Чалавек: падарункі Праметэя і непазбежны прагрэс
Нягледзячы на ўсе дасягненні вучоных, на сённяшні момант нельга сказаць, што мы ведаем сваё мінулае на «выдатна». Ёсць таямніцы нават у нашай гістарычнай канструкцыі, якую мы ўжо, здаецца, выбудавалі і здалі ў эксплуатацыю, перарэзаўшы чырвоную стужку на ўваходзе...
Разам з гісторыкам Андрэем Вашкевічам мы вырашылі паразважаць на досыць нетрывіяльную тэму і выйсці за геаграфічныя межы Беларусі ды храналагічныя рамкі гісторыі нашай дзяржаўнасці і этнасу.
Выглядае на тое, што для чалавецтва ў цэлым час зараз пралятае з неймавернай хуткасцю, а прагрэс набірае ўсё большыя абароты. Тычыцца гэта і ведаў па гісторыі ўзнікнення чалавека як віду, і абставінаў яго сталення і экспансіі на Зямлі. Разам з тым, базавыя пытанні, кшталту: «Хто мы? Адкуль? Куды ідзем?» — застаюцца актуальнымі і дагэтуль.
Чалавецтва, як куб з бокам у 2 кіламетры
Мы любім ацэньваць гісторыю з пункту гледжання прагрэсу. Гісторыя, маўляў, гэта паступовы шлях ад першабытнасці і крамянёвых наканечнікаў да развітых тэхналогіяў і палётаў у космас. Прычым такі варыянт развіцця прадугледжваўся і хрысціянамі, якія верылі, што людзі развіваюцца ды спасцігаюць Бога, і іх апанентамі, якія ў Бога не верылі, — атэістамі і камуністамі. Што ж такое прагрэс для асобна ўзятага чалавека і для людзей як папуляцыі?
Калі глядзець на чалавека як на від жывёлаў, што насяляюць Зямлю, то ён неймаверна паспяховы. Сёння на Зямлі, як вядома, жыве 7 мільярдаў чалавек, а іх бліжэйшых суродзічаў — гарыл, арангутанаў і г.д. — існуе ў свеце па некалькі тысяч. Напрыклад, горных гарылаў засталося не больш за тысячу, а максімальна іх ніколі адначасова не жыло больш за 10 тысяч. Калі не браць пад увагу мурашоў і розную жамяру, якія складаюць асноўную долю ў біямасе жывога на Зямлі, то людзі колькасна супернічаюць толькі з такімі жывёламі, як куры (прыкладна 25 мільярдаў), свінні, авечкі, каровы (прыкладна па 1 мільярду), а таксама мышы, пацукі, вераб’і і г.д. Як бачым, усе вышэйпералічаныя віды так ці інакш завязаныя на чалавеку, ім выведзеныя альбо спадарожнічаюць яму.
Калі казаць пра біямасу людзей, то атрымаецца ў выніку, нібыта, і не так шмат. Калі ўсе 7 мільярдаў чалавечых адзінак пакласці адну да адной, атрымаецца ўсяго толькі куб з даўжынёй аднаго боку ў 2 кіламетры. Біямаса мурашоў, калі правесці з імі такі ж эксперымент і стварыць з іх цельцаў куб, апынецца ў дзясяткі, калі не ў сотні разоў большай.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное