет, званіце па тэлефонах гарачай лініі Міністэрства ўнутраных справаў: 218-73-56б, 218-77-24 ці 218-75-82.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(38)