Бяляцкі, Класкоўская, Ціханоўскі — названыя новыя лаўрэаты прэміі імя Аляхновіча за турэмную літаратуру
Беларускі ПЭН і «Радыё Свабода» вызначылі шасцярых пераможцаў і васьмярых лаўрэатаў прэміі імя Францішка Аляхновіча за творы, што грунтуюцца на асабістым аўтарскім турэмным досведзе.
Сёлета дзеля бяспекі арганізатары прэміі прапанавалі намінантам або іхным сваякам, пры жаданні, захаваць ананімнасць і гарантавалі канфідэнцыйнасць. З гэтае прычыны імёны некаторых пераможцаў і лаўрэатаў схаваныя пад псеўданімамі, не абвяшчаюцца і назвы іхных твораў.
Прозвішчы будуць абвешчаныя толькі пасля таго, як гэта стане бяспечна для аўтараў.
Пераможцаў і лаўрэатаў вызначала Рада Беларускага ПЭНа.
Такім чынам, пераможцамі прэміі імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны аўтарам, які быў зняволены, сталі:
Алесь Бяляцкі з успамінамі пра музей Максіма Багдановіча;
Алег Груздзіловіч з кнігай «Мае турэмныя муры»;
Марк Каласок з кнігай (назва не абвяшчаецца публічна);
Вольга Класкоўская з турэмнымі дзённікамі;
Летапісец з нататкамі (назва не абвяшчаецца публічна);
Нікола Тэсла з кнігай (назва не абвяшчаецца публічна).
Лаўрэатамі прэміі імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны аўтарам, які быў зняволены, сталі:
Уладзімер Гундар з вершам «У свеце, якім бы ён ні быў…»;
Андрэй Кузнечык з вершамі;
Спадар Лапычаў з вершамі;
Ілья Міронаў з вершам «Думаеце, такога не бывае?» і нататкамі;
Павал Севярынец з вершамі;
Анатоль Хіневіч з вершам «Паглядзі ў люстэрка…»;
Сяргей Ціханоўскі з вершамі;
Max V. Detta з вершамі.
Каментуючы выбар журы, старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай сказала:
— Сёлета, абвяшчаючы пераможцаў і лаўрэатаў, мы адзначаем не толькі літаратурнае майстэрства, але і непахіснасць духу аўтараў, якія пішуць ва ўмовах няволі.
Кожная старонка іх твораў — гэта не проста словы, а адлюстраванне іх барацьбы за свабоду думкі і выказвання. Уручаючы гэтую прэмію, мы не толькі адзначаем іх талент, але і падтрымліваем іх нязломнае памкненне да свабоды.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное