Чаму пагрозы беларускіх ваенных збіваць грамадзянскія самалёты трэба ўспрымаць сур’ёзна
Тлумачым на прыкладзе трагедыі, што здарылася пад Бярозай у 1995-м.
Намеснік камандуючага Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Леанід Давідовіч заявіў, што падчас выбараў у 2025-м супраць Беларусі могуць быць задзейнічаныя правакацыі. У тым ліку і ў паветранай прасторы краіны.
Паводле начальніка вайсковай авіяцыі, беларускі бок гатовы да такога сцэнару. Нават, калі давядзецца ўжыць зброю па грамадзянскім самалёце, які заляціць на нашу тэрыторыю:
— Гэта сцэнар, які абкатваўся ўжо неаднаразова. З наступнымі абвінавачваннямі ў забойстве мірных грамадзян, мірных пасажыраў, якія выпадкова заблукалі. Бо гэтыя сцэнары нам вядомыя. Мы пра іх ведаем, мы рыхтуемся да такіх правакацый.
Гэтым разам «Салiдарнасць» прыгадае гісторыю, якая пераканаўча сведчыць пра тое, што такія заявы беларускіх ваенных начальнікаў варта ўспрымаць максімальна сур’ёзна.
12 верасня 1995 года ў ваколіцах Бярозы вайсковы верталёт Мі-24 расстраляў 12,7-міліметровымі кулямі паветраны шар D-Caribbean, які ўдзельнічаў у найстарэйшай сустветнай гонцы паветраплавальнікаў на кубак Гордана Бенета.
Шарам кіравалі грамадзяне ЗША 55-гадовы Алан Фрэнкель і 68-гадовы Джон Сцюарт-Джэрвіс. У выніку падзення з двухкіламетровай вышыні спартоўцы-экстрэмалы загінулі.
Услед за D-Caribbean на тэрыторыю Беларусі заляцелі яшчэ два амерыканскія экіпажы, якія ў выніку вымушана прызямліліся.
Дэвід Левін і Марк Саліван селі пад Ваўкавыскам з-за пагаршэння надвор’я. А вось пілотам Майклу Уолесу і Кевіну Брыльману давялося сядаць непадалёк ад Давыд-Гарадка па загаду экіпажа беларускага вайсковага верталёта. Два дні яны правялі ў аддзяленні міліцыі, а пры выездзе з Беларусі іх аштрафавалі за знаходжанне на тэрыторыі краіны без візы.
На той момант яны ўжо паўдзельнічалі ў працэдуры апазнання целаў загінулых пілотаў шара D-Caribbean.
Выжыў над Міжземным морам, загінуў пад Бярозай
Колькі словаў пра загінулых. Джон Сцюарт-Джэрвіс — брытанец, колішні ваенны лётчык. У 1943-м 15-гадовым юнаком запісаўся на флот, занізіўшы свой узрост. Пасля вайны застаўся ў войску, служыў пілотам знішчальніка на авіяносцы. У часе Суэцкага крызісу быў збіты над Міжземным морам.
У 1968-м перабраўся з жонкай у ЗША. Ваяваў у часе канфлікта ў Малайзіі. Пасля войска пераключыўся на грамадзянскую авіяцыю, а пазней захапіўся паветраплаваннем.
Алан Фрэнкель, як і ягоны калега, пачынаў з ваенна-марской авіяцыі, а потым амаль тры дзясяцігоддзі адлятаў у якасці старшага пілота на трансатлантычных лайнерах з ЗША ў Еўропу.
Захапіўся паветраплаваннем у пачатку 1980-х. Лічыўся добрым знаўцам розных тыпаў аэрастатаў. Быў сталым удзельнікам міжнародных спаборніцтваў.
Па словах родных, Фрэнкель вельмі грунтоўна рыхтаваўся да палётаў, шмат увагі надаваў пытанням бяспекі. Ён, як і ягоны старэйшы калега, марыў праляцець над Беларуссю — краінай, якая яшчэ нядаўна была пад Расіяй.
