Общество
Міхась Скобла, Радыё Свабода

Чалавек пад нумарам СШ-785

У лёсе гэтай жанчыны шмат што ўражвае. За два гады сяброўства ў Саюзе беларускай моладзі яна сем гадоў адпакутавала ў Гулагу, дзе была сьведкай славутага Кенгірскага паўстаньня вязьняў.

Пасьля вызваленьня і вяртаньня на радзіму працавала бугальтарам у Пінску, выхавала дачку-патрыётку. У свае 86 гадоў яна перажывае за палітзьняволеных, стараецца падтрымаць духова моладзь. Улюбёнае яе слова — перадусім. І я ўспамінаю, як заканчваўся гімн СБМ: «Беларусь — перадусім». Ірына Волкава зь Пінску сёньня госьцяй «Вольнай студыі».

— Спадарыня Ірына, дзе і калі вы ўступілі ў Саюз беларускай моладзі?

— У Саюз беларускай моладзі я ўступіла падчас навучаньня ў Вілейскай настаўніцкай сэмінарыі. Нас агітаваць ня трэба было. Мы былі хоць і падлеткамі, але людзьмі сьведамымі. Чаму? Таму што мы вучыліся спачатку ў польскіх школах, а ў той час ішла крэпкая палянізацыя беларусаў. І мы, безумоўна, былі супраць гэтага настроеныя. І калі мы ўжо вучыліся ў сэмінарыі, то, вядома ж, валодалі беларускай мовай, мы былі сьведамыя, нам падабаліся беларускія песьні. Наш настаўнік Марцыёнак Леанід Ігнатавіч навучыў нас сапраўды ўсяму прыгожаму, што было ў беларускай мове. На яго лекцыях мы сядзелі — ня дыхалі.

— А чым вы займаліся ў СБМ? Ці былі ў вас нейкія абавязкі?

— Перадусім эсбээмаўкі павінны былі пашыраць беларускую мову, беларускія песьні, веды пра беларускую мінуўшчыну, быць сьведамымі і гэтым самым уплываць на іншых. Арганізоўвалі мы таксама паходы ў шпіталі, там таксама выступалі, сьпявалі. І чым больш усё беларускае забаранялася, тым больш нам хацелася яго мець. Мы насілі адмысловую ўніформу, на ёй Пагоня была і эмблема СБМ — трохкутнік.

— Калі вас арыштавалі?

— Мяне арыштавалі 30 красавіка 1949 году ў Пінску. Абвінавацілі ў тым, што я была ў СБМ падчас акупацыі, што была нацыяналісткай. Калі сьледчы пачаў пісаць на мяне пратаколы, яны пачыналіся так: «Дочь крупного белорусского националиста Ирина Волкова во время оккупации сотрудничала с немцами…». Вядома ж, гэта была няпраўда, немцаў мы ня бачылі і да іх адносінаў ня мелі.

— А кім быў ваш бацька?

— Мой бацька, Канстанцін Волкаў, падчас акупацыі працаваў у мястэчку Ільля на Вялейшчыне бургамістрам.

— У 1942 годзе ў адміністрацыі Ільлі працаваў паэт Алесь Салавей.

— Я яго добра помню. Ёсьць здымак, на якім — і бацька, і Салавей (прыгожы дзяцюк быў!), і Марцыёнак разам сфатаграфаваныя. Калі прыйшлі немцы, дык спачатку ў Ільлі (на той час — цэнтар гміны) улада была ў руках палякаў. І хуценька палякі з дапамогай даносаў стараліся пазбавіцца ад беларусаў.

— Палякі тлумачылі немцам, што ўсе беларусы — камуністы?

— Так. І каб зьмяніць сытуацыю, заняць пасаду бургамістра Ільлі было прапанавана бацьку. Ён доўга не згаджаўся, але потым яго сталі выклікаць у Вялейку ў гэстапа. І бацька быў вымушаны згадзіцца. Забягаючы наперад, скажу: калі бацьку судзіла гэтак званае «Особое совещание» (а яно займалася тымі, каго трэба было засудзіць, але не было за што), то рабіла запыты ў Ільлю. І ніводзін мясцовы чалавек нічога дрэннага пра бацьку не сказаў! Яго ўсё роўна асудзілі на дзесяць гадоў. Пасьля вызваленьня зь лягеру адправілі на пасяленьне ў Карагандзінскую вобласьць, дзе ён і памёр.

