Общество
Eolonir

Блёгасфэра пра Косава, Казуліных і БНФ

У апошнія дні сталася акрэсьленай тэндэнцыяй, што беларускія навіны на блёгах паціху зыходзяць у нябыт. Апошнімі падзеямі, што прыцягнулі вялікую ўвагу блёгераў, сталіся “заўвагі” ППРБ наконт Казуліных ды “мацаваньне дысцыпліны” ў партыі БНФ.

Рэакцыя была збольшага эмацыйнай: блёгеры абураліся чарговым “ляпсусам” ад Лукашэнкі (дзякуючы чаму ППРБ у блёгах згадваўся ў тым тыдні на 140 адсоткаў болей, чым у мінулым) і кпілі з барацьбы за свабоду слова ў вэрсыі БНФ. Аднак ніхто з палітычных камэнтатараў ад блёгасфэры так і ня выступіў з тлумачэньнем таго, што здарылася. Плоймай эмацыйных заяваў, якія неўзабаве зыйшлі на “не”, сконьчыліся ўсе абмеркаваньні. ППРБ і апазыцыя могуць спаць спакойна: у сьвеце зараз здараецца значна болей цікавая рэч — нараджэньне новае дзяржавы, вызнаньне якой іншымі — пытаньне часу.

У гэтым сэньсе Беларусь — краіна непаўторная. Я маю на ўвазе кіраваньне сусьветнымі тэндэнцыямі. У сьвеце асноўную цікавасьць зараз прыцягваюць лякальныя навіны — пачынаючы ад Афрыкі ды закнчваючы ЗША ды Эўропай, дзе наклады цэнтральных друкаваных газэтаў імкліва менеюць, аддаючы перавагу блёгавым пляцоўкам ды сеціўным газэтам, на якіх пішуць выключна пра нейкі невялічкі рэгіён. Але ў Беларусі, як і ў Расеі, цікавей напісаць пра аддаленае месца (у дадзеным выпадку Косава). Асабліва калі на вагах, паводле меркаваньняў блёгераў, стаіць лапік спрадвечна праваслаўнае зямлі (цытую).

Блёгасфэра падзялілася: большая частка блёгераў трымаецца меркаваньня, што албанцы захапілі гэтую самую спрадвечна славянскую зямлю, якая палітая сэрбзкай крывёй. Галасы іх апанэнтаў у гэнае куламесе гучаць ня надта голасна: нават перакананыя нацыяналісты щзялі бок Сэрбіі (глядзі дыскусыю). Хаця на пытаньне: “Вы адмаўляеце прынцыпу самавызначэньня нацыяў?” ніхто не адказаў адмоўна. Такім чынам, спрацоўвае хутчэй эмацыйная рэакцыя ды статкавы інстынкт, зь вялікай дамесай нянавісьці або (у мяккім выпадку) непрыняцьця ісламу.

Дасьціпна адказаў на сваё пытаньне: “Чаму Косава не павінна быць незалежным?” watcher-interio, які на месца Косава паставіў Беларусь. Да таго ж, піша блёгер, іслам ці не іслам, але ў Косава жыве амаль 2,2 мільёны чалавек. Калі 40 тысяч у Паўднёвай Асэтыі (працяг допісу) пры вялікім жаданьні яшчэ можна празваць купкаю сэпаратыстаў, то на 2,2 мільлёны такую дэфініцыю можа распаўсюдзіць толькі расейскі лідар. Чаму ніхто ня роў, калі пайшла Чарнагорыя? Ці не праз тое, што там — праваслаўныя, а ў Косаве — мусульмане? У такім выпадку корань усіх гэтых размоваў ляжыць у рэлігіі, але далёка ня ў прынцыпе самавызначэньня або процілеглым яму недатыкальнасьці межаў. Хаця, як піша той жа ж watcher-interio, на практыцы вызнаньне незалежнае дзяржавы стаецца фактам, калі гэта робяць магутныя краіны. ЗША, Нямеччына, Францыя, Брытанія гэта зрабілі. Калі адкажуць астатнія — пытаньне часу.