Филин

Сяргей Васілеўскі

Чаму Лукашэнка можа раздзяліць лёс Назарбаева і Туркменбашы

Гісторык Аляксандр Пашкевіч патлумачыў Филину, чым можа скончыцца спроба перапісаць гісторыію «пад сябе».

Улады ўвесь час кажуць: «Не дамо перапісаць гісторыю». Выглядае па ўсім, што правільнай яны лічаць савецкую гісторыю. Але што мы бачым: з’явіўся тэрмін «генацыд беларускага народа», які не меў шырокага распаўсюду ў часы СССР, пракуратура дзясяткамі знаходзіць месцы, дзе беларусы, на думку следчых, падвяргаліся генацыду. Як зразумець гэты парадокс — ці то ў савецкі час гісторыкі не дапрацавалі, ці нехта ўсё ж узяўся перапісваць гісторыю?

— Я не скажу, што ў савецкі час гэтая тэма не даследвался і само слова «генацыд» не ўжывалася, ніяк не выкарыстоўвалася, ці ўвогуле было пад забаронай. У тыя часы гэтыя моманты не выкарыстоўваліся ў якасці палітычнага інструмента.

Вядома, што ва ўсе часы існавання СССР тэма Вялікай Айчыннай вайны выкарыстоўвалася савецкай прапагандай. Разам з Кастрычніцкай рэвалюцыяй яна стаяла ў аснове тагачаснай ідэалогіі, як доказ перавагі савецкага ладу.

Маўляў, хрыбет нацысцкаму рэжыму пераламала менавіта савецкая дзяржава. Гэтым падкрэслівался яе перавага — яна нібыта несла мір ва ўвесь свет. Пры гэтым замоўчвалася роля іншых дзяржаваў.

Такім чынам, у рамках той ідэалогіі тэма вайны безумоўна выкарыстоўвалася. І, канечне, там перадусім пераважаў гераічны пафас, без апоры на пакуты і знішчэнне. Хаця і гэтая тэма набывала сваё развіццё: кожны новы генсек называў усё большыя лічбы стратаў. І гэта быў натуральны працэс, бо чым больш часу праходзіла ад той вайны, тым больш увагі звярталі на тое, чаго яна каштавала і якія страты прынесла.

У перыяд незалежнасці гэтая практыка прадоўжылася. Мы памятаем з савецкіх часоў афіцыйныя лічбы пра загінулых падчас  вайны — кожны чацвёрты. Пры Лукашэнку з’явілася новая лічба — кожны трэці. Таму можна сказаць, што тэндэнцыя была. Чаму цяпер, у апошнія два гады, усё выйшла на такі ўзровень, калі заводзіцца крымінальная справа за генацыд?

Таму што ўпершыню гэтая тэма стала рэальным інструментам правядзення рэпрэсіўнай палітыкі рэжыму Лукашэнкі. Калі раней ўся гэтая рыторыка мела ідэйнае адценне, то цяпер яна займела выразнае прыкладное прымяненне.

Па-першае, гэты фактар чым далей, тым болей выкарыстоўваецца ва ўнутраных рэпрэсіях. А таксама пачаў прымяняцца ў знешняй палітыцы, калі лукашэнкаўскі рэжым, апынуўшыся ў міжнароднай ізаляцыі і адкінуўшы знешнія рамкі прыстойнасці, стаў вінаваціць ва ўсіх смяротных грахах сваіх апапентаў. Тлумачачы гэтым і неабходнасць змагання з унутранымі ворагамі, і супрацьстаянне са знешнімі.

— Гэтая кампанія пачалася ў дні масавых пратэстаў, калі па распараджэнні міністра абароны вайскоўцы «абаранялі» стэлу ў Мінску ад пратэстоўцаў, якіх выставілі нашчадкамі памагатых нацыстаў. Цяпер справа пайшла далей: школьныя факультатывы, рэканструкцыі і г.д. На вашу думку, ад жніўня 2020-га ці дабіліся ўлады нейкіх поспехаў для сябе ў спробах здзейсніць «карэкцыю» гісторыі?

— Я б не сказаў, што адбываецца штосьці кардынальна новае. Мы ведаем, што былі ўжо абвастрэнні, калі ставілася задача пашырыць ідэалагічную працу. Напрыклад, узяць на ўзбраенне тэму вайны.

