Будкін: «Ніколі з-пад палкі не будзе ні хіта, ні суперспектаклю, ні кінашэдэўру»

Арт-менеджар — пра тое, чаму дубінкамі не перамагчы кветкі.

У БДУ забаранілі  святкаваць Дзень святога Валянціна — такая інфармацыя з’явілася ў сацсетках, таксама яе пацвердзілі самі студэнты. Паводле слоў маладых людзей, ім давялі, што гэтае свята «заходняе і не мае дачынення да нашай культуры».

Пазней прэс-служба ўніверсітэта заявіла выданню tochka.by, што святкавання наогул «не было ў плане ўніверсітэцкіх мерапрыемстваў», але ў гэта не надта верыцца, бо шмат гадоў запар у гэтую дату ладзіліся адмысловыя мерапрыемствы (упраўленнем па выхаваўчай рабоце, прафкамам БДУ і БРСМ).

Пад канец мінулага года з падачы праўладных актывістаў Саўмін пацвердзіў забарону святкаваць у навучальных установах Хэлоўін і нават скарыстоўваць асобных персанажаў, якія нібыта супярэчаць традыцыйным каштоўнасцям беларускага народу. Замест гэтага чыноўнікі даручылі «выпрацаваць прапановы па культурным імпартазамяшчэнні і ўмацаванні духоўна-маральнай бяспекі».

Аб тым, да чаго прывядзе выкараненне заходніх каштоўнасцяў, якую імпартазамяшчальную альтэрнатыву могуць прапанаваць чыноўнікі ад культуры і як працягваецца цкаванне знешніх і ўнутраных «варожых элементаў», Филин пагутарыў з кіраўніком Беларускай Р*ды культуры Сяргеем Будкіным.

— На вашу думку, які вынік прынясе арганізаванае па савецкіх лекалах паляванне на «заходнія каштоўнасці»?

— Гэта цалкам вытлумачальна і лагічна ўкладаецца ў стаўленне рэжыма да культуры як такой. Таму што культура ўспрымаецца як нешта, што павінна абслугоўваць патрэбы ўлады, з аднаго боку, ці як музей, з другога. Яна не ўспрымаецца як нешта жывое, незалежнае і непадкантрольнае.

Мазгамі беларускага ідэолага зразумець нейкія прасунутыя рэчы немагчыма: яго гісторыя пачынаецца якраз з Савецкага Саюза, яго каштоўнасці зарытыя там. Адпаведна, усё, што не звязана з гэтым светапоглядам, фактычна насаджаным рускімі СМІ, тое падаецца чужым, а для іх чужое — роўна «варожае», і яны адчуваюць небяспеку ад «несавецкіх» святаў, заходняй музыкі.

Мы сапраўды маем падобную сітуацыю, як у Савецкім Саюзе, паралель тут будзе дарэчы. Але з той розніцай, што цяпер стаўленне больш ваяўнічае, чым было раней. І калі раней маглі проста забараніць продаж кнігі ці альбому, правядзенне канцэрту ці выставы, то зараз творцы могуць сесці за свае творы, і мы, на жаль, маем не адзін і не пяць такіх выпадкаў. Становіцца проста страшна, што за песню можна сесці на гады ў турму, і, канешне, у еўрапейскай гісторыі такога ніколі раней не было.

— Ідэолагі ад культуры, як правіла, рэалізуюць культурна-асветніцкую дзейнасць даволі дубовым чынам. Што могуць прапанаваць на «імпартазамяшчэнне» — спіянераны БРСМ Дзень вышыванкі, які так і не здолелі зрабіць жывым, ці, як у Расіі нядаўна «рэканструявалі» Курскую бітву, так у нас — аперацыю Баграціён?

— Усякая дзейнасць павінна трымацца на нейкай глебе. А глебы ў іх пад нагамі няма, як няма і крэатыву, то прадукт, які выдаецца з таго боку, — безумоўна, нізкай эстэтычнай якасці, не вытрымлівае ніякай крытыкі. Мне здаецца, самім тым псеўдатворцам, якія хочуць зарабіць і выслужыцца, няёмка за гэта, але даводзіцца выжываць, і кожны гэта робіць як можа.