Настаўніцкія курсы ў Ільлі. У першым шэрагу ў цэнтры Алесь Салавей і Канстанцін Волкаў. Ірына — пятая зьлева ў чацьвёртым шэрагу. 1942

— Давайце вернемся да вашага арышту і суду над вамі. Колькі вы атрымалі?

— У сьледчага Васіля Жураўлёва апрача мяне былі яшчэ дзьве пінскія дзяўчыны і ксёндз Арэшка. Усе мы атрымалі самыя вялікія тэрміны — 25 гадоў. Калі нас асудзілі, дык з турмы КДБ на вуліцы Кірава перавезьлі ў турму на Берасьцейскую, а адтуль этапам адправілі ў Берасьце. Там у перасыльнай турме мы сядзелі тры месяцы. Затым эшалёнам нас усіх павезьлі на Расею — праз Воршу. Там адбыўся выпадак, які мне запомніўся на ўсё жыцьцё. Абставіны былі страшныя: канваіры нацкоўвалі сабак, лаяліся, абзывалі, рабілі, што хацелі. І раптам у Воршы нас ноччу падымаюць везьці далей, падганяюць варанок. А што такое пасадка ў варанок? Ты скачы, а ззаду цябе прыкладам б’юць. На гэты раз усё было па-іншаму.

Стаялі лаўкі, мы свабодна заходзілі, нават давалі нам пайкі на дарогу. А каля варанка стаіць начальнік і кажа: «Женщины, не волнуйтесь, у вас большие срока, но вы сидеть не будете, раньше вернётесь». І мы ўсе сталі плакаць, бо за ўвесь час з намі так ніхто не гаварыў. Як гэты божы чалавек асьмеліўся — ня ведаю. Нас павезьлі ў Куйбышаў. У Куйбышаве — таксама перасыльны лягер, адкуль нас адправілі эшалёнам у Джэзказган Карагандзінскай вобласьці, у лягер Кенгір. Нас выгрузілі — кругом стэп, завіруха і больш нічога. І пачаліся лягерныя пакуты. Вады і той не хапала. Перадусім нас пранумэравалі. Мой нумар быў СШ-785.

— Ці беларусы знаходзілі адзін аднаго ў лягеры? Ці неяк гуртаваліся?

— Безумоўна. Каб не было гуртаваньня, то нас так многа, можа, і ня выжыла б. Перадусім каля прахадной, калі мы прыехалі, мяне сустрэла і суцешыла Жэня Шастак з Наваградка. Яна нас усіх і арганізоўвала. Мы дзяліліся ўсім — хлебам, цукрам (тым мінімумам, які давалі). І калі мы ведалі, што нехта зь беларусак ляжыць у шпіталі, — ніхто не задумваўся, усе адломвалі і дзяліліся. Гэта вялікая заслуга Жэні Шастак.

У вольны час, якога было вельмі мала, мы зьбіраліся, сьпявалі свае песьні, гаварылі вершы, дарэчы, Жэня пісала цудоўныя вершы. А сьпяваць мы заўсёды пачыналі з такой напісанай ёю песьні: «Нам, брацьця, не шкода / такое свабоды, / што суліць савецкі нам „рай“, / змагайцеся, брацьця, / пакуль сілы хваце, / за волю, за праўду, за Край. / Нам, брацьця, ня шкода / такое свабоды, / дзе чорнае белым завуць. / Закон — для рэклямы, / а тых у кайданы, / хто чорнае чорным назвуць…»

— Ваш Кенгірскі лягер праславіўся паўстаньнем вязьняў. Пра Кенгірскае паўстаньне і Салжаніцын пісаў. Чым яно было выкліканае?

— Гэта было ўжо пасьля сьмерці Сталіна, у 1954-м. У нас зона была толькі для палітычных. За сьцяной была мужчынская зона — таксама толькі палітычныя. І для таго, каб нас разьяднаць прыслалі эшалён гэтак званых бытавікоў. І адразу ў лягеры пачаліся крадзяжы, нават забойствы. Мы зладзілі байкот — ня выйшлі на работу. Ня выйсьці на работу было самым страшным парушэньнем.

