Общество
Eolonir

Блёгасфэра пра Дзяніса Дзянісава і “Эўрапэйскі марш”

Усе выходныя беларуская блёгасфэра была захопленая працягам гісторыі зь Дзянісам Дзянісавым. І хаця асноўная падстава зьнікла яшчэ ў пятніцу, людзі працягвалі абмяркоўваць наступствы яе для дэмакратычнага руху.

Але напачатку пра “Эўрапэйскі марш”. У гэты раз з’явілася няшмат фотарэпартажаў: большасьць блёгераў, што выкладалі здымкі з такіх акцыяў, знаходзілася на Блёгкэмпе ў Кіеве — першым буйным блёгерскім зборы ва Ўсходняе Эўропе. І тым ня меней, на Pozirk.org аператыўна ў той жа дзень з’явіўся фотарэпартаж ад czalex. У тым допісу пазначана багата спасылак на іншыя фотарэпартажы ды абмеркаваньні.

Дарэчы, той жа самы czalex перад пачаткам Маршу аспрэчваў у сваім ЖЖ мэты акцыі. Маўляў, Эўропа ня ёсьць дапомна найлепшым выйсьцем для Беларусі, і таму на Марш трэба ісьці зусім зь іншае нагоды. У нас гэтае меркаваньне асаблівага рэзанансу не знайшло, але па перадрукоўцы яго праз Global Voices Online з’явілася шмат ухваленчых камэнтароў: маўляў, меркаваньне, што Эўропа ёсьць дапомным цудам — гэта міт, якога трэба як мага хутчэй пазбаўляцца. Так выказваліся збольшага замежнікі.

А зараз да Дзяніса Дзянісава. Пералічваць усе спасылкі, якія ўтрымліваюць гэтае словаспалучэньне, наўрад ці варта. Але асабліва мяне зачапілі вось якія:

"Не разумею, чаму збор грошаў для апазыцыянэра прыцягае болей увагі, чым збор грошаў для хворага дзіцяці ", — піша яшчэ адзін блёгер. Пытаньне пакінутае без адказу. Хаця кампанія Томы Лісіцкай па набыцьцю падарункаў для хворых дзяцей ў анкадыспансэры паказала, што людзі ў нас могуць зарганізавацца. Галоўнае — даць мэту. 

Мярзотнік — ён і ёсьць мярзотнік, не зважаючы на яго мову”, — піша яшчэ адзін блёгер. Яго словамі, рэакцыя на допіс petra-leleka паказвае ступень здароўя нашага грамадзтва: людзі адасоблівалі адзін выпадак ад усяго грамадзянскага руху, не робячы абагульненьняў. Што, у прынцыпе, ужо адрозьнівае ўдзельнікаў дыскусыі ад натоўпу.

Такая тэма затуліла нават выступ нашага “ўсенародна абранага” на ТБ, дзе ён, не паварушыўшы павекам прызнаўся, што “сам загадаў выкінуць са школькнай праграмы пісьменьнікаў-нацыяналістаў”. Дзіўнае такое прызнаньне. Раней для ППРБ была болей уласьцівай пазыцыя адмежаваньня, калі ён сачыў за рэакцыяй грамадзтва на яго “ініцыятывы”. Адмоўная — зьняць чыноўніка, які быў “бліжэй да справы” ды абвясьціць усяму сьвету, што гэта “пралікі на месцах”; станоўчае — падкруціць яшчэ шрубкі. А тут нешта такім стаў балбатлівым.

Блёгасфэра становіцца сапраўдным зрэзам грамадзтва. А калі яшчэ Белтэлекам прыватызуюць…Хаця, шчыра кажу, не магу даць веры ў шпаркую дэманапалізацыю. І грошай хочацца, але ўлада схлынае праз пальцы… Што рабіць? Можна ж прыватызаваць, а манаполію на наземныя каналы сувязі пакінуць за нейкай адзінкай былога Белтэлекама. А калі спрадаць — пакінуць у моцы “залатую акцыю”. Хаця зь іншага боку, а хто тады купіць?

Цяжка быць прэзыдэнтам…

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)