Общество
Павел Печанько, arche.by

Бюджэтны Нясьвіж (фота)

На вуліцы цудоўнае надвор'е і выходныя? Хочацца куды-небудзь паехаць, але мала грошай і няма ўласнага аўто? Прапануем маршрут у горад, які бачылі нібыта ўсе, але кожны туды марыць вярнуцца, бо ў мінулы раз не хапіла часу ўсё як след разгледзець, сфатаграфаваць. Багатым бурацінам і бывалым турыстам чытаць строга забаронена.

Асабіста для мяне Нясьвіж не з'яўляецца нейкай турыстычнай экзотыкай. Пры жаданні я і сам магу зладзіць экскурсію ў культурную сталіцу Беларусі. Мэтай гэтага допісу было жаданне дапамагчы тым, хто хоча за адзін выходны выціснуць максімум уражанняў з Нясьвіжа пры мінімальных затратах часу і фінансаў. Парады грунтуюцца на ўласным досведзе і носяць выразна суб'ектыўны характар :)

Як дабрацца

Самы танны спосаб трапіць у “маленькі Парыж” – скарыстацца паслугамі беларускай чыгункі. Гэты спосаб адыме ў вас дастаткова часу, але дазволіць ашчадзіць сціплы студэнцкі бюджэт. Абраўшы такі маршрут, вам давядзецца зрабіць у дарозе адну перасадку: электрычка давязе вас толькі да ст. Гарадзея. З Гарадзеі да Нясьвіжа вы даедзеце альбо прыгарадным аўтобусам (яны курсуюць з Гарадзеі ў Нясьвіж дастаткова часта), альбо на таксоўцы.

Апошні варыянт можа пахаваць усе вашыя надзеі зэканоміць гэтым разам свае тугрыкі – кошт паездкі вагаецца ад 60 да70 тысяч рублёў. Жадаеце плаціць менш? Плануйце сваё падарожжа загадзя! Для гэтага вам неабходна азнаёміцца з раскладам руху электрычак у Баранавіцкім / Брэсцкім накірунку.

Увага! Большасць цягнікоў у гэтым напрамку адпраўляецца з Інстытута Культуры. Выбіраем электрычку, якая найбольш “пасуе” раскладу руху прыгарадных аўтобусаў з Гарадзеі:

7:15, 9:20 (пн - сб), 11:10, 12:10 (пн - сб), 14:45, 17:25, 18:30, 21:35.

Спіс можа быць ня поўным – удакладняйце расклад руху па тэлефоне + 375 1770 5-40-45

З Гарадзеі да Нясьвіжа вы даедзеце хвілін за 15-20.

Кошт квітка на электрычку (01.10.2012): 6.180

Кошт квітка з Гарадзеі да Нясьвіжа: 5.150

Калі вы не з Менску, то варыянты могуць быць наступныя:

Гродна: начны цягнік Гродна - Гомель да ст. Гарадзея

Віцебск: Полацак-Баранавічы да ст. Гарадзея

Брэст, Баранавічы - тыя ж варыянты з электрычкамі, што і з Менску, толькі ў адваротны бок.

Варыянт з прамым аўтобусам з Менску таксама існуе.

Дадатны бок: вас прывязуць у Нясьвіж без ніякіх перасадак і з большым камфортам. Да таго ж на дарозе вы зэканоміце больш за гадзіну часу.

Мінусы: па-першае, кошт – квіткі каштуюць на ўсе рэйсы аднолькава – 34.080 (поўны квіток); па-другое, першы аўтобус, які едзе ў Нясьвіж (Менск – Альшаны), даставіць вас на месца толькі а 12:20. Даведацца пра ўсе рэйсы можна ТУТ.

