Альбо пераймаць расійскую гісторыю, лічыць сябе нейкім рэгіёнам, Северо-Западным краем 2.0. Альбо прыдумаць ровар наноў. Што часам і назіраецца ў гэтых розных конкурсах і ідэях.
Будкін: Ідэолагі вымушаныя выбіраць паміж Северо-Западным краем 2.0 і псеўдабеларускай ідэнтычнасцю
Сяргей Будкін, лідэр беларускай культурнай супольнасці, падзяліўся з Филином думкамі пра тое, як улады спрабуюць стварыць псеўдабеларускую ідэнтычнасць.
— Мінкультуры працягвае конкурс эскізных праектаў будучага помніка «народнаму адзінству», які плануюць усталяваць на Кастрычніцкай плошчы. Што гэта, спроба стварыць новую культурную рэальнасць? І чаму гэты працэс прабуксоўвае? Бо той жа конкурс працягваўся некалькі разоў цягам мінулага года.
— Натуральна, ідэалогіі трэба на чымсьці грунтавацца. Калі ёсць дзяржава, то патрэбна, каб у яе была нейкая гісторыя, нейкая ідэя, пасыл, які павінен умоўна яднаць тых людзей, якія да гэтай дзяржавы належаць.
І паколькі ў беларускай сітуацыі тыя, хто забралі ўладу, адмаўляюць сапраўдную беларускую ідэнтычнасць, і спрабуюць стварыць сваю псеўдабеларускую ідэнтычнасць, то тут паўстае праблема.
І, натуральна, гэта не знаходзіць водгуку сярод аўтраў, крэатараў, якія спрабуюць неяк выслужыцца і зрабіць на гэты кар’еру. Бо нішто не прарастае з нічога. Праблема ў тым, што тут няма таго зерня, што можа нешта даць.
Усё выглядае штучна, а грунтаваць усю ідэалогію вакол адной падзеі — Другой сусветнай вайны, якую яны называюць Вялікай Айчыннай, — досыць складана. Бо ўсё адно трэба разбірацца, што было да гэтай вайны, чаму яна адбылася, якімі былі яе наступствы.
Паколькі тут абсалютна немагчымая рэфлексія, дыскусія, немагчымы разбор палётаў на любым узроўні, то гэта і выглядае адпаведным чынам — як куб, спушчаны з гары, які проста няўклюдна коціцца ўніз. Таму так, ёсць такая праблема ў людзей, якія спрабуюць кіраваць Беларуссю.
— Пакуль улады спрабуюць з дапамогай помніка ўвекавечыць адзінства народа, працягваецца зачыстка незалежніцкага культурнага асяроддзя. Не спыняюцца арышты музыкаў, чарговыя кнігі трапілі ў спіс экстрэмісцкіх, зачыняюцца культурніцкія фонды.
Гэта тое, што было ў навінах. А ці ёсць гісторыі, якія засталіся за кадрам?
— Безумоўна, тое, што мы бачым, што фіксуюць праваабаронцы, што праходзіць праз навіны — гэта толькі вяршыня айсберга. Ёсць такі паказальны выпадак, імя чалавека без яго згоды пакуль не магу назваць.
Вулічны мастак, адсядзеў паўтара года ў турме. Увесь гэты час усімі сіламі спрабаваў паведаміць пра сябе, пра сваю сітуацыю.
Але адвакат і сваякі блакавалі ўсю інфармацыю. У выніку ён не быў прызнаны палітвязнем, сам факт арышту не быў зафіксаваны.
І вось чалавек ужо выйшаў на волю, і хоча пра сябе ва ўвесь голас крычаць, але разумее, што сёння гэта можа прывесці да новага затрымання. І такіх сітуацый, я думаю, шмат. Бо мы не ведаем, дзе там край і дзе там дно.
Вось нядаўна толькі стала вядома, напрыклад, што актор і рэжысёр Віктар Бойка больш за месяц знаходзіцца за кратамі. Шмат інфармацыі да нас проста не даходзіць, многае блакуецца дзеля бяспекі. І таму вядомыя лічбы трэба памнажаць у некалькі разоў, а пра сапраўдныя маштабы рэпрэсій мы, канечне, даведаемся пазней.
Але тое, што мы ведаем, уражвае і шакуе. Затрыманні адбываюцца штодня. І хоць людзі культуры спрабуюць ратаваць і захоўваць сябе, мы рэгулярна атрымліваем сумныя навіны.
— Многія беларускія творцы вымушаныя былі пакінуць Беларусь. Вынікам гэтага стала тое, што сёння незалежная беларуская культура куды больш шырока прадстаўленая ў Варшаве, Вільні і Тбілісі, чым у Мінску.
Ці не ператворыцца яна з часам у цалкам эмігранцкую з’яву, і што яе можа ад гэтага ўратаваць?
— Тое, што адбываецца ў Варшаве, Вільні ці Батумі — гэта заўважныя падзеі. Але гэта не азначае, што нічога пры гэтым не адбываецца ў Мінску, Віцебску ці Гродне. Тут гэта проста менш заўважна.
Я асабіста не падзяляў бы наогул гэтую прастору ідэяў, культурніцкую прастору на ўнутрыбеларускую і знешнебеларускую. Для мяне гэта выглядае, як агульная беларуская культурная прастора, у якой кожны нешта робіць у сваім фармаце, у сваіх зонах абсягу і заўважнасці. Хтосьці вышэй за радары, хтосьці ніжэй. І тут умоўная падпольная пастаноўка недзе ў Гродне нічым не адрозніваецца ад беларускага канцэрту ў Мінесоце.
Гэта ўсё працуе на агульную карысць, усё гэта адбываецца ў агульным полі. Гэта ўсё спрыяе развіццю культуры. Таму адразаць і праводзіць лінію, дзе сканчаецца або пачынаецца штосьці, я бы не стаў.
Бо мэта захаваць сябе, нас, нашу культуру. І на гэта працуе беларус унутры Беларусі, сваімі шляхамі. І на гэта працуе кожны, хто хоча нешта стварыць, данесці і паказаць. Натуральна, зрабіць гэта ў Варшаве куды прасцей, проста выйсці і сказаць.
У Беларусі зладзіць бяскрыўдную выставу ці напісаць і апублікаваць у сацсетках дзіцячы вершык — ужо выклік. Але пры гэтым усё адбываецца ў нашым агульным полі. Гэта важны момант.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное