Комментарии
Аляксандар КЛАСКОЎСКІ, ”Наша нiва”

БНР і "шалудзівыя людзі"

Круглы стол у "СБ" пра БНР — зьява сымптаматычная. Пры ўсіх агаворках удзельнікі аддалі належнае і самой гістарычнай падзеі 90-гадовай даўніны, і тым людзям, што спрабавалі тады ўвасобіць ідэю беларускае дзяржаўнасьці.

Такім чынам, мы бачым працяг працэсу, ужо акрэсьленага аналітыкамі. Афіцыйныя ідэолягі пакрысе прасоўваюцца на традыцыйнае поле апазыцыі. Спакваля адаптуюцца яе лёзунгі, датычныя дзяржаўнасьці ды незалежнасьці.

Летась была сэрыя зладжаных уладамі канцэртаў "За незалежную Беларусь". Сёлета ўжо распачаўся падобны маратон "Мы — беларусы!" . Усё ж, згадзецеся, трохі іншае, чым як "расейцы са знакам якасьці" ці навагодні тэлепрыпеў "Ты бульбаш, я бульбаш".

Незалежніцкія лёзунгі ўлада ўжо трывала ўлучыла ў свой піяраўскі арсэнал. Яшчэ трохі — і даводзіць гістарычнае значэньне БНР таксама будзе, бадай, не крамолай, а спробай ламацца ў адчыненыя дзьверы.

Але кансалідацыяй па-ранейшаму і не патыхае. Летась прадстаўнікі незалежнага грамадзтва, што зьвярнуліся да ўладаў з заклікам разам адсьвяткаваць Дзень волі, атрымалі ярлык "шалудзівых людзей".

Сёлета шэсьце 25 сакавіка зноў паслалі на Бангалор. А паколькі публіка ўсё адно нацэлілася на іншы маршрут — чакайма калізіяў. Магчыма, ад залішняй брутальнасьці сілавікоў утрымаюць, але мэтода дробнага фолу, хутчэй за ўсё, будзе ўжытая напоўніцу. Традыцыйная прэвэнтыўная нэўтралізацыя актывістаў пачалася ўжо.

Прызнаць, хай сабе з агаворкамі, заслугі Луцкевічаў, Лёсіка, Варонкі ды іншых дзеячаў, што даўно скончылі зямны шлях, для ўлады прасьцей, чым прызнаць права сёньняшніх апазыцыянэраў на барацьбу за тыя ідэалы БНР, да ўвасабленьня якіх яшчэ як да Месяца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)