Общество
Eolonir

Блёгасфэра ў Беларусі: здарэньні, скандалы, грошы

Нягледзячы на надзвычайную палітызаванасьць беларускіх блёгэраў, палітычныя допісы ў міжвыбарны пэрыяд “прымаюцца да ўвагі” без камэнтароў. А камэнтары для пераважнае большасьці блёгераў — гэта крок вышэй ў блёгарэйтынгу: болей чытачоў, болей аўтарытэтнасьці — карацей, вядомасьць. Водгукі ж, якія падвышаюць рэйтынг блёгэра ды прасоўваюць яго бліжэй да прагнай вядомасьці, сыпяцца звычайна на допісы, якія на інфарматызм не пакутуюць. Карацей, найбольшы шанец стацца заўважаным — гэта напісаць на minsk_by нешта пра маразм, скандалы або грашовыя пытаньні.

Заўважу адразу, Беларусь тут не выключэньне. Рэдка здараецца, што інфарматыўны і якасны блёг прабіваецца кудысьці высока ў рэйтынгах (адзіны вядомы мне вынятак — гэта cyxymu, які пераўтварыў свой дыярыюш у якасную стужку навінаў з Абхазыі, але й той нават ня ў першае сотні). Як прыклад тэндэнцыі, можна ўзяць Расею, у якой каля першага мейсца спавіваецца ўвесь час дзёньнік уладальніка расейскага ЖЖ спадара Носіка. Дзёньнік так сабе, яго чытаюць менавіта праз постаць яго ўладальніка: які-ніякі, але навінамі зь першых рук грэбаваць нельга: падаецца, такой ёсьць лёгіка большасьці падпісантаў.

Адсюль і агульная тэндэнцыя ў нас: калі Лявон Вольскі або брытыйскі амбасадар вырашылі “пайсьці анляйн”, у першы ж дзень іх “зафрэньдзіла” каля сотні чалавек.

Тэма 1: здарэньні. Вялізарную колькасьць водгукаў звычайна выклікае нешта накшталт вось гэтага масавага збою ў энэргасыстэме. Натуральна, нічога пэўнага ў камэнтарах знайсьці нельга, народ кідаецца плёткамі, якія ад кагосьці пачуў ці дзесьці прыдбаў, але 84 камэнтары — гэта паказчык. Апошнім жа разам увагу камэнтатараў прыцягнула гісторыя пра кантралёраў, што разам зь міліцыянтамі спынілі аўтобус проста між прыпынкамі, ды мянчук, які зьбягаў ад дэманаў па тунэлях мэтро.

Тэма 2: скандалы. Памкненьне пераназваць “антырасейскую вуліцу” Каліноўскага, зухаватыя апівошы ў барах, да якіх бармэн мае ўстаноўку міліцыю не выклікаць сталіся досыць папулярнымі тэмамі за мінулыя пару тыдняў. Я не кажу пра камэнтары Лукашэнкі што да сям’і Казуліных — у тым выпадку аўтар папросту перакрочыў празь мяжу, якую нельга ўвогуле датыкаць.

Дзеля параўнаньня — абстрагаваныя палітычныя допісы за апошнія два тыдні не выклікалі болей за 50 камэнтароў.

Тэма 3: грошы. Зьменлівасьць нашага заканадаўства ўжо аддаўна пайшла па языках. З ростам колькасьці студэнтаў, што навучаюцца за мяжой, пытаньне пра падаткаабкладаньне стыпэндыяў застаецца вельмі актуальным, адно яно рэдка ўздымаецца на блёгах: якая гарантыя, што такія пытаньні не закідваюць асобы на слюжбовае заданьне. Іншыя пытаньні, што датычаць фінансаў беларускіх грамадзянаў, таксама не пазбаўленыя ўвагі.

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)