Расклад аўтобусаў (з Нясьвіжа)

Да Гарадзеі

6:00, 8:00, 10:00, 10:52 (пн – сб), 12:40, 14:33, 15:50, 16:05(пт – ндз), 17:20, 18:30 (сб – ндз), 20:01 (сб – ндз), 20:20

Да Менску

13:10 (сб), 14:16(пт - ндз), 15:20 (ндз), 16:44, 18:13

Удакладніць расклад руху можна па тэлефоне + 375 1770 5-40-45

Харчаванне

У Нясьвіжы на сёння дзейнічае больш за 10 кропак грамадзкага харчавання. Самы вядомы ў горадзе рэстаран – “Ратуша”. Папулярнасцю сярод мясцовых жыхароў карыстаюцца кафэ “Чабарок”, “Несцерка” і “Парк” ( у народзе – “Дзеравяшка”). Нядаўна адчынілася піцейная ўстанова недалёка ад вакзала, але паводле водгукаў мясцовых, графік працы кафэ пакуль нестабільны.Для таго каб патрапіць у кавярню ў замку,давядзецца напэўна заплаціць за ўваход. Рэстаран "Нясьвіж" у мясцовым гатэлі наўрад ці прапануе таннае меню. Да таго ж па выходных такія ўстановы як правіла працуюць па спецабслугоўванні: сезон вяселляў.

Спецыфіка мясцовых кропак грамадзкага харчавання – сталы сезонны турыстычны ажыятаж. Рэстаран “Ратуша” практыкуе спецабслугоўванне турыстычных груп па выходных, таму патрапіць простаму турысту-аматару туды дастаткова складана. Можна туды неяк уплішчыцца раніцай альбо вечарам. Але вечарам адпадае варыянт з дастаткова танным і якасным дзённым меню. Узровень абслуговання сярэдні, і сітуацыя прынцыпова не мяняецца апошнія гадоў дзесяць.

Калі рэстаран вам не па кішэні, а проста папіць гарбаты-кавы не дазваляе сітуацыя і гонар, запрашаем у новую піцэрыю! Месціцца яна ў будынку былой гаспадарчай крамы па вуліцы Савецкай па дарозе з вакзала ў цэнтр. Побач размяшчаецца кафэ “Несцерка” (цяпер пазначанае як проста “Саfe”). Кошты ў піцэрыі больш чым дэмакратычныя. Абслугоўванне яшчэ горшае, чым у “Ратушы”, але пад’есці там можна. Самая танная піцца (450 гр.) яшчэ нядаўна там каштавала 22.260 руб.!

Калі вы маеце трывалую звычку браць з сабой у дарогу бутэрброды, а цягаць тэрмас вам ляніва, запрашаем у кафетэрый у гастраноме (гарадзкая плошча). Кава ці гарбата там каштуюць смешныя грошы. Ёсць столікі, спіртное распіваць нельга – можна спакойна перакусіць і адагрэцца, калі на вуліцы ўжо не травень.

“Дзеравяшка” (кафэ каля касцёла) традыцыйна акупаваная наведнікамі. Можна, канешне, паспрабаваць выстаяць чаргу, але восеньскім днём кожная хвіліна дарагая.

Замак

Уваход у замак каштуе 50.000. Больш тут дадаць няма чаго. Наведванне парка бясплатнае. Калі на замак шкада грошай, то варта засяродзіцца на парку, ён таго варты.

Краявіды і іх фіксацыя

У часы росквіту стужкавай фатаграфіі (эра "мыльніц") аператары мясцовых фота-крамаў з дрэнна прыхаванай агідай друкавалі чарговыя порцыі фота-шэдэўраў "я і ратуша", "я на фоне сабакі ў парку" і да т.п. Замыленыя ракусы непазбежныя, як першы снег. Бяда ўсіх турыстаў, што іх водзяць па адных і тых жа маршрутах. Турысты-адзіночкі часта ня маюць часу на самастойную разведку, і таму ходзяць тымі ж сцежкамі-дарожкамі, і плодзяць кадры-клоны.

Дзе можна знайсці кропкі для здымкі, каб атрымалася як не ва ўсіх? Схадзіце на нясьвіскае гарадзішча. Пейзаж там не сказаць, каб выбітны, але з гэтай кропкі вы здымеце Слуцкую браму дакладна не так, як усе. Дзе шукаць: гарадзішча размяшчаецца побач з мясцовым педкаледжам (кляштар бенедыктынак). Крочыце па вуліцы Чкалава да самай вежы-брамы і зварочваеце налева. Перад самымі гаражамі яшчэ раз налева. Гарадзішча невялікае і бачнае з дарогі.

