Чаму я не паставіў подпіс за дзеючага прэзідэнта

Грамадскі актывіст з Калінкавіч Дзяніс Рабянок даслаў ліст у «Народную волю» са спісам прэтэнзій да Аляксандра Лукашэнкі.

«Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў праўладныя афіцыёзныя СМІ перапоўнены ўхвальнымі матэрыяламі на адрас рэжыму Лукашэнкі. Прычым панегірыкі ў падтрымку ўлад выдаюць і Беларускае тэлебачанне, і радыё, і друкаваныя выданні. Не адстаюць у гэтай справе таксама і рэгіянальныя дзяржаўныя газеты.

Напрыклад, возьмем №117 нашай мясцовай газеты “Калінкавіцкія навіны” (ад 19 кастрычніка 2010 года). На першай старонцы пад набраным вялікімі літарамі загалоўкам “Почему я ставлю подпись за действующего президента?” чытачы могуць прачытаць меркаванні жыхароў Калінкавіч наконт таго, чаму яны сваім подпісам падтрымалі вылучэнне Аляксандра Лукашэнкі на чарговы прэзідэнцкі тэрмін.

Зразумела, што супрацьлеглага пункту гледжання вы ні ў гэтым, ні ў іншых нумарах раёнкі не знойдзеце, бо ў Беларусі ёсць толькі адзін палітык, які да таго ж “крышку вышэй за Бога”.

Увогуле, сукупнасць такіх вось “одобрямс” стварае карціну як быццам усеагульнай падтрымкі сістэмы. Ну поўнае дэжавю з савецкім мінулым. Толькі раней казалі пра адзінства камуністаў і беспартыйных, а зараз лукашэнкаўскія ідэолагі пераконваюць у “сплоченности всех слоев и групп населения” ў сваім жаданні падтрымаць Аляксандра Лукашэнку на выбарах.

Таму я, як грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які адмоўна ставіцца да чарговага вылучэння Аляксандра Лукашэнкі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты, хачу праз любімую “Народную Волю” распавесці жыхарам Калінкавіч, а таксама і ўсёй Беларусі,

1. За час знаходжання Аляксандра Лукашэнкі на пасадзе прэзідэнта насельніцтва Беларусі (па даных праведзенага ў мінулым годзе агульнарэспубліканскага перапісу) зменшылася амаль на 500.000 чалавек! Алкагалізацыя нацыі дасягнула крытычнай рысы, за якой пачынаюцца працэсы дэградацыі і выраджэння.

2. За час знаходжання Аляксандра Лукашэнкі на пасадзе прэзідэнта быў адменены цэлы шэраг ільгот і сацыяльных гарантый (на праезд у гарадскім транспарце, на аплату лекаў і зубапратэзаванне, на бясплатнае аздараўленне і г.д.). Была ўведзена плата за карыстанне падручнікамі ў агульнаадукацыйных сярэдніх школах, значна скарацілася колькасць бюджэтных (бясплатных) месцаў у дзяржаўных ВНУ.

3. За час знаходжання Аляксандра Лукашэнкі на пасадзе прэзідэнта значная частка дзяржаўнага бюджэту была выдаткавана на рэалізацыю сумніўных і выключна іміджавых для дзеючага кіраўніка дзяржавы праектаў. Напрыклад, масавае будаўніцтва лядовых палацаў ці арганізацыя за кошт сродкаў дзяржбюджэту фестываляў і святаў, якія прапагандуюць нізкапробнае музычнае мастацтва (як кажа народ — папсу). І гэта ў той час, як у Калінкавічах больш за 100 будынкаў маюць прапушчаныя тэрміны капітальнага рамонту! (Думаю, што сітуацыя з капітальным рамонтам жылля ў іншых рэгіёнах стаіць таксама вельмі востра.)

4. За час знаходжання Аляксандра Лукашэнкі на пасадзе прэзідэнта павялічыўся бюракратычны апарат, былі створаны шматлікія кантралюючыя органы і новыя спецслужбы, на ўтрыманне і тэхнічнае забеспячэнне якіх трацяцца велізарныя сродкі. Але эфектыўнасць іх працы па барацьбе з крымінальнымі злачынствамі застаецца даволі нізкай. Інакш чым можна патлумачыць факт, што банды “марозаўцаў” і “пажарнікаў” свабодна дзейнічалі больш за 10 год?

5. За час знаходжання Аляксандра Лукашэнкі на пасадзе прэзідэнта было распрацавана і ўведзена несправядлівае і дыскрымінацыйнае заканадаўства аб пенсіённым забеспячэнні. Для большай колькасці насельніцтва быў уведзены так званы максімальны каэфіцыент, у выніку чаго людзі, якія адпрацавалі дзясяткі гадоў на вытворчасці і ў сельскай гаспадарцы, у медыцыне і адукацыі, атрымліваюць пенсію ў некалькі разоў меншую, чым дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, чыноўнікі, міліцыянеры, супрацоўнікі КДБ і іншыя “элітныя” катэгорыі, пра якія так клапоціцца Аляксандр Лукашэнка.

6. За час знаходжання Аляксандра Лукашэнкі на пасадзе прэзідэнта быў фактычна замацаваны курс на замоўчванне і апраўданне сталінскіх злачынстваў, былі перапісаны падручнікі па гуманітарных дысцыплінах, з праграм па літаратуры па палітычных прычынах былі выкінуты высокамастацкія творы знакамітых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. А “рэформы” ў гістарычнай навуцы прывялі да таго, што беларускім школьнікам прапануюць браць прыклад з сумнавядомага Мураўёва-вешальніка, на чыім сумленні тысячы і тысячы жыццяў беларускіх патрыётаў — удзельнікаў паўстання 1863—1864 гадоў на чале з нацыянальным героем Беларусі Кастусём Каліноўскім.

Зразумела, што спіс гэты можна доўжыць і доўжыць, бо за час свайго панавання рэжым Лукашэнкі нагрувасціў столькі, што дэмакратычнаму прэзідэнту і ўраду прыйдзецца разбірацца з цяжкай спадчынай дыктатуры не адзін год.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)