Тры хвіліны на прыняцце смяртэльнага рашэння
Шар, якім кіравалі Фрэнкель і Сцюарт, перасёк мяжу Польшчы і Беларусі ў 8:30 раніцы паводле беларускага часу. Праз гадзіну яго заўважылі памежнікі, інфармацыя пра неапазнаны паветраны аб’ект была перададзеная войскам супрацьпаветранай абароны.
Калі шар дасягнуў тэрыторыі ваеннага аэрадрома ў ваколіцах Бярозы, у паветра паднялі Мі-24. Верталёт наблізіўся да аэрастата ў 11.49, а ўжо праз тры хвіліны прагучалі першыя стрэлы. У 11.54 у шар выпусцілі яшчэ адну чаргу.
У справаздачы Міждзяржаўнага авіяцыйнага камітэта СНД, які праводзіў расследаванне пры ўдзеле экспертаў з Германіі і ЗША, гаворыцца, што беларускія ваенныя прынялі паветраны шар за польскі метэазонд. Гэта вынікае з расшыфровак перамоваў экіпажа Mі-24 з камандуючым войскамі СПА.
Тагачасны начальнік аддзела аператыўнага рэагавання Савета бяспекі Юрый Сівакоў 14 верасня правёў прэс-канферэнцыю, на якой паведаміў, што пілоты шара на момант інцыдэнта маглі спаць, альбо знаходзіліся ў непрытомным стане з-за дэфіцыту кісларода. А таму і не выйшлі на сувязь з экіпажам верталёта.
Сівакоў заявіў тады, што вайскоўцы дзейнічалі згодна інструкцыі.
Аб’ект быў збіты непадалёк ад дыслакацыі часцей ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння, гаварылася ў афіцыйнай заяве беларускіх уладаў у верасні 1995-га. У 2019-м Сівакоў у каментары «Настоящему времени» пацвердзіў гэтую версію.
Па яго словах, ваенныя меркавалі, што ў гандоле магло быць «што заўгодна». Да такой высновы яны прыйшлі таму, што «побач знаходзілася авіябаза ды іншыя ваенныя аб’екты».
Хто аддаў загад страляць
Журналіст Васіль Зданюк, які на той момант быў карэспандэнтам маскоўскага «Военного журнала», у той дзень прыехаў да камандуючага супрацьпаветранымі войскамі генерала Валерыя Кастэнкі, каб пагутарыць з ім пра стварэнне адзінай беларуска-расійскай сістэмы СПА.
Падчас гутаркі патэлефанаваў аператыўны дзяжурны войскаў і паведаміў пра неапазнаны паветраны аб’ект, які не адказвае на запыты і набліжаецца да ваеннага аэрадрома.
Кастэнка акурат у гэты момант расказваў пра праблему метэазондаў, з якімі ваенным часта даводзілася мець справу. Ён загадаў падняць у паветра верталёт і пасля кароткай справаздачы экпіжа даў загад збіць шар.
Зданюк у сваіх інтэрв’ю выказвае думку, што ваенныя, пачынаючы з Кастэнкі, дзейнічалі паводле інструкцыі. Але пры гэтым ён падкрэслівае, што генерал меў магчымасць пачакаць яшчэ. Маўляў, хутка з’явіліся б іншыя шары і рашэнне ваенных было б зусім іншым.
У 2010-м на прэс-канферэнцыі для расійскіх журналістаў Аляксандр Лукашэнка нечакана прыгадаў трагедыю пад Бярозай. Ён расказаў, што быў тады з візітам у Малдове:
— Мне в режиме реального время докладывают. Я говорю: еще раз проверяйте. «Александр Григорьевич, подлетели боевые вертолеты, обнаружить не могут, что там творится. Шары, и все, висит корзина, запрашиваем, никто не отвечает. Давайте командуйте». Я говорю: уничтожить. А там несколько человек погибли. Скандал. Лукашенко американцев застрелил. А мы все сделали по мировым стандартам. Никто не ответил.
Вынікі расследавання: памылкі дапусцілі ўсе бакі
Расследаванне МАК прыйшло да высновы, што да трагедыі прывялі дзеянні як беларускіх ваенных, так і арганізатараў спаборніцтваў.