Схадзіце за Браму да мясцовай лякарні. Там захавалася пара-тройка дамкоў у закапанскім стылі. Да таго ж па той бок возера на галоўныя архітэктурныя помнікі адкрываюцца зусім іншыя нехрэстаматыйныя ракурсы. Да лякарні можна пад'ехаць гарадзкім аўтобусам (прыпынак каля райвыканкама на гарадзкой плошчы). А калі ёсць час, то лепей схадзіце пешшу.

Мясцовы ФАК са стадыёнам з'яўляюцца добрай кропкай для фатаграфавання. Месцяцца яны на ўзвышшы, таму даюць некалькі дадатковых магчымасцяў для здымак.

Леса-парк "Альба". Ад парку засталіся толькі здзічэлыя рэшткі, але прыкметы былой велічы адшукаць можна. Як знайсці: выходзіце на вуліцу К. Лібкнехта (каля піцэрыі) і крочыце да самага яе заканчэнне. Скрыжаванне вуліцы з аб'язной дарогай і будзе пачаткам "Альбы".

Увогуле, калі для вас істотнай з'яўляецца менавіта фотафіксацыя вашага падарожжа, ёсць сэнс прыехаць у Нясьвіж па магчымасці раней.

Крамы і сувеніры

Сувеніры можна набыць у адмысловых кіёсках на пляцоўцы каля Касцёла Божага Сэрца, каля замка, на другім паверсе мясцовага ўнівермага, у краме “Скарбніца” (на гарадзкой плошчы злева ад кінатэатра ”Салют”, паштоўкі падаюцца таксама ў будынку Ратушы.

Прыбіральні

Платная прыбіральня знаходзіцца на гарадзкой плошчы за кінатэатрам “Салют”.

На вакзале, у Парку (у Старым парку – на мяжы з Японскі паркам, у Марысіным парку, адразу за пляжам).

Тэарэтычна вы маеце права скарыстацца прыбіральнямі аб’ектаў грамадзкага харчавання.

Пошта, аптэка, абменнікі

Аптэка знаходзіцца ў самым цэнтры, насупраць Ратушы.

Праз дарогу, побач з аўтобусным прыпынкам знаходзіцца абменнік. Памяняць валюту можна таксама ў банку па вуліцы 1 мая (па дарозе з аўтавакзала ў бок Ратушы павярнуць на вуліцу К. Лібкнехта, затым першы паварот направа). Недалёка ад вакзала ёсць абменнік “Аграпрамбанка”, там жа ёсць і банкамат.

Пошта знаходзіцца недалёка ад касцёла, па вуліцы Ленінскай у бок вакзала.

Вяртацца назад лепш за ўсё аўтобусам. Варта ехаць у вандроўку ў суботу: транспарт будзе вальнейшым ад студэнтаў, якія на выходныя едуць дадому ці на вучобу. Калі вы студэнт, то кошты на транспарт смела можна палавініць.

Такім чынам, калі абраць найбольш жорсткі варыянт з электрычкамі (з Менску і назад), то дарога ў два бакі будзе каштаваць вам каля 25.000 рублёў (студэнтам у выходныя – 12.000). Аўтобус абыйдзецца ў 34.080 у адзін бок, студэнтам – у два бакі. Дадаём сюды перакус у піцэрыі ці рэстаране 25.000 – 35.000 альбо кава з бутэрбродамі ў кафетэрыі гастранома – 3.000 за каву-гарбату і, калі няма канапак, 4000-6000 за мясцовыя кандытарскія вырабы (мясцовая "фішка" пернік "Піянерскі" і пірожнае "Пчолка").

Дадаём сюды расходы на сувеніры – як жа вяртацца без магніціка! У залежнасці ад уласных запатрабаванняў падбіваем рахунак. Самае галоўнае, каб падарожжа пакінула добрыя ўражанні і прыемныя ўспаміны. І жаданне вярнуцца сюды яшчэ. Як ні плануй, а за раз усяго не пабачыш!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)