Общество
Eolonir

Блёгасфэра ў красавіку: Дашкевіч ды ДАІ

У блёгасфэры актыўна абмяркоўваецца тэма паводзінаў беларускіх міліцыянтаў. Трыгэрам да дыскусыі стаў артыкул Марыны Коктыш на сайце “Народнай волі” пра згвалтаваньне патрульным міліцыянтам студэнткі аднаго зь беларускіх ВНУ. Бэнзыну ў агонь дадала згадка пра “звальненьне” абвінавачанага супрацоўніка за “паводзіны, несумяшчальныя з годнасьцю”.

Дзіўна, а мне падавалася, што за такое звычайна садзяць гадоў гэтак на дзесяць. А вось, аказваецца, беларускі міліцыянт можа адзьдзелацца простым звальненьнем. І ці будзе суд – невядома, хаця “Народная воля” паабяцала сачыць за падзеямі. Дарэчы, выснова пракуратуры па адпаведнасьці закону дзеяньняў ДАІшнікаў, якія пабудавалі “жывы шчыт”, дасюль не з’явілася. Па шапцы інспэктарам, натуральна, панадавалі адразу, але сумняваюся, што за ўласна “шчыт”. Хутчэй за ўсё, іх паўшчувалі за тое, што выпадак атрымаў розгалас. Але гэта я так, да слова.

Самай папулярнай тэмай у блёгасфэры па выпадку з “жывога шчыта” стала зьбіцьцё ДАІшнікамі расейскага аўтааматара, вядомага ў блёгасфэры пад мянушкай serni. Сытуацыя стандартная: вымаганьне хабару з боку міліцыянтаў, адмова аўтааматара ды штраф за “непадпарадкаваньне законным патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі”. Выпадак здарыўся на тле жывое яшчэ згадкі пра крэатывы ДАІ на дарогах, таму словам блёгера адразу далі веры. Але на наступны дзень падкінутыя інтэрнаўтам l-u-f-t спасылкі пра папярэднія неадэкватныя паводзіны пацярпелага прымусілі багата каго задумацца: а можа, у гэтым выпадку праўда ўсё ж такі была на баку міліцыі?

Так карцела верыць, што ў нашым ДАІ ёсьць людзі, здольныя ня толькі штучныя заторы на дарогах утвараць, але апошні выпадак са студэнткай перакрэсьліў усё начыста. Натуральна, размова вядзецца пра розных міліцыянтаў, але апошнім часам міліцыя занадта багата фігуруе ў скандалах, зазначаюць блёгеры.

Зьміцер Дашкевіч апынуўся ў цэнтры скандалу, калі падчас анляйн-інтэрвію зазначыў, што хутчэй аб’яднаецца з БРСМ, чым з прадстаўнікамі сэксуальных меншасьцяў. Усьцешыла, напраўдзе, рэакцыя вядомых блёгераў, якія падышлі да выказваньняў спакойна. Тут можна ўзгадаць coipish са сваімі рытарычнымі пытаньнямі, што болей амаральна: нетрадыцыйная арыентацыя або заробкі ў 400 даляраў, або petra-leleka, якая заявіла, што болей важна – ня тое, што сказаў Зьміцер (“усе мы нешта ляпаем”), але той факт, што ён сказаў усё ад чыстага сэрца. Увогуле, у тае завірусе багата хто даў рады сваім эмоцыям ды не дазволіў сабе безаглядна абрынацца на галаву аднаго зь лідэраў незарэгістраванага “Маладога фронту”.

У красавіку ў блёгасфэры таксама назіраўся перанос часткі масыўных дыскусыяў з minsk_by на асобныя блёгі ды павышэньне цікавасьці да менскае суполкі minsk1067. Прынамсі, у частцы пераназываньня вуліцаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)