Комментарии
Іна Студзінская, Радыё Свабода

Бжэзінскі — Шушкевічу: «Вы прадухілілі шырокамаштабную грамадзянскую вайну на тэрыторыі СССР»

Старшыня Вярхоўнага Савета 12 скліканьня, прафэсар Станіслаў Шушкевіч асабіста сустракаўся са Зьбігневам Бжэзінскім некалькі разоў.

Станіслаў Шушкевіч. Фота svaboda.org

Яны свабодна кантактаваў па-польску — абодва дасканала ведаюць польскую мову. Апошні раз яны сустракаліся ў Вашынгтоне ў сьнежні 2016 года на канфэрэнцыі, прысьвечанай 25-годзьдзю Белавескіх пагадненьняў.

Станіслаў Шушкевіч распавёў Свабодзе:

— Пазнаёміліся са Зьбігневам Бжэзінскім мы ў сярэдзіне 1990-х гадоў, калі ў Беларусі праз Лукашэнку зруйнавалі парлямэнт. Я быў тады ў Вашынгтоне, і ён перадаў нашаму парлямэнту, які фактычна ўжо ня дзейнічаў, быў разагнаны, ня меў вагі, сваю кнігу «Вялікая шахматная дошка» з надпісам «Парлямэнту ў выгнаньні». Гэту кнігу я перадаў тады Віктару Ганчару.

У 2000 годзе, калі я працаваў у Woodrow Wilson International Center у Вашынгтоне, мы таксама сустракаліся. Нашы беларусы больш круцяцца вакол Унівэрсытэта Джорджа Вашынгтона, а ён там не выступаў, быў прафэсарам унівэрсытэта ў Балтымары. І я адмыслова туды паехаў, каб сустрэцца з Бжэзінскім.

Узгадваю тую сустрэчу ў яго ва ўнівэрсытэце. Ён кажа: «Сёньня пятніца. Кожная пятніца для мяне — вельмі цяжкі дзень». Я пытаюся, чаму. «Звычайна мы ўвесь тыдзень прыходзім на працу ў пінжаках (марынарках, ён казаў па-польску), белых кашулях, пры гальштуках. А ў пятніцу — свабодная форма адзеньня, хто як хоча. І я заўсёды па пятніцах ламаю галаву: як выглядаць нармальным чынам».

Я падарыў Бжэзінскаму сваю кнігу «Маё жыцьцё, крах і ўваскрошаньне СССР» на польскай мове, ён цэлую ноч яе чытаў, калі мы сустракаліся ў Вроцлаве. Бжэзінскі думаў, што пагадненьні падпісалі тры чалавекі.

І яго дарадца мне тады сказаў: «Ты зьмяніў погляд майго шэфа на гэтыя пагадненьні, мы думалі, што вас было трое. А калі гэта была вельмі моцная шасьцёрка, гэта вельмі здорава!»

Ён вельмі добра ставіўся да падпісантаў, ён казаў: «Вы прадухілілі шырокамаштабную грамадзянскую вайну на тэрыторыі ўсяго Савецкага Саюзу. Вы проста сказалі: адчувайце проста ўсе сябе вольнымі, і не было за што ваяваць».

Ён вельмі высока ацэньваў Белавескія пагадненьні, мне было вельмі прыемна зь ім кантактаваць і гаварыць на гэту тэму.

Зьбігнеў Бжэзінскі. Фота AFP

У Вроцлаве тады Бжэзінскі атрымліваў прэмію Яна Новака-Езяранскага, а я ў журы прэміі ўваходзіў. Ён тады сказаў: «Вось вы ў Беларусі не зрабілі люстрацыю тых людзей, якія сябе пагана паказалі, а цяпер вы зь імі ня жорстка абыходзіцеся. Я тады адказаў, што беларускія камуністычныя дзеячы не паводзілі сябе так, каб прымяняць да іх люстрацыю, яны могуць яшчэ перавыхавацца».

Ён падзякаваў мяне за кнігу «Нэакамунізм у Беларусі». Ён называў гэта «нэасаветызмам».

Апошні раз я зь ім сустракаўся ў сьнежні 2016 году ў літоўскай амбасадзе ў Вашынгтоне на канфэрэнцыі, прысьвечанай 25-годзьдзю Белавескіх пагадненьняў. Ён быў у выдатнай форме. На той сустрэчы быў яшчэ Генадзь Бурбуліс. Мы нават у дэбаты зь ім уступілі. Я катэгарычна пярэчыў яму.

Там у Бжэзінскага была вялікая прэсавая канфэрэнцыя, і было пытаньне: «Чаму Злучаныя Штаты не дапамагаюць летальнай зброяй Украіне?» Бжэзінскі сказаў: «Ну, як жа мы будзем дапамагаць, калі 160 тысяч вайскоўцаў бяз бою здаліся расейскай арміі?»

Ну, украінцы ж не маглі страляць у рускіх. Па ягоным разуменьні, пакуль не сфармуецца іншая ўкраінская армія, ніякай дапамогі зброяй быць ня можа. Трэба па-іншаму вырашаць гэта пытаньне. Гэта я добра запомніў, ягоныя падыходы».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)