Политика
Анастасія Зелянкова

БНФ пагрозамі выбіла ДК МАЗ

З’езд Партыі БНФ пройдзе ў палацы культуры Мінскага аўтазавода. Гэтае памяшканне партыі далі пасля пагроз правесці з’езд на Кастрычніцкай плошчы.

Як распавёў “Салідарнасці” намеснік старшыні партыі Віктар Івашкевіч, першапачаткова ім было адмоўлена ў правядзенні з’езду ў ДК МАЗ.

— Мы накіроўвалі заяўкі і ў Палац мастацтваў і ў ДК МАЗ, аднак адусюль нам прыйшлі адмовы, — адзначыў Віктар Івашкевіч. — Нам было заяўлена, што ў гэты час у гэтых памяшканнях будуць праходзіць іншыя мерапрыемствы. У сувязі з гэтым 8 лістапада мы накіравалі заяўку ў Мінгарвыканкам, каб нам дазволілі правесці з’езд на Кастрычніцкай плошчы. У заяўцы я адзначыў, што паколькі Мінгарвыканкам не можа знайсці памяшкання для нашага з’езда, які мы па статуце нашай партыі проста абавязаны правесці ў гэтым годзе, то тады просім дазволіць сабрацца на Кастрычніцкай плошчы. І ўдакладніў: “Бангалор не прапаноўваць”.

12 лістапада Івашкевічу патэлефанаваў прадстаўнік Мінгарвыканкама Эдуард Тамільчык і паведаміў, што яны атрымалі гэтую заяўку. Аднак замест Кастрычніцкай плошчы арганізатарам параілі зноў звярнуцца ў ДК МАЗ.

— Ён таксама сказаў, што перагаварыў з кіраўніцтвам ДК і яны згадзіліся прадаставіць нам памяшканне, — адзначае Івашкевіч. — Гэта пасля мне пацвердзілі і ў самім ДК. У бліжэйшы час яны паабяцалі даслаць афіцыйную паперу.

Нагадаем, на з’ездзе, які плануецца 8-9 снежня, таксама будзе вырашацца пытанне з кіраўніком партыі на наступны тэрмін. Акрамя цяперашняга старшыні Вінцука Вячоркі, на гэтую пасаду сёння прэтэндуюць два ягоных наменіка — Віктар Івашкевіч і Алесь Міхалевіч. Сваю пазіцыю і погляды на далешую дзейнасць партыі Віктар Івашкевіч і Алесь Міхалевіч выказалі ў інтэрв’ю “Салідарнасці”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)