Экономика

Андрэй Дынько, Наша ніва

Чаму Беларусь не можа на месяц спыніць працу, як Расія, і якая можа быць наша тактыка

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін абвясціў красавік непрацоўным месяцам. Так улады Расіі спрабуюць спыніць пандэмію каранавіруса, піша Андрэй Дынько.

Гэта самы радыкальны падыход сярод усіх краін свету. Нават Кітай не спыняў эканоміку на месяц і не ўводзіў радыкальных абмежаванняў у тых правінцыях, якія не былі масава закранутыя пандэміяй.

Кожная краіна прымае рашэнні ў залежнасці ад сваіх асаблівасцей і магчымасцей. Расія на момант пачатку эпідэмічнага крызісу мела $550 мільярдаў золатавалютных рэзерваў, а яе бюджэт складаецца пераважна з даходаў ад продажу нафты і газу, якія працягваюць цячы са свідравін, нават калі чыноўнікі і студэнты сыходзяць у месячны запой.

Беларусь не мае такіх рэзерваў, а структура нашай эканомікі такая, што мы не можам яе ўзяць і спыніць. Мы такія не адны. Ніводная краіна Цэнтральнай Еўропы не абвясціла месячных канікул.

Падыходы краін розняцца, і толькі па выніках можна будзе сказаць, які спрацаваў, а які — не. Але некаторыя высновы сталі відавочныя ўжо праз пару тыдняў.

Ужо цяпер можна сказаць, што памылковым было меркаванне тых экспертаў і чыноўнікаў, якія лічылі, што эпідэмію можна «перасядзець», што яна «выдуманая і камусьці выгадная» або што «ў нас яна не распаўсюдзіцца». Як паказвае статыстыка, эпідэмія, як і прадказвалі эпідэміёлагі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, набыла сусветны характар, гэта пандэмія. Вірус ужо «ўнутры» большасці, калі не ўсіх краін.

Здаецца, не спраўджваецца надзея тых, хто лічыў, што вясна спыніць каранавірус, як яна спыняе эпідэміі грыпу. Луізіяна, Мадрыд, Сінгапур — там не холадна, але гэта, выглядае, не мае вырашальнага ўплыву на дынаміку працэсу.

Хацелася б памыліцца, але пакуль няма ніякіх прыкмет таго, што вірусная пагроза зменшыцца сама сабой, пакуль усё паказвае на тое, што праблема застанецца з намі аж да вынаходкі эфектыўных процівірусных прэпаратаў.

Рэальнасць такая, што мы маем справу з праблемай зацяжной, і яе эканамічнае вымярэнне для Беларусі можа стаць нашмат страшнейшым за непасрэднае, санітарнае.

Праз некалькі тыдняў мы пачнём адчуваць эфект разрыву ланцужкоў камплектуючых, зніжэнне попыту на некаторыя тавары. Закрыццё межаў і спыненне расійскай эканомікі прывядзе да вяртання ў Беларусь беспрацоўных гастарбайтараў. Нам — і не толькі нам, усім краінам — пагражае рост злачыннасці з-за беспрацоўя, скачок колькасці самагубстваў.

Дадатковая пагроза для Беларусі — гэта суверэнітэт. Толькі ўявіце сітуацыю, што Расія паспяхова збівае хвалю каранавіруса, а Беларусь, з-за нерашучасці і паўмераў, — не.

Толькі людзі, адарваныя ад жыцця, могуць думаць, што эпідэмію можна схаваць, што заніжэннем статыстыкі ты кагосьці ўнутры краіны ці за яе межамі супакоіш.

Я бачу рацыянальнай стратэгію большасці, калі не ўсіх цэнтральнаеўрапейскіх краін — максімальная адкрытасць і максімальны ўпор на прывучэнне грамадзян да свядомых і адказных паводзін.

Працаваць — абавязкова, але, канечне, таксама трэба з кожнага чайніка дзяўбсці людзям пра правілы адказных паводзін. І штодзённа даносіць непрыемную праўду пра колькасць ахвяр і хворых, бо калі гэтая праўда вырвецца пасля, то гэта будзе як прарыў плаціны вадасховішча.

Адкрытасць асабліва важная для Беларусі.

