Комментарии
Міхаіл Пастухоў, доктар юрыдычных навук, прафесар, «Наша Нiва»

Чалавек у клетцы як знак беларускага правасуддзя

У якой краіне мы жывем, калі ўлады ставяцца да людзей бы да жывёл?

Суд над вядомым мадэльерам Аляксандрам Варламавым, якога на мыліцах заштурхалі ў клетку нібы небяспечнага звера, ускалыхнуў грамадскасць і паставіў на парадак дня пытанне пра тое, колькі яшчэ часу беларуская Феміда будзе здзекавацца з людзей, якія заключаны пад варту і ўтрымліваюцца ў клетках?

Наколькі мне вядома, толькі ў Беларусі з усёй еўрапейскай прасторы захоўваецца такая беспрэцэдэнтная мера засцярогі ў судах.

Расія, якая далей за нас стаіць ад Еўропы, ужо даўно адмовілася і ад смяротнага пакарання, і ад клетак у зале суда (падсудныя адгароджаныя ад публікі пластыкавай перагародкай).

Праз «клетку» прайшлі кандыдат у прэзідэнты 2006 г. Аляксандр Казулін, кандыдаты ў прэзідэнты 2010 г. Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч, палітычныя актывісты, якія бралі ўдзел у падзеях на Плошчы 19 снежня 2010 г., вядомы праваабаронца, будучы лаўрэат Нобелеўскай прэміі Алесь Бяляцкі.

Цяпер у клетцы апынуўся прадстаўнік багемы, культурны мэтр Саша Варламаў. У жанчыны-суддзі не знайшлося спагады, каб выпусціць гэтага чалавека (інваліда) з жалезнай клеткі...

Што адбываецца ў нашай краіне? Чаму ўлада такая жорсткая? Якое ў нас правасуддзе? Людзей як звяроў трымаюць у клетках. А іншыя людзі – у форме – глядзяць на гэты «звярынец» як на цалкам нармальную з'яву. Але ж «сядзельцы ў клетцы» могуць быць невінаватымі альбо іх віна можа быць недаказаная?!

На абароне правоў гэтых людзей стаіць Канстытуцыя, якая не дазваляе лічыць абвінавачаных (падсудных) вінаватымі ў здзяйсненні злачынства да таго часу, пакуль іх віна не даказаная судом і не пацверджаная прысудам суда, які ўступіў у законную сілу (арт.26).

Такі ж падыход замацоўваецца і ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе (арт.16).

Вядома, жалезная клетка ў судзе – гэта ганьба беларускага правасуддзя. Ад гэтага рудымента мінулага трэба пазбаўляцца і як хутчэй.

Аднак прэтэнзіі маюцца не толькі да «клетак». Прадстаўнікам Феміды, якія на 2/3 складаюцца з суддзяў-жанчын, трэба змяніць стаўленне да людзей, што паўстаюць перад судом.

Яны – не ахвяры, якім наканаванае асуджэнне. У адносінах да кожнага з іх трэба разабрацца, ці вінаваты ён на самай справе, паслухаць довады не толькі пракурора, але і адваката. І пры любым сумневе ў вінаватасці падсуднага выносіць апраўдальны прысуд, а не прызначаць мінімальнае (умоўнае) пакаранне.

Між тым, лібералізму ў судовай практыцы нешта не заўважаецца.

Як судзілі, так і судзяць. Адзінкі апраўдальных прысудаў пры тым, што кажуць пра дзясяткі палітычных зняволеных. А колькі бязвінных ахвяр правасуддзя пішуць скаргі ва ўсе інстанцыі аб пераглядзе прысудаў?!

Лічу, што нам трэба пазбаўляцца не толькі ад клетак у судзе, але і ад абвінаваўчага следства і тэндэнцыйнага правасуддзя.

Ці па сілах гэта цяперашнім следчым, пракурорам і суддзям? Адказ на гэтае пытанне дасць прысуд па справе Сашы Варламава, якая развальваецца як картачны домік.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)