Будаўніцтва «Бульбаш-холу» прыпыненае да траўня

Прадстаўнікі грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне Курапатаў» Ганна Шапуцька, Марат Гаравы і Ўладзімер Раманоўскі на сустрэчы з чыноўнікамі Менскага аблвыканкаму, Мінкульту і Мінархітэктуры высьвятлялі будучыню забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол», які будуецца ля Курапатаў.

«Я задавала канкрэтныя пытаньні. Калі зьнясуць будынкі „Бульбаш-Холу“ і СТА, якая да іх прылягае? Калі будзе гатовы новы плян упарадкаваньня Курапатаў з улікам культурна-ахоўных зонаў? Чыноўнікі адказалі толькі, што пакуль пытаньне вывучаецца, будаўніцтва спыненае на паўгода — гэты тэрмін скончыцца ў траўні», — паведаміла Шапуцька «Свабодзе».

«Тут такі парадак: Міністэрства культуры павінна зацьвердзіць ахоўныя зоны, тады Менаблвыканкам павінен зацьвердзіць горадабудаўнічы праект, пасьля будуць грамадзкія абмеркаваньні, і ўжо толькі пасьля ўсяго гэтага будзе гатовы канчатковы праект. Дык вось выглядае, што ўсе гэтыя структуры нешта вывучаюць, робяць паасобку, а ніякай ані каардынацыі, ані цэнтралізавана зьведзенай інфармацыі няма», — канстатавала Ганна Шапуцька.

На папярэдняй сустрэчы Сьвятлоў ківаў на Менскі аблвыканкам

6 лютага Шапуцька сустракалася зь міністрам культуры Барысам Сьвятловым.

«Міністар ня змог даць дакладнага адказу, спаслаўся на тое, што Міністэрства культуры чакае пляну на зацьверджаньне ад Менскага аблвыканкаму. Цяпер, нягледзячы на тое, што будаўніцтва „Бульбаш-Холу“ спыненае, у прылеглым да яго будынку адчынілася СТА, якая працуе», — заявіла тады Шапуцька «Свабодзе».

«Гэта парушэньне, таму што ў ахоўнай культурна-гістарычнай зоне ня могуць узводзіцца і дзейнічаць аніякія збудаваньні, якія ня маюць дачыненьня да мэмарыялу».

Частка «Бульбаш-Холу» павінна пайсьці пад бульдозэр

Чатыры жылыя дамы забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол» павінны быць вынесеныя за тэрыторыю ахоўнай зоны ўрочышча Курапаты.

Менскі райвыканкам прыняў пастанову аб распрацоўцы праекту дэталёвага плянаваньня тэрыторыі ў раёне ўрочышча Курапаты. У выніку будуць удакладненыя межы ахоўных зонаў Курапатаў і тэрыторыя забудовы каля ўрочышча. Такім чынам, павінен вырашыцца і лёс забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол». Некаторыя адмыслоўцы лічаць, што гэты комплекс неабходна дэмантаваць.

Парушэньне межаў гісторыка-культурнай каштоўнасьці «Курапаты» пры будоўлі забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол» было выяўлена яшчэ ў лістападзе мінулага году. З таго часу будоўля прыпыненая, кажуць яе ахоўнікі.

Даведка «Свабоды»

Курапаты — урочышча пад Менскам, дзе ў 1937–1941 гадах карнікі НКВД расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 200 тысяч чалавек.

У красавіку — траўні 1988 году ў лясным масіве Курапаты знайшлі парэшткі людзей. Гэтыя факты хутка сталі шырока вядомыя дзякуючы дзейнасьці Зянона Пазьняка і грамадзкай арганізацыі «Мартыралёг Беларусі».

У чэрвені 1988 году была створана ўрадавая камісія, і пракуратура БССР узбудзіла крымінальную справу па выяўленых фактах. У працэсе расьсьледаваньня, як пацьверджана ў інфармацыйным паведамленьні Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у чэрвені 1996 году, устаноўлена, што тут з 1937 па 1941 год супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсаваных жыхароў рэспублікі.

Пры аглядзе ляснога масіву выявілася, што на тэрыторыі каля 30 га разьмешчана 510 групавых пахаваньняў, зь якіх шляхам эксгумацыі было праверана 8. У 6 зь іх знайшлі шкілетныя парэшткі людзей, адзеньне і іншыя асабістыя рэчы. Каб ушанаваць памяць ахвяраў, пастаўленыя крыжы, іншыя мэмарыяльныя знакі, шчыты з надпісамі.

У Курапатах ня раз чыніліся акты вандалізму.

Таксама па гэтай тэме:

Пабудовы «Бульбаш-хола», якія пойдуць пад знос

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)