Адзінае, што ім застаецца — гэта запазычанне. Як у савецкі час, калі нельга было спяваць песні The Beatles, бралася музыка «Бітлоў» і на яе пісаўся бадзёры патрыятычненькі тэкст. Бо калі не хапае глузду і таленту стварыць сваю аўтарскую годную музыку, можна ўзяць чужое, перакруціць, умоўна кажучы, наляпіць на тэлевізар Samsung налепку «Гарызонт» і сказаць, што гэта наша.

Ілюстрацыя з мапедамі, кампутарамі, ноўтбукамі беларускай вытворчасці перакладаецца на культуру з лёгкасцю.

— Але чамусьці столькі год прайшло, а «Беларусьфільм» так і не зняў свой «Аватар», хіба «Мы, браты» і іншыя падзелкі, якія не карыстаюцца попытам нават унутры краіны…

— Безумоўна, гэта ўсё бяззуба, зроблена абы-як, бо зроблена без душы, без эмоцый, без рэфлексіі. Які культурны прадукт «заходзіць» звычайна? Той, што створаны пад уплывам ад нейкіх драматычных падзеяў, на нервах, на болю, нажыва, гэта павінна быць сапраўдным, дыхаючым і рэзанаваць з настроямі ў грамадстве.

Часам песня, спектакль ці мастацкі твор можа быць не вельмі таленавітым з пункту гледжання мастацкасці, але трапіць у нерв грамадства і стаць абсалютным хітом, сугучным для людзей. А калі гэта робіцца штучна, на замову дзяржавы, то з гэтага не можа нарадзіцца нічога сапраўднага — ніколі не будзе ні хіта, ні суперспектаклю ні кінахіта, створанага з-пад палкі, з прымусу.

— Акрамя пошуку знешніх ворагаў, улады працягваюць шукаць і ўнутраных: працягваюць затрымліваць музыкаў і забараняць усё, да чаго дацягнуцца. Так, перанеслася адкрыццё T.N.T. Rock Club, а выступы груп у ім адклалі на няпэўны тэрмін — верагодна, з-за абноўленага закону аб масавых мерапрыемствах, паводле якога любая вечарынка, фестываль, канцэрт ад 1000 чалавек могуць прыраўноўваць да мітынгаў, вулічных шэсцяў — адпаведна, штораз трэба атрымліваць загадзя дазвол.

Ці пойдуць улады далей, забараняючы, скажам, кватэрнікі?

— Цяжка лагічна патлумачыць алагічныя дзеянні, пазбаўленыя сэнсу. Ва ўладаў няма стратэгіі — яны размахваюць дубінай, па кім патрапяць.

З аднаго боку, цікава назіраць за тым, як улады прызнаюць культуру як сімвал, як тое, што можа ўзрушыць, натхніць на дзеянні, падбадзёрыць і гэтак далей. Таму і саджаюць T*r Band, даючы па 15 сутак за кожную песню, а потым «крыміналку». Таму і хочуць зламаць культурніцкі супраціў. Але гэта абсалютна немагчыма, як паказвае сусветная гісторыя.

Усё адно культурніцкія з’явы будуць прарастаць. Можна закатаць у асфальт усё, але кветкі будуць расці з розных месцаў, і не ўпалюеш іх усе. Таму гэта бессэнсоўныя дзеянні, якія вядуць да самаразбурэння, да падмены паняццяў. Не ведаю, ці сапраўды людзі, якія знішчаюць усё жывое на ніве культуры, хочуць жыць у Расіі, ці проста не задумваюцца аб гэтым — але іх дзеянні вядуць Беларусь простай дарогай да «губерніі».

Але я бачу нязломнасць у творчым асяроддзі. Іншасказальна, ці падпольна, ці ў нейкіх іншых фарматах — усё адно песні будуць пісацца, вершы будуць стварацца, спектаклі будуць нараджацца, і іх не задушыш, не заб'еш. Гісторыя неаднаразова тое даказала.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(22)