Общество
Еolonir

Блёгасфэра пра адстаўку Сухарэнкі і блёг Мілінкевіча

Апошні тыдзень блёгасфэру найболь турбавала адстаўка Сцяпана Сухарэнкі і магчымасць яго эміграцыі ў апазіцыю.

Нагадаю, некалькі дзён таму “Беларускі Партызан” паведаміў пра арышт былога кіраўніка КДБ і яго намесьніка пана Дземяньцея. “Народная Воля” парадзіла высьветліць, дзе насамрэч быў былы галава самае карумпаванае беларускае структуры, і ўзяць у яго інтэрвію. Рэакцыя палітычна ангажаваных блёгераў была досыць прадказальнай: усе баяліся, каб з Сухаранкі не зрабілі апазыцыянэра, запамятаўшы яго ўдзел у фальсыфікацыі выбараў ды пагрозах у бок удзельнікаў палітычных маніфэстацый падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006 году.

Кульбіты праз галаву не ўяўляюць сабой нічога дзