Общество
Eolonir

Блёгасфэра пра ізраільскага амбасадара ды брэсцкую прэсу

Дагуляліся. Ну хто цягнуў за язык аднаго чалавека называць габрэяў “гразнымі” (менавіта “гразнымі”, а не “грязными” ці “бруднымі”)? Не, зразумела, ён такога ня ўважаў, але неяк атрымалася. У нашага прэзыдэнта ўсё так адбываецца: раптоўна й ня ў той бок, як яму б карцела.

Дарэчы, зірніце, якім фотаздымкам ізраільская Haaretz суправадзіла паведамленьне наконт адкліканьня амбасадара. Ніякі палітык-самазабойца не запрагне браць на сябе словы за зьбліжэньне. У краіне, у якой стае сваіх адмоўных навінаў, пра іншыя дзяржавы часьцяком мяркуюць толькі па здымках іх лідэраў. Такая псыхалёгія натоўпу.

Невялікі афтоп: беларусы ў Белае Русі. Рэпартаж нейкіх журналістаў (?) пра Беларусь. Увага: за чые грошы здымалася? Хаця цікава бывае паглядзець іншаземны станоўчы позірк на ўнутраныя падзеі.

Але назад да тэмы. Нават ня буду нагадваць, што палітыку такія словы не да твару. Толькі калі спадар Лукашэнка жадае апынуцца ў кампаніі харкаўскага мэра Добкіна , які дазволіў сабе брыдкаслоўе ў простым этэры, гэта прабачальна. Але што трэба было сабе думаць, каб адным выразам падарваць стасункі між Ізраілем ды Беларусьсю?

Падаецца, што няма ні на што рады зараз: ППРБ рэальна адчувае, што ўлада высьлізгвае зь яго рук. Улада й грошы. Эканамічная сытуацыя ў краіне пагаршаецца (хаця ня так хутка, як прагназавалі некаторыя, і падаражэньне алею ў крамах – гэта яшчэ не праява паўнафарматнае эканамічнае крызы). Але чарговае павелічэньне штрафаў, “упарадкаваньне” (ня першае, натуральна) мытных правілаў ды масавая прыватызацыя (у параўнаньні зь гістарычнымі яе тэмпамі прыватызацыю можна насамрэч было назваць масавай) паказвае на крызу ліквіднасьці ў краіне. У такім выпадку цалкам лягічна чакаць на пэўныя абмежаваньні ў выплатах дэпазытаў у банках (не глябальныя, але затрымкі могуць чакацца).

Так што, падаецца, Аляксандру Рыгоравічу ўжо проста няма дзе шукаць ворагаў. Вось ён і шукае ворагаў – сярод габрэяў. Натуральна, ён таго не хацеў. Але атрымалася.

Дэрэчы, гэтая ж тэма дамінуе у англамоўных навінах , прысьвечаных Беларусі. Розгалас апынуўся сур’ёзны, калі браць проста заяву, зробленую мімалець.

Блёгасфэра працягвае рэфлексаваць наконт “Эўрапэйскага маршу”, але зараз гэта сталася прэрагатывай тых, хто, седзячы за кампутарам, усё ведае лепей за ўсіх. Як ужо сталася модна абмяркоўваць правалы. Дзіўна, дыскусый на палітычныя тэмы амаль няма: прыхільнікі Мілінкевіча абмяркоўваюць Э.М. у сваіх суполках, а Інтэрнаўты дзеля інтэнаўтыкі – у сваіх. Гэта ўжо паказьнік таго, што беларуская палітыка на дадзены момант перастала цікавіць людзей.

Цікавую падборку навінаў берасьцейскае прэсы прапануе valery-brest-by. Паколькі тыя рэсурсы ня маюць сеціўнае вэрсыі, магчыма, будзе цікава пачытаць іх няхай і ў адсканірааваным варыяньце тым, хто ніколі ня быў у горадзе на стыку цывілізацый.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)