Общество
Eolonir

Блёгасфэра ў істэрыі ад продажу ЖЖ. Дарэмна

Апошнім тыднем блёгасфэру вельмі ўзрушыла навіна наконт продажу ЖЖ расейскае кампаніі SUP за дзіўна невялікую суму. Большасьць беларускіх карыстальнікаў успрынялі гэтую інфармацыю вельмі насьцярожана: маўляў, невядома, чаго чакаць ад расейскае кампаніі. Частку блёгераў турбавала, а ці не распачнецца цэнзура ў блёгах. Яшчэ частка пачала актыўна прапрацоўваць ідэю перасоўваньня свайго блёгу з ЖываЖору на іншую пляцоўку.

Лепей за ўсіх настрой беларускіх карыстальнікаў выказаў l-u-f-t (увага, ёсьць нешляхетныя словы). Неблагі адсотак карыстальнікаў выказваўся ў тым жа рэчышчы: маўляў, пачнецца масавае ламаньне дзёньнікаў, невядома, што станецца з палітыкай недатыкальнасьці або, дакладней сказаць, “няздачы” нелаяльных блёгераў адпаведным дзяржаўным структурам. Карацей, як і варта было чакаць, пайшла параноя. Што цалкам зразумела.

Продаж SUP‘у ўсяго ЖЖ сьведчыць, што ў Злучаных Штатах пляцоўка імкліва губляе сваю аўдыторыю на карысьць сацыяльных сетак накшталт таго ж Facebook. У нашае частцы сьвету тэндэнцыя не адрозьніваецца – частка карыстальнікаў пакідае “казла Фрэнка” на карысць ”В контакте” ды іншых сетак такога кшталту.

Гэтага варта было чакаць. Ад самага пачатку ЖЖ задумваўся як сацыяльная сетка – механізм, які дазваляе людзям падтрымліваць адзін з адным сувязь. Адтуль і ўсе гэтыя прыстроі накшталт сяброў, чаго няма ў іншых блёгавых сыстэмах (у якасьці прыклада возьмем Blogspot, вельмі папулярную пляцоўку для блёгаў на Захадзе й у азыяцкіх дзяржавах). Адтуль і пераважна тынэйджэрская аўдыторыя ЖЖ у ЗША. Толькі ў былом Радзянскім Зьвязе, дзякуючы пэўнае кан’юнктуры ды першаснасьці на рынку, ЖЖ стаў месцам для сур’ёзных палітычных дыскусыяў, у супрацьвагу расейскаму парляманту. Ва ўсім сьвеце абмеркаваньні вядуцца на блёгах, што ставяцца на сыстэмах Wordpress або Blogspot. Ёсьць і іншыя, але ўсіх яднае тое, што гэта – блёгі, якія ня маюць прыладаў для пошуку сяброў ды трыманьня ў кантакце.

Што адбудзецца зараз? Хутчэй за ўсё, тыя, хто прыйшоў на ЖЖ зь імкненьнем пасацыялізавацца, пойдуць на сацыяльныя сеткі, якія я згадваў вышэй. Застануцца тыя, хто пісаў на сур’ёзныя тэмы ці разглядаў свой дзёньнік як пэўную прыладу для дасягненьня сваіх нейкіх мэтаў. Але такога й варта было чакаць. А для грамадзянскіх журналістаў, як сябе акрэсьліваюць такія блёгеры, масавы зыход тых, хто “ня піша”, у некаторым сэньсе на карысьць – зьнікне частка інфармацыйнага шуму.

Што датычыць цэнзуры, SUP гэта рабіць наўрад ці будзе. Маленькая сума прыдбаньня – каля 30 мільлёнаў даляраў – сьведчыць, што новы гаспадар набывае ўжо ня самы пасьпяховы прадукт. І яму давядзецца папрацаваць над тым, каб той выжыў. Паколькі навіны ў Сеціве распаўсюджваюцца вокаймгненна, то любы род цэнзуры ў ЖЖ спрычыніцца да новае хвалі міграцыі карыстальнікаў на незалежныя пляцоўкі. Так што бяз панікі, спадарства!

Сур’ёзныя карыстальнікі з раскручанымі блёгамі таксама наўрад ці пойдуць з ЖЖ. Хаця б таму, што імёны іх дзёньнікаў забітыя ў памяці занадта ўжо шматлікіх кантактнікаў па ўсім сьвеце. У дадатак, раскрутка блёгу на Wordpress або Blogspot вымагае значна болей часу (нават не кажу пра блёгі, створаныя на ўласных пляцоўках). Большасьць блёгераў такімі ведамі не валодае і наўрад ці зараз масава кінецца прысьвячаць дні ў Сеціве таму, каб пераскочыць на новую пляцоўку.

Паглядзім, да чаго дойдзе ЖЖ. Але ў адным упэўнены: вылятаць, як з ахопленага полымям дому, зь яго ня варта.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)