Общество
Eolonir

Блёгасфэра пра ДАІ

На гэтым тыдні ўся краіна сталася сьведкам таго, як супрацоўнікі ДАІ вырашылі спыніць п’янага бэйбуса ланцугом з грамадзянскіх машын. Толькі дзякуючы шчасьліваму зьбегу акаклічнасьцей ніхто не загінуў. У машыне, на якую прыпаў асноўны ўдар, знаходзілася маленькае дзіця.

Буча ў Сеціве пачалася, як толькі да інтэрнаўтаў патрапіў сфатаграфаваны макет газэты “Аўтабізнэс” зь інтэрвію ўдзельнікаў гэтае “апэрацыі” (праз пару гадзінаў па выстаўленьні ён патрапіў на першае месца ў Яндэкс-ТОПу). Далей падзеі раскручваліся вельмі тыпова: паводле словаў намесьніка кіраўніка УДАІ МУС Беларусі спадара Ваніцкага, міліцыянты дзейнічалі слушна, бо іншага варыянту спыніць машыну-парушальнік не было. У міністра ўнутраных справаў спадара Навумава было трохі іншае меркаваньне: паколькі, паводле ягоных словаў, адным зь ініцыятараў “зьліва” інфармацыі быў супрацоўнік МУС, якога звольнілі ў сувязі са сьледзтвам па карупцыйнае справе, ёсьць падстава не даваць веры некаторым аспэктам гэтае гісторыі.

Размова з суполкі minsk_by (485 камэнтараў) перакінулася на беларускі тэхналягічны сэрвіс Onliner ды на форум на сайце ДАІ, дзе, як апынулася, не было прэмадэрацыі (абмеркаваньне, болей дакладна, цкаваньне, вялося вось тут). Вельмі апэратыўна навіна з’явілася таксама ў нацыянальных незалежных выданьнях.

Пораху ў полымя дадала заява кіраўніка Менскага ДАІ спадара Карзюка, які заявіў, што “ніхто ніякага кардону з аўтамабіляў не рабіў: кіроўцы няслушна зразумелі знакі інспэктараў”. Але калі НТВ паказала свой ролік пра беларускія мэтады працы на дарогах, а кіроўцы пачалі выяжджаць на вуліцы Менску зь плякатыкамі “Жывы шчыт”, сталася зразумелым, што навіна пакінула “пэўныя колы”, як любяць казаць чыноўнікі. Міністар Навумаў ды яго падначаленыя заяўляюць пра пачатак інтэнсыўнае працы над выпадкам ды пра тое, што па справе распачнецца крымінальная справа, калі пракуратура прыме адпаведнае рашэньне. Кроплю дзёгцю да гэтага гарнца мёду дадало тое, што на рытуал ахвіцыйных перапросінаў кіраўніцтва ДАІ не былі запрошанымі ахвяры новае мэтоды. А ў Слуцкім ДАІ нават і ня ведалі пра звальненьні вінаватых супрацоўнікаў.

Дарэчы, сёньня ДАІ атрымала яшчэ раз: блёгер fotaczka выклала на minsk_by фотаздымкі свайго калегі пра тое, як міліцыянт, які быў выкліканы на мйсца жудаснае аварыі, цягам 40 хвілінаў да прыбыцьця “хуткае дапамогі” папросту “кукаваў” над нерухомым целам, не робячы нічога, каб дапамагчы ахвяры. Жанчыны-сьведкі папросту клялі й міліцыю, і дактароў. Меркаваньні ж блёгераў падзяліліся: некаторыя лічылі, што ДАІ ня хуткая, дапамагаць ня мае. І на ахвяру, якая нікога, дарэчы, не забіла, наракалі: “А што, калі б гэты аматар ветрыку ў твар пачаў куляцца па дарозе, забіваючы ўсіх”?

Блёгер watcher-interio вылучыў меркаваньне, што ўвага расейскіх тэлеканалаў да “Жывога шчыта” была выкліканая не журналісцкім абавязкам, а фактам найму Лукашэнкам кіраўніка PR-агэнцыі, блізкага Беразоўскаму.

У любым выпадку грамадзянская спольнасьць перамагла. Але каб такога не паўтаралася, недастаткова аднае перамогі: трэба рэфармаваць усю сыстэму, у якой бюракратыя сталася вынутай з прававое адказнасьці.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)