БССР (Будуйце Самі Сваё Рабства)

Колькі ні лавілі НКВДысты апавядальнікаў антысавецкіх анэкдотаў і выканаўцаў крамольных прыпевак, колькі ні выдумлялі «фальклярысты» ў пагонах псэўданародных ідэйна правільных выслоўяў, з вуснаў у вусны пераходзілі сапраўды народныя показкі, выслоўі, прыпеўкі пра наступствы «Вялікага Кастрычніка».

Савецкія паштовыя познамкі пра «кастрычніцкую рэвалюцыю»

Дзелімся з чытачамі жывой народнай мудрасьцю. Пачнем з мудрасьці турэмнай.

Канстытуцыя БССР

Разьдзел I. Назоў дзяржавы

1. Дзяржава мае назоў БССР, ці поўнасьцю – Будуйце Самі Сваё Рабства.

Разьдзел ІІ. Грамадзянства БССР

2. Ганаровае права мець грамадзянства БССР належыць дзьвюм катэгорыям ейных жыхароў:

а) тым, хто ўжо арыштаваны; і

б) тым, хто будзе арыштаваны.

Разьдзел III. Свабоды й правы грамадзяніна БССР

4. Шчасьлівым грамадзянам БССР даюцца такія свабоды й правы, да якіх яшчэ не дадумаліся нідзе ў сьвеце.

5. Грамадзянам БССР дэкляруюцца наступныя свабоды:

а) ня думай (за цябе думае дарагая Масква);

б) калі ўжо падумаў – нікому пра гэта не кажы;

в) калі сказаў – ня сьмей пісаць і публікаваць;

г) калі-ж апублікаваў – зараз-жа адмоўся й асудзі;

д) а на ўсялякі выпадак падрыхтуй торбу сухароў.

6. Дзяржава ўрачыста гарантуе:

а) права на працу – у вынайдзеных Леніным і Сталіным для росквіту сацыялістычнага грамадзтва канцэнтрацыйных лягерох;

б) права на адпачынак – у спэцыяльна абсталяваных для таго дамох адпачынку, якія капіталістычная прапаганда называе турмамі; і

в) права на сьмерць – ад кулі ў патыліцу ці ад галоднай і катаржнай працы.

Разьдзел IV. Органы вярхоўнай улады БССР

6. Вярхоўным органам улады БССР, які накіроўвае ўсё жыцьцё незалежнай ад беларускага народу рэспублікі, зьяўляецца ОГПУ, ці поўнасьцю – О Госпадзе, Памяні Усопшых!

Канстытуцыя ўсенародна прынятая камэрай № 8 Гомельскай турмы 15.VІІ.1930 г. Запісаў Аўген Калубовіч.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)