Нашыя патрабаваньні былі — аблегчыць працу, дазволіць пісаць лісты, дазволіць пасылкі, вызваліць малалетніх і г.д. Што начальства прыдумала? Зона была вельмі вялікая, агароджаная высокай сьцяной. Папрабівалі ў сьцяне вялікія праёмы і цераз гэтыя праёмы пусьцілі на бяззбройных людзей танкі. Хто дзе на двары быў — падушылі, пастралялі. Едзе танк, стараляюць, б’юць, бяруць за ногі, кідаюць на забароненую зону, каб паказаць, што вязьні ішлі на пабег. Было вельмі страшна. Мы сядзелі ў бараках, паляглі на падлогу, плакалі і маліліся. Той, хто быў на двары, загінуў. Можа, 1000 ці больш чалавек — і ў мужчынскай, і ў жаночай зоне…

Калі танкі выехалі — тут жа энкавэдысты з сабакамі нас проста ў стэп вывелі. Загадалі легчы ніц, не гаварыць і не паварочвацца. Тады падагналі машыны, пагрузілі і адвезьлі на станцыю, пасартавалі па вагонах. Наш эшалён адправілі ў Іркуцк. Там я прабыла мала, каля году. А пасьля нас адправілі ў Кемераўскую вобласьць. З Кемерава я вызвалялася восеньню 1956-га.

Ірына Волкава (у цэнтры) зь лягернымі сяброўкамі. Пасёлак Суслава Кемераўскай вобласьці. 1955

— Вы сёньня не шкадуеце, што пайшлі ў СБМ, што аддалі за гэта сем гадоў маладога жыцьця?

— Калі трапляеш у асяродзьдзе сабе падобных, тым больш у асяродзьдзе сьведамых людзей, жалю і шкадаваньня ніякага няма. Абсалютна. Чаго мне было наракаць і крыўдзіцца? Я ж была ў СБМ, я ж за гэта і пакутавала. А за што якая-небудзь Зося з пушчы, з Палесься, зь якога-небудзь Дрэбску, якая часам пісаць ня ўмела, атрымоўвала такі ж тэрмін, як я? Дык ёй жа яшчэ цяжэй было.

— Я ведаю, што пасьля вызваленьня і вяртаньня ў родны Пінск вы часта сустракаліся са сваім сьледчым — проста на вуліцы. Якія ў вас да яго былі адносіны?

— Ён жа мяне ня мог ведаць. Цераз яго рукі прайшлі сотні такіх, як я. А я яго добра запомніла. Ведаеце, мае пакуты — гэта мае пакуты. Але яго Бог таксама пакараў. Ён стаў звычайным няшчасным чалавекам — хадзіў па парку, пад кустамі бутэлькі шукаў. Дык я ж шчасьлівейшая за яго. Я яму аднойчы 1000 рублёў дала. Ідзе бедны, кашуля выпушчаная, сам бурачковы ўвесь, ну хоча выпіць чалавек. Разьмінуліся, я кінула 1000 рублёў на зямлю і кажу: «Гражданин, вы деньги потеряли». — «Ах, да, спасибо».

— Вы даравалі яму?

— Вядома ж. Іх усіх Бог пакараў. Быў такі начальнік Пінскага абласнога МГБ Аленічаў — застрэліўся…

— Спадарыня Ірына, сярод сёньняшніх палітзьняволеных ёсьць таксама і маладыя — Павал Севярынец, Зьміцер Дашкевіч, Эдуард Лобаў, Мікалай Дзядок… Што вы ім пажадаеце?

— Перадусім, цяперашняй моладзі, я лічу, у тысячу разоў цяжэй, чым было калісьці нам. Тады была эпідэмія — усіх бралі. Што мы гублялі? І на волі работа, і ў лягеры работа. Хоць гублялі, вядома ж. Маладосьць ня вернеш… Але цяперашняй моладзі ўсё роўна нашмат цяжэй. Як чытаю пра гэтых маладых хлопцаў, дык аж плачу. Я ўяўляю: адукаваны, разумны, нічога не зрабіўшы, і нейкаму паскудзтву трэба ўсё гэта ўступіць? Я толькі хачу папрасіць іх, каб яны засталіся жывыя. Каб зжаліўся над імі Бог і даў ім сілы ўсё гэта вытрымаць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)