Былы сілавік: Зельцар мог нават уцячы, бо ў Менску абвяшчалі плян «Сырэна»

Супрацоўнік арганізацыі былых беларускіх сілавікоў Аляксандар Азараў у інтэрвію Свабодзе прааналізаваў відэа і інфармацыю пра забойства супрацоўніка КДБ у Менску і праграміста Андрэя Зельцара.

«Спачатку думалі, што відэа пастановачнае»

— Першапачаткова, калі мы пабачылі гэтае відэа і паказалі нашым экспэртам, якія раней служылі ў такіх спэцпадразьдзяленьнях, яны сказалі, што відэа змантаванае і вельмі падобнае на пастаноўку. Але пазьней мы атрымалі інфармацыю, што сапраўды супрацоўнік КДБ са спэцпадразьдзяленьня «Альфа» быў забіты, і мы ў сябе апублікавалі яго дадзеныя, імя і здымак.

Мы можам дакладна сказаць, што здарэньне па гэтым адрасе было, бо ў міліцыю былі званкі з гэтага адрасу, што невядомыя людзі ламаюць дзьверы. Туды адправілі нарады міліцыі Фрунзэнскага РУУС.

«Апрача ўладаў, нічога не пацьвярджае, што Зельцар загінуў»

— Інфармацыя пра загінулага супрацоўніка КДБ ёсьць. Але інфармацыі пра самога Зельцара няма. Нічога не пацьвярджае, што ён там загінуў, апрача словаў уладаў.

Яго сваякі на гэты конт нічога не гавораць, на відэа мы ня бачым ані нябожчыка, ані сьлядоў крыві, там увогуле нічога не відаць.

«Вэрсію жонкі Зельцара мы не пачуем»

—  Калі прыгадаць забойства байкера Шутава ў Берасьці, то сьведку Карзюкова, які быў побач і ўсё бачыў, абвінавацілі ў саўдзеле ў забойстве і таксама асудзілі. Яго адразу арыштавалі, і ніхто яго не пачуў. Ягонай вэрсіі ня ведае ніхто. Тут тое самае.

Жонку яны затрымалі і кажуць, што яна падазраецца ў саўдзеле ў забойстве. Яе вэрсіі мы дакладна не пачуем. Суд, хутчэй за ўсё, будзе закрытым.

««Альфа» ведала, што Зельцар не небясьпечны, што ён не тэрарыст і не экстрэміст»

— Прычына адна: чалавек або апублікаваў нейкі камэнтар, або быў у нейкім чаце ў Telegram, ці ўдзельнічаў у акцыі пратэсту. Ніякім тэрарыстам ці экстрэмістам ён, натуральна, ня быў. Улады заявілі, што яны распрацоўвалі адрасы тэрарыстаў. Калі б так было, то супрацоўнікі «Альфы», якія там былі, мусілі б мець адпаведны рыштунак і зброю.

У іх павінны быць бронекамізэлькі, шчыты, каскі і аўтаматы. Але яны былі ў цывільным, бяз бронекамізэлек, максымум зь пісталетамі. То бок яны ведалі, што чалавек не небясьпечны, што ён не тэрарыст і не экстрэміст, таму яны заходзілі так спакойна.

«Ёсьць вэрсія, што, магчыма, ён нават уцёк»

— Магчыма, гэта чарговая кансьпіралягічная вэрсія. Але ў той дзень у Менску ўводзіўся плян «Сырэна», а ён прызначаны для пошуку зьбеглага злачынцы.

Была інфармацыя, што тэрарыст уцёк і па горадзе Менску абвяшчаўся плян «Сырэна» і супрацоўнікі спэцпадразьдзяленьняў выяжджалі на свае месцы працы.

«Дзьве відэкамэры Зельцар усталяваў, каб яго не маглі ні ў чым абвінаваціць»

— У Зельцара не было задумы нікога забіваць. Ён абараняўся. Дзьве камэры ён паставіў менавіта дзеля таго, каб усё было зьнята, каб відэа пацьвердзіла, што ён ня робіць ніякіх злачынстваў і каб яго ні ў чым не маглі абвінаваціць.

Супрацоўнік СК казаў, што ён запісваў відэа «для хайпу». Ні пра хайп ня можа быць і гаворкі.

Калі да цябе ламаюць дзьверы і крычаць: «Адчыніце!», чалавек, які ўнутры, знаходзіцца ў стрэсавым стане. Яго павінна калаціць, ён ня будзе рацыянальна думаць пра хайп, каб потым выкласьці гэта ў інтэрнэт.

Дзьверы, дарэчы, ламаюць не пару сэкундаў, магчыма, нават паўгадзіны. Гэта доўгі працэс, а на здымках паказаны толькі пачатак і канец. У мяне дома калі ламалі дзьверы, дык суседзі павыходзілі і потым казалі, што яны ламалі цэлую гадзіну».

«Дзіўная сытуацыя са стрэльбай»

— На відэа ёсьць стрэльба, якая страляе, але не відаць чалавека, які яе трымае і зь яе страляе. Калі яго паказваюць са стрэльбай, то фіранкі завешаныя. А калі стрэльба без чалавека страляе, то фіранкі адвешаныя. То бок гэта зьнята ў розны час і, магчыма, з досыць доўгім прамежкам часу. Магчыма, тут і быў нейкі мантаж.

У мяне такая думка, што калі супрацоўнікі забеглі ў кватэру, нейкі час была цішыня. Я так разумею, што яны прабеглі калідор і забеглі ў пакой, дзе знаходзіўся Зельцар. Яны там нешта рабілі, і толькі потым пачаліся крыкі і страляніна. Магчыма, яны пачалі зь ім змагацца і спрабаваць забраць зброю, а яна выпадкова стрэліла.

Зельцар не характарызуецца нейкім злым норавам, у жорсткасьці заўважаны ня быў. Вядома, што ён спартовец, калі паглядзець па сацыяльных сетках, то характарызуецца толькі добра. Іншай інфармацыі не было.

Чаму КДБ не раскрывае імя свайго супрацоўніка

— КДБ увогуле не раскрывае імёны сваіх супрацоўнікаў. Высьветліць дадзеныя супрацоўнікаў КДБ складана.

Яны выкарыстоўваюць дакумэнты прыкрыцьця і ў нейкіх мерапрыемствах удзельнічаюць, назіраючы толькі з боку, прыцягваючы міліцыю або ДФР да нейкіх спэцапэрацыяў. А самі стаяць ззаду і кантралююць. Ні ў якіх пратаколах яны свайго прозьвішча не называюць. Адпаведна, тут нічога дзіўнага няма.

«Улады не паведамяць дэталяў гэтай справы»

— Інфармацыя сьледзтва ня будзе апублікаваная. На 100% судовае паседжаньне будзе закрытым. Будуць толькі афіцыйныя камэнтары, якія захоча даць сам КДБ.

Людзей, якія ў ім будуць удзельнічаць, папярэдзяць аб крымінальнай адказнасьці, яны будуць пад падпіскай аб невыдаваньні, і адвакаты ў тым ліку. Усё дзеля таго, каб ніякая інфармацыя не прайшла.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.8 (оценок:35)