Паводле справаздачы камітэта паветраны шар D-Caribbean нібыта не меў апазнавальных знакаў, а экіпаж не выходзіў на сувязь з беларускімі ваеннымі і не рэагаваў на набліжэнне верталёта.
Даследаванне целаў загінулых выявіла, што пілоты на момант здарэння былі знясіленыя трохдзённым палётам. І не выключана, што яны насамрэч маглі спаць, альбо быць непрытомнымі ў момант атакі верталёта.
Заўважым, што беларускія ўлады, Лукашэнка ў тым ліку, распаўсюджвалі версію пра тое, што пілоты маглі быць ужо нежывымі на момант падзення гандолы з вышыні двух кіламетраў ад недахопу кісларода і пераахалоджвання.
Расследаванне выявіла таксама, што арганізатары загадзя даслалі запыт у Беларусь з мэтай атрымаць дазвол на пралёт над краінай у часе спаборніцтваў, але не да канца выканалі патрабаванне беларускага боку паведаміць падрабязныя звесткі пра аэрастаты і план іх палёта.
У выніку ў крытычны момант памежнікі і аператары СПА не мелі неабходнай інфармацыі пра магчымы пралёт замежных паветраных шароў над тэрыторыяй Беларусі.
Важная выснова расследавання: выявілася, што ў Беларусі на той момант не было дакладных інструкцый па ідэнтыфікацыі паветраных шароў. Ваенныя прынялі шар амерыканцаў за беспілотны аб’ект.
Фактычна, такія аб’екты перахопліваліся паводле тых самых правілаў, што і самалёты. З-за чаго з’яўлялася верагоднасць неапраўданага прымянення зброі.
У справаздачы камісіі гаварылася, што трагедыю пад Бярозай важна не толькі расследаваць, але і зрабіць адпаведныя высновы, а таксама выпрацаваць неабходныя меры, каб пазбегнуць падобных інцыдэнтаў у будучыні.
Пра што гаварылі крытыкі афіцыйнай версіі
Міжнародная федэрацыя паветраплавальнікаў раскрытыкавала справаздачу МАК. Паводле яе контраргументаў, шар D-Caribbean меў неабходныя апазнавальныя знакі, што пацвердзілі як вытворца шара, так і ўдзельнікі гонкі.
За некалькі гадзін да трагедыі пілоты збітага шара выходзілі на сувязь з калегамі. Пры гэтым іх галасы гучалі бадзёра, Фрэнкель і Сцюарт былі аптымістычна настроеныя. Гэта давала нагоду крытыкам расследавання выказаць меркаванне, што загінулыя пілоты не спалі і мелі спраўную радыёсувязь.
Акрамя таго, у прадстаўнікоў федэрацыі выклікала пытанне паспешлівасць ваенных, якія ўжо праз тры хвіліны пасля ўсталявання візуальнага кантакта адкрылі агонь, не паспрабаваўшы больш грунтоўна даследаваць шар.
«Фарс і здзек»
Беларускія ўлады афіцыйна паведамілі пра трагедыю толькі на наступны дзень. Гэта выклікала негатыўную рэакцыю Вашынгтона. Прадстаўнік Дзярждэпа Нікалас Берн назваў расстрэл шара абсалютна неапраўданым дзеяннем і запатрабаваў поўнага расследавання з боку беларускага ўраду.
Ён назваў фарсам і здзекам з грамадзян ЗША штрафы за адсутнасць візаў у пілотаў прымусова пасаджанага шара.
Дзяржаўная камісія была створаная, але яна так і не патлумачыла, ці была неабходнасць збіваць паветраны шар. Гэта дала нагоду заходняй прэсе абвінаваціць беларускіх вайскоўцаў у непрафесіяналізме.
Афіцыйны Мінск выказаў шкадаванне з нагоды надзвычайнага здарэння, але так і не прынёс афіцыйныя прабачэнні. Як і не прынёс прабачэнні родным загінулых.
У першую гадавіну трагедыі непадалёк ад месца падзення шара бярозаўскія актывісты паставілі памятны камень з надпісам «Прабачце».
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное