Общество

Будкін: «Беларусы ўсё адно падключаны да свету праз рускую разетку»

Музычны крытык — пра тое, як не падбіраць крохі з чужой кармушкі.

— Заўжды непрыемна дзівіла вось гэтае захапленне і радасць беларусаў з нагоды трапляння «у Маскву» — раней на ЦТ, потым на ОРТ-НТВ, цяпер вось на рускі Youtube, — піша Сяргей Будкін.

Гэта цалкам выдатна, што «Песняроў» запрасілі ў свой час на Усесаюзны конкурс артыстаў эстрады, «Верасоў» — на «Песню года», «Ляпісаў» на студыю «Союз», Дакоту — на «Фабрыку зорак» і г.д. Гэта сапраўды неймаверны поспех, гэта пашырае аўдыторыю. Але няхай сабе ў савецкі час не было іншых крыніцаў інфармацыі і пра фурор тых жа «Песняроў» у Каннах і Амерыцы можа і не так проста было дазнацца.

Але, калі стала ўсё змяняцца, беларусы ўсё адно былі падключаны да свету праз рускую разетку. І замест таго, каб прыдумляць сваё на сваёй мове яны ўсё адно сілкаваліся з гэтай крыніцы, а калі і рабілі штосці, дык «пад Маскву». (Памятаеце можа такое шоў «Серебрянный граммофон» на беларускім ОНТ — не блытаць з «Золотым граммофоном» на рускім ОРТ — ці беларускую кальку на рускую «Песню года»?).

«Тут Масква ў галаве, у тэлевізары і ў газэце, тут расейскія песьні развучваюць дзеці», — пяяла Кася Камоцкая пасля рэферэндуму-95.

Ці штосці змянілася з тых часоў?

Шчыра рады быў за «Троіцу», што іх запрасіў Дзіброў, за «Петлю», што на іх звярнуў увагу Ургант, ці вось у апошнія гады — як жа крута, што пра Беларусь гавораць топавыя рускія блогеры. Але ў гэтым чарговым захапленні не ўлічваецца, што яны звяртаюць увагу сваёй аўдыторыі — перадусім грамадзянаў Расійскай Федэрацыі, у якіх свой клопат, свая міфалогія і ментальнасць. І беларуская публіка — сведама ці не — уключае сама сабе ў гэты арэол, у чужую матрыцу. 

І мы не вызвалімся з гэтага інфармацыйнага палону і адпаведна не будзе ў нас нічога харошага, пакуль не пачнем захапляцца перадусім самі сабою — радавацца, непакоіцца, ганарыцца, рэфлексаваць і рэпосціць свае сюжэты сваіх аўтараў. І не пасля таго, як іх заўважыў расійскі блогер, а калі мы заўважылі іх самі.

Абмяркоўваць кіно Куцілы і Палуяна, пастаноўкі Карняга і Халезіна, кнігі Бахарэвіча і Вежнавец, новыя песні Вольскага і Паліны, працы Базловай і Пчолкі, акцыі Гуліна і Саяпінай, блогі Жбанкова і Моніча…

Гэты спіс адкрыты, бо ў нас ёсць багата свайго матэрыялу, які можа дапамагчы нам стаць сабою, а не падбіраць крохі з чужой кармушкі.  

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(29)