Общество
Наста Манцэвіч, «Еўрарадыё»

Чаму ўсё больш беларусак нараджаюць за мяжой?

У мінскія ЗАГСы штодня прыходзяць бацькі, якія ездзяць нараджаць за мяжу. Самыя папулярныя краіны: Італія, Галандыя, ЗША…

– Дамашнія роды ў нас адразу адпалі, засталіся роды ў радзільні… Але пра кожную радзільню ходзяць самыя страшныя байкі… – расказвае мінчанка Вольга. Яна нарадзіла сваю дачку ў Беларусі. Але наступных дзяцей хоча нараджаць выключна за мяжой.

Дзіця, якое нарадзілі грамадзяне Беларусі за мяжой, аўтаматычна атрымлівае беларускае грамадзянства. І калі бацькі вяртаюцца ў Беларусь, яны могуць звярнуцца ў ЗАГС і паставіць штамп пра рэгістрацыю нараджэння.

Так, у ЗАГС Завадскога раёну за апошні месяц прыйшло 5 чалавек.

ЗАГС Завадскога раёна: “У Італіі вельмі шмат дзяцей нараджаецца. ЗША і Італія – у асноўным. За месяц у нас было 2 “італьянцы”, 2 – ЗША, і адзін – з Францыі”.

У ЗАГС Партызанскага раёну штампы пра рэгістрацыю нараджэння за мяжой ставяць увогуле кожны дзень!

ЗАГС Партызанскага раёна: “Кожны дзень па адным чалавеку, а тое і двое. Кожны дзень хтосьці прыходзіць”.

Беларускі нараджаюць у абсалютна розных краінах. Тэндэнцыя – нарастаючая, кажуць у ЗАГСе Ленінскага раёна. За год, каб паставіць штамп аб рэгістрацыі нараджэння, сюды прыйшло 39 чалавек.

ЗАГС Ленінскага раёна: “Краіны розныя – Турцыя, ЗША, Галандыя, Італія… Усё, што хочаце! За гэты год прыйшло 39 чалавек. Але гэта тыя, якія прыйшлі. Якія нарадзілі там, а сюды ўжо прыходзяць ставіць штамп пра рэгістрацыю нараджэння”.

Наша суразмоўца, маладая маці Вольга, таксама плануе нараджаць наступнае дзіця за мяжой. За мяжой роды – больш творчы працэс, а тут – тэхнічны, кажа дзяўчына.

Вольга: “Я б хацела трох-чатырох дзяцей. А нараджаць іх у Беларусі вельмі цяжка. Калі параўноўваць роды ў Беларусі і за межамі, то там больш інфармацыі. За мяжой больш магчымасцяў, ёсць выбар, альтэрнатыва, магчымасць прывесці з сабой маці ці мужа… Ты можаш выбраць, якія стасункі будуць у цябе з дзіцёнкам – ці прыкладзеш ты яго адразу да грудзі і паглядзіш у вочы…

За мяжой вельмі шмат месцаў, якія імітуюць хатнія роды – хатняя абстаноўка, ніякіх страшных рэчаў, яркіх лямп, ніякай страшнай кафлі, якая бывае ў бальніцах…”

Вольга кажа, што зайздросціць мамам, якім адразу пасля родаў паклалі дзіця на грудзі.

– На курсах кажуць, што пасля родаў дзіця абавязкова прыкладваюць да мамінай грудзі. А насамрэч гэтага не адбылося. І гэта было для мяне вельмі крыўдна, бо гэта вельмі важны момант у станаўленні далейшых адносінаў мамы і дзіцяці… Дзіцёнка паклалі на стол, і яна там плакала-плакала. І гэта было вельмі непрыемна, і псавала гэтае ўражанне ад гэтага свята – родаў.

Магчыма, што некаторыя маці едуць нараджаць за мяжу, каб дзяця адразу атрымала грамадзянства іншай краіны. Так, у Аргенціне, Бразіліі, Венесуэле, Ганконгу, Канадзе, Мексіцы, Перу, ЗША – грамадзянства даецца па праве зямлі. То бок нараджэнне дзіцяці на тэрыторыі гэтай краіны аўтаматычна робіць яго яе грамадзянінам.

У Беларусі такога правіла няма, тлумачаць Еўрарадыё ў консульскім упраўленні МЗС.

– У нас няма такога паняцця, што дзяця становіцца грамадзянінам Беларусі, калі нарадзілася на тэрыторыі Беларусі. Трэба абавязкова, каб адзін з бацькоў быў грамадзянінам Рэспублікі Беларусь.

Дарэчы, у 2010 годзе ў Беларусі нарадзілася 108 тысяч дзяцей.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)