Уявіце сабе, які б быў знішчальны эфект для нашай эканомікі і палітычнай сітуацыі, калі ў выніку недаверу да нашай эпідэмічнай сітуацыі суседнія краіны ці нейкая з іх, асабліва Расія, закрыла б межы з Беларуссю, але адкрыла межы з іншымі дзяржавамі пасля спаду там эпідэміі. А дзяржавы ж у гэтай новай, пандэмічнай рэальнасці будуць дзейнічаць жорстка і эгаістычна.

Паглядзіце на Кітай: ён не разбірае — саюзнікі, праціўнікі — і закрыўся цалкам, нават дыпламатам не раіць прылятаць. І гэта рацыянальная жорсткасць, бо патэнцыйныя страты ад эпідэміі большыя, чым страты ад яе стрымлівання.

Заява літоўца Наўседы, як і аднабаковыя дзеянні расійскага ўрада — таксама навука. Ніхто не будзе чытаць, што там піша БелТА. Пры найменшым падазрэнні будуць закрываць і псіхаваць. Толькі поўная адкрытасць ад гэтага застрахуе.

Рэальнасць такая, што ачагі інфекцыі зараз будуць то прыгасаць, то праяўляцца ў іншых краінах і рэгіёнах нашай краіны таксама. Гэта будзе з намі і ў фізічным, і ў псіхалагічным плане.

Адкрытым ужо цяпер павінна стаць усё, як у суседніх краінах, — не толькі статыстыка па каранавірусе, але з пнеўманіямі.

І ў той жа час Беларусь павінна настойліва тлумачыць сваім грамадзянам, што мы моцныя перад гэтым выклікам. Мы мацнейшыя за многія іншыя краіны. Мы непараўнана мацнейшыя, чым у сутыкненні з падобнымі катастрофамі быў Савецкі Саюз.

Мы маем моцную сістэму аховы здароўя. Так, яна горшая за нямецкую і паўднёвакарэйскую, але яна не горшая, а лепшая, магчыма, нават за польскую і амерыканскую. Мы някепска падрыхтаваныя нават да дрэнных сцэнароў. У нас сапраўды вялікая колькасць ложкаў, апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх дый медперсаналу.

З эканомікай цяжэй, бо мы не ў Еўрасаюзе і не можам разлічваць на еўрафонды. Але і тут маем свае плюсы. З такімі праблемамі лягчэй даваць рады ў сістэмах з моцным дзяржаўным рэгуляваннем гаспадаркі — як у нас. Будуць патрэбныя дзяржаўныя інфраструктурныя праекты, каб заняць працоўныя рукі і даць людзям хоць нейкі заробак на цяжкія паўгода-год.

Памылкова думаць, што мы можам гэта «зрабіць пасля». У выніку нарастання эканамічнага крызісу чым далей, тым цяжэй будуць мабілізоўваць рэсурсы.

Пагрозы для незалежнасці будуць тым большыя, што псіхалагічнае напружанне ў выніку непазбежных людскіх страт будзе накладацца на ўсеагульную трывогу праз беспрацоўе.

Тое, што мяне палохае, гэта псіхалагічны аспект. Без адкрытасці не будзе даверу грамадзян да дзяржавы і медыкаў, а без даверу ў гэтай сітуацыі — эпідэміі ў эпоху сацсетак — будзе хаос.

Сітуацыя ў Віцебску паказала, як накручваюцца чуткі. А мы ж яшчэ толькі ў пачатку эпідэмічнай сітуацыі. Уявіце, што будзе, калі мы апынемся — хацеў бы памыліцца, але з вялікай доляй верагоднасці мы апынемся там — у горшым пункце крывой.

Маштаб праблемы такі, — хоць параўнанне з Чарнобылем гучыць паэтычна, — што замоўчванне можа прывесці да катастрофы. Замоўчванне Чарнобыля падарвала давер людзей да савецкай улады настолькі, што развалілася магутная дзяржава.

І без панікі. Якімі бы змрочнымі эканамічныя перспектывы ні здаваліся цяпер, аптымізм узляціць, як толькі навукоўцы выпусцяць на рынак супрацькаранавірусныя прэпараты і вакцыны. А гэта пытанне не гадоў, а менш чым аднаго года.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(30)