Коктейль
Юля Ружэчка

“Брудныя танцы” на нашай палянцы

Дажджлівым вечарам дзесяткі беларусаў спрабавалі сагрэцца гарачымі лацінскімі танцамі ды кубінскімі кактэйлямі. У сталічным West World Club’e прайшоў першы фестываль кубінскай культуры “Энергія сальсы”, на якім танцор Хорхэ Камагуэй вучыў беларусаў простым рухам брудных танцаў. Як “лаціна” сцірае межы паміж пакаленнямі і чым просты кубінскі хлопец давёў публіку да экстаза – у рэпартажы “Салідарнасці”.

Не кожны дзень можна выпіць кактэйль за кошт амбасады Рэспублікі Куба альбо патанчыць са знаным кубінскім трэнерам. Куба ў гэты ўік-энд была даступнай кожнаму дзякуючы вечарыне, правядзенне якой падтрымалі кубінскія і венесуэльскія дыпламаты.

Строгага кубінскага дрэс-коду на вечарыне не было, але самымі жорсткімі суддзямі былі самі гледачы:

— Тут так шмат “левых” людзей прыйшло, – абураласа каля люстэрка тэмпераментная мадам, аглядаючы тых, хто з’явіўся не ў неадпаведных на яе думку касцюмах.

Асабіста мне было шкада, што заяўленай на афішы “Энергіі сальсы” жывой музыкі было няшмат, а кубінскага бодзі-арта не было наогул. Але дасведчаных у танцавальных справах гледачоў гэта, па ўсім відаць, не хвалявала. Энергія сальсы захапіла ўсіх.

І калі цягам першых мелодый танцпол амаль пуставаў, пад канец мерапрыемства разышліся ўсе без узроставых абмежаванняў.

У баку маглі застацца хіба тыя, каму майстэрства сальсы пакуль бракуе. Але галоўнае – жаданне. Першыя майстар-класы на вечарыне былі прысвечаны базавым рухам. Таму да ўрокаў спадара Хорхэ заля была цалкам падрыхтаваная і запаленая. Кубінскі трэнер вучыў беларусак (усё ж пераважную большасць актыўнай аўдыторыі складалі жанчыны) складаным рухам розных частак цела, якія часам пераходзілі ў нешта падобнае то да танцу жывата, то да нейкіх непрыстойнасцей. Але на тое ж яны і кубінскія танцы!..

Беларускія дзеўчыны былі ў экстазе. Пасля майстар-класаў ды выступаў Хорхэ яны выглядалі натхнёна і няспынна казалі пра шалёную энергетыку кубінскага трэнера. А нястомны кубінец паспяваў папрацаваць яшчэ і за дыджэйскім пультам.

За некалькі гадзін сапраўды можна было прызвычаіцца і да гарачай лацінскай атмасферы, і да дзікіх кубінскіх танцаў, якія часам нагадвалі шаманскія дзействы. Калі я выходзіла з клюба, не паверыла, што на вуліцы сапраўды могуць быць лужыны ды снег...

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)