Политика
Алег Грузьдзіловіч, ”Радыё Свабода”

Чаму ў Беларусі галадаюць?

Апазыцыйны палітык Сяргей Скрабец і яго брат Аляксандр пачалі галадоўку з патрабаваньнем вызваленьня палітвязьняў. Чаму галадоўка лічыцца дзейнай формай пратэсту ў сучаснай Беларусі?

Сяргей і Аляксандр Скрабцы патрабуюць вызваленьня Аляксандра Казуліна, Сяргея Парсюкевіча і Андрэя Кіма. Чаму менавіта галадоўку яны абралі, каб падмацаваць свае патрабаваньні? Сяргей Скрабец тлумачыць: у сёньняшніх палітычных умовах у Беларусі — гэта адзіная магчымасьць падштурхнуць да салідарнасьці з палітвязьнямі. Сяргей Скрабец кажа, што акцыя найперш разьлічаная на водгук у грамадзтве. І вось чаму:

“Якая будзе рэакцыя ўладаў? Хутчэй за ўсё, ніякай. Але мы будзем галадаваць, пакуль хопіць сілаў, пакуль ня выканаюць нашыя ўмовы”.

Сяргей Скрабец галадае ўжо пяты раз. Самую працяглую — 25 дзён — ён трымаў у 2006 годзе разам з Аляксандрам Казуліным у віцебскай калёніі. Сам Казулін тады галадаваў 53 дні і дамогся, каб пытаньне пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі ўзьнялі ў Радзе бясьпекі ААН. Гэта зрабіла дэлегацыя ЗША. А вось улады Беларусі тады ня выканалі ніводнага патрабаваньня.

Наколькі небясьпечная галадоўка для здароўя? Прадпрымальнік Валер Леванеўскі, які адбыў два гады ў беларускіх турмах, таксама галадаваў некалькі разоў.

“Можа зьявіцца гіпэртанія, хвароба сэрца, страўніка — у каго як. Але адназначна, што галадоўка нават звыш 5-6 дзён небясьпечная для здароўя і нават жыцьця”.

Дык ці не дарэмна апазыцыянэры губяць сваё здароўе у галадоўках? Алег Гулак зь Беларускага Хэльсынскага камітэту згадвае: пазалетась вернікі царквы “Новае жыцьцё” масавай галадоўкай абаранілі сваё памяшканьне. Але гэта выключэньне ў пляне эфэктыўнасьці, — мяркуе праваабаронца. Частыя ж галадоўкі ён найперш лічыць паказчыкам стану з грамадзянскімі правамі ў краіне.

“Добра яшчэ, што не дайшло да крайніх наступстваў. Але галадуюць усё часьцей. Гэта сьведчыць пра тое, што ў людзей няма іншых захадаў, каб вырашаць праблему як толькі гэтак рызыкаваць жыцьцём”.

У беларускіх турмах галадоўкі абвяшчаюць ня толькі палітвязьні. Шмат асуджаных гэтак дамагаюцца перагляду прысудаў, якія лічаць несправядлівымі. Другі тыдзень, напрыклад, у Гомельскай калёніі галадуе прадпрымальніца Святлана Дваранінава, якая дамагаецца адмены прысуду.

У адной зь беларускіх калёній абвясьціў галадоўку расейскі грамадзянін Мікалай Костышаў. Вязень таксама лічыць сваю справу сфабрыкаванай.

“Хай разьбярэцца незалежны суд у Расеі”, — напісаў Мікалай Костышаў у лісьце да расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна. Літаральна ўчора ў Полацку спыніла галадоўку прадпрымальніца Яўгенія Бачурная, якую судзяць нібыта за невяртаньне крэдыту. Яўгенія Бачурная віны не прызнае. Жанчына галадавала болей за два тыдні і дамаглася, што яе брата і мужа тэрмінова дапыталі ў якасьці сьведак. Кажа Юры Бачурны.

“Яна схуднела жахліва. І блага ёй было там у судзе, але яна дамаглася свайго. Сёньня я прысутнічаў на працэсе і рабіў запісы”.

Жанчына заяўляе — справу нібыта сфабрыкавала міліцыя і спрабуе даказаць гэта судзьдзям.

Масавыя галадоўкі ў Беларусі маюць палітычны характар. Нагадаю некаторыя зь іх. У 1995-ым годзе дэпутаты Вярхоўнага Савета ад апазыцыі БНФ пачалі галадоўку пратэсту супраць рэфэрэндуму аб зьмене дзяржаўнай сымболікі і наданьня дзяржаўнага статусу расейскай мовы. Тая галадоўка была гвалтоўна спынена спэцслужбамі.

Праз 9 год дэпутаты Сяргей Скрабец, Валер Фралоў і Уладзімер Парфяновіч адважыліся на галадоўку, патрабуючы дэмакратызацыі выбарчых законаў. У 2006 годзе каля дваццаці актывістаў “Маладога фронту” наладзілі галадоўку ў Салігорску, пратэстуючы супраць рэпрэсіяў і за вызваленьне палітвязьняў.

Найбольш працяглую галадоўку — 74 дні — трымаў у 2005 годзе прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч, які пратэставаў супраць незаконнага судовага перасьледу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)