Будкін: «Беларусь выжыла, і цяперашняму пакаленню выпаў лёс падлічыць страты»

Сёлета Сяргей Будкін, стваральнік і прадзюсар праекту пра знішчанае ў 1937-м пакаленне беларускіх літаратараў, стаў лаўрэатам прэміі імя Алеся Адамовіча. А днямі на ютуб-канале беларускага ПЭН-цэнтра выйшла яго відэалекцыя аб «(НЕ)расстраляных», а таксама пра тыя ўзроўні, на якіх мы мусім захоўваць памяць пра нашу (не)расстраляную і незабытую культурную спадчыну.

— Гэты праект не пра ахвяр, — адразу папярэджвае аўтар. — У якасці яго герояў абраныя маладыя і амбітныя людзі, якія жылі напоўніцу, кахалі і верылі, расчароўваліся і памыляліся. Яны заспелі гістарычныя змены, сталі сведкамі новай краіны і менавіта ім выпаў лёс фармаваць яе культурнае аблічча.

Лёс усіх герояў гэтага праекта, — працягвае Будкін, — абарваўся трагічна, як і жыццё значнай часткі ўсёй інтэлігенцыі таго часу.

Сяргей Будкін

Але Беларусь выжыла, і цяперашняму пакаленню выпаў лёс падлічыць страты. Мы мусім гэта зрабіць, каб кожная ахвяра была названая і аплаканая.

На думку журналіста, праца на ўзроўні ўшанавання надзвычай важная, бо такім чынам фармуецца культурная памяць.

— Паслядоўна, метадычна, нягледзячы на перашкоды з боку ўладаў і спробы заглушыць і замаўчаць гэтую тэму.

Таму так важна кожная акцыя, якая ўшаноўвае ахвяр сталінскага тэрору — пачынаючы ад Дзядоў у 1988 годзе да «Ночы расстраляных паэтаў», якая пачалася, дзякуючы намаганням Змітра Дашкевіча ў Курапатах.

Важна кожная талака, кожная памінальная служба, кожная кветка і запалены зніч у месцах масавых расстрэлаў.

Апроч працы на ўзроўні ўшанавання, стваральнік «(НЕ)расстраляных» нагадвае і аб працы на ўзроўні палітычным.

— А менавіта дамагацца, каб былі прызнаныя злачынствамі падзеі 85-гадовай даўніны, — кажа ён. — Неабходнасць канстатацыі фактаў знішчэння беларускай культурнай эліты і асуджэнне дзеянняў камуністычнага рэжыму.

Бо, — нагадвае Сяргей Будкін, — ад моманту раскрыцця праўды пра Курапаты ў 1988-м гэтага не было зроблена. І знак роўнасці паміж камунізмам і фашызмам пакуль не пастаўлены. Задача тых, хто працуе на гэтым узроўні, працягваць збіраць факты і інфармаваць грамадскасць і даводзіць неабходнасць такога кроку.

Сяргей Будкін кажа і пра трэці ўзровень, дзе мусіць весціся праца над культурай памяці. Ён тлумачыць:

— Гэта пра тое, як, якімі метадамі і інструментамі мы працуем над траўмай мінулага. І менавіта з культурай памяццю і працуе праект «(НЕ)расстраляныя». Яго генеральная думка: мы ўшаноўваем літаратараў 1930-х не за тое, што іх забілі, але і за тое, што яны зрабілі.

Мы іх прымаем у нашым часе, асэнсоўваем тое, што яны паспелі стварыць, распавядаем пра іх саміх нашай сучаснай мовай і такім чынам працягваем іх гісторыю далей.

То бок, — падкрэслівае Будкін, — мы адмаўляемся ад трагічнай інтанацыі і пазбягаем атмасферы памінальнасці.

Бо, калі мы кажам толькі пра факт знішчэння, то тады вынікае, што трэба пачынаць спачатку. Але ж мы толькі на прыкладзе гэтага часу і яго сведкаў бачым, як шмат чаго прамоўлена, напісана, зроблена, што можа ўмацаваць гэты мост між мінулым і будучыняй.

Гэта як гісторыя сусветнай рок-зоркі, лёс якой склаўся трагічна, але мы не згадваем яе як ахвяру, калі слухаем песні, а натхняемся імі.

Вось якраз у тым, каб галасы пісьменнікаў 1930-х былі пачуты, каб яны былі прапушчаны праз сябе і ў выніку натхнілі ці змусілі задумацца і ёсць сэнс праекту «(НЕ)расстраляныя».

Да таго ж, — кажа журналіст, — у сучаснай культуры і мастацтве гэта тэма таксама глыбока не асэнсаваная, а таму ўспрымаецца аднамерна. Таму нам хацелася б, каб з дапамогай «(НЕ)расстраляных» гэтаму часу быў нададзены аб’ём і была паказана неабходнасць яго больш глыбокага вывучэння і асэнсавання.

Каб за сухімі радкамі біяграфій і фактамі можна было разгледзець жывое: як тады людзі жылі, як яны стваралі і як яны кахалі. Таму «(НЕ)расстраляныя» — праект пра жыццё і пра любоў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(23)