Калі памятаеце, у сярэдзіне нулявых быў уведзены курс для школьнікаў і студэнтаў «Вялікая Айчынная вайна савецкага народа». Дарэчы, вельмі хлебны час быў для выкладчыкаў гісторыі, бо ўсе мусілі прайсці той курс, можна было браць сабе шмат гадзінаў.

Неаднаразова здараліся іншыя ўсплёскі. Як тыя ж дзяржаўныя святы — тэма вайны, натуральна, гучыць падчас адзначэння 9 мая, ёю напоўнена і адзначэнне 3 ліпеня, які пры Лукашэнку стаў Днём незалежнасці.

Ваенная рыторыка ў ідэалогіі гучала ад самага пачатку праўлення Лукашэнкі. Сказаць, што мы бачым цяпер нешта прынцыпова новае, я не магу. Проста гэтай рыторыкі стала непараўнальна больш, чым раней.

Я гэта тлумачу тым, што Лукашэнка разумее неабходнасць змагацца не толькі з дапамогай рэпрэсій, але і мець пэўную ідэалагічную альтэрнатыву. А яе няма, няма жывой, арыгінальнай ідэалогіі, толькі вось гэтая — даўно апрабаваная. Вось яе і ўзялі на ўзбраенне.

А паколькі чыноўнікам дадзены загад паўсюль павысіць, паглыбіць, пашырыць, вось яны і пашыраюць. Не маючы магчымасці прыдумаць нечага якасна новага, яны бяруць тое, што ёсць, намагаючыся замясціць якасць колькасцю. Ствараюць карцінку, бачнасць дзейнасці, бо трэба ж весці справаздачу.

— Перапісванне гісторыі «пад сябе» наўрад ці можна назваць вынаходніцтвам рэжыму, што ўтрымлівае ўладу ў Беларусі. Наколькі ўвогуле гэтая справа ўдзячная? Ці ёсць прыклады іншых краінаў, дзе гэта дала б жаданы для ўладаў плён?

— Пры рэжымах, што не маюць моцнай ідэалогіі, а грунтуюцца на персаналісцкай уладзе, як у нашым выпадку, пасля смерці лідара падітычная сістэма ў пэўным сэнсе эвалюцыянуе, змяняецца. І тыя людзі, якія ўвасаблялі гэтыя рэжымы, з часам адсоўваюцца ў цень.

Гэта можна пабачыць на прыкладзе некаторых былых краін СССР, чые рэжымы структурна падобныя да нашага. Напрыклад, некалі Сапармурату Ніязаву, які меў тытул Туркменбашы, ставіліся залатыя помнікі, пад яго падганялася гісторыя, была напісаная кніга «Рухнама», што ўтрымлівала ў сабе гістарычную канцэпцыю.

І калі ён памер, яго месца заняў пераемнік з ягонай жа каманды. Літаральна за некалькі гадоў Гурбангулы Бердымухамедаў адсунуў некуды ў бок усе гэтыя набыткі Ніязава — і «Рухнаму», і залатыя помнікі. Спадчына Ніязава пачала ўспрымацца па-іншаму, яна стала нікому непатрэбная, аж да поўнага дэмантажу.

Гэта не значыць, што стала лепей. Апынулася, што новы лідар недалёка адыйшоў ад старога, у дзяржаўную палітыку ён правёў уласных прусакоў у галаве. Але ў любым разе, надзеі Ніязава на тое, што яго набыткі будуць на вякі, пацярпелі крах.

Тое самае мы назіралі нядаўна ў Казахстане. Нурсултан Назарбаеў таксама будаваў вакол сваёй асобы ідэалогію, ставіў сябе ў цэнтр, займеў статус елбасы, расстаўляў паўсюль сваіх людзей.

Прайшло паўгода з часу студзеньскіх падзей — і мы бачым, што ад гэтага ўсяго амаль нічога не засталося. Хіба што яшчэ не перайменавалі горад Нурсултан назад у Астану, што, я думаю, пытанне часу.

Разлічваць на тое, што тут можна нешта выбудаваць пры стане рэжыму, як у нас, нерэальна. Звычайна больш стабільныя і ўстойлівыя тыя рэжымы, дзе ёсць моцная ідэалогія, якой людзі рэальна вераць, вакол якой збудаванае грамадства.

Як, напрыклад, у той жа Паўночнай Карэі, дзе ёсць ідэалогія чучхе. Якая так ці іначай адказвае на светапоглядныя пытанні, абгрунтоўвае пераемнасць улады. У нашым жа выпадку ўсе гэтыя спробы выбудаваць гістарычныя абгрунтаванні пацерпяць крах.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(15)