Общество
Арцём Мартыновіч, Еўрарадыё, фота Радыё Свабода

Чаму ў Мінску знялі рэкламныя плакаты «ма-ма=мо-ва»?

Мінкульт, які замовіў рэкламу мовы, сам здзіўлены яе знікненнем.

У пачатку Новага году Асацыяцыя Рэкламных Арганізацый на замову Міністэрства культуры развесіла па краіне плакаты з рэкламай беларускай мовы. Білборды пратрымаліся каля 10 дзён, расказвае старшыня асацыяцыі Ігар Самкін:

— 90 прац з першых дзён году былі размешчаныя па ўсёй краіне, у тым ліку ў горадзе Мінску. А на выхадных мне стала вядома, што паводле рашэння асобы ці групаў асобаў было прапанавана гэтыя працы зняць. Пакуль гаворка ідзе пра “ма-ма=мо-ва” і пра горад Мінск.

Хаця, згодна са словамі Ігара Самкіна, Мінгарвыканкам зацвердзіў гэтыя плакаты. Правісець яны мусілі хаця б паўгода.

Акрамя рэкламы “ма-ма=мо-ва. Любіш маму?” на білбордах з’явіліся цыклы прац “Маё першае слова”. Гэты варыянт яшчэ можна бачыць у Мінску.

Гэта была не першая спроба размясціць такія білборды. Летась плакаты таксама знялі без афіцыйных пацверджанняў.

— Спроба пяра была не зусім удалая, бо на змену “Купляйце беларускае” мы прапанавалі праект “Беларускае — самае маё”. Гэтую рэкламу было прапанавана зняць, з невядомай прычыны”, — тлумачыць Ігар Самкін.

У Мінкульце, які выступаў заказчыкам праекту, здзіўляюцца, што рэкламу знялі. Там не могуць патлумачыць Еўрарадыё прычыну…

— Вядома, што гэта сацыяльная рэклама, мы яе замаўлялі. Але не бачылі, каб яе знялі. Вы мяне здзівілі, — шчыра здзіўляюцца ў міністэрстве.

У Мінгарвыканкаме, які ставіў станоўчыя штампікі з узгадненнем, таксама не могуць сказаць, чаму рэклама знікла:

— Ніякай інфармацыі па гэтым пытанні. Не ў курсе, што адбываецца.

Правяраем, што ж павесілі замест рэкламы мовы. На прыпынку "Гасцініца “Спадарожнік” па праспекце Незалежнасці, дзе яшчэ нядаўна вісеў плакат “ма-ма=мо-ва” — цяпер плакат ад Міністэрства па надзвычайных сітуацыях на рускай мове.

Білборд на прыпынку гасцініца "Спадарожнік"

У кампаніі “Бігборд”, якой належыць гэтая рэкламная пляцоўка, Еўрарадыё сказалі загадкавае: “Замянілі іншай сацыяльнай рэкламай”. Без удакладненняў, хто так вырашыў.

“Ма-му=мо-ву” каля Акадэміі навук замянілі на экалагічную рэкламу сартыроўкі смецця.

Білборд каля Акадэміі навук

Дарэчы, у інтэрнэце выказвалася шмат крытыкі на адрас такой рэкламы. Нават такія эпітэты: “трэшава-сентыментальная” і лепш “ніякага клопату, чым такі”.

Можа і дагрукаліся да ўладаў гораду: цяпер маем антытытунь і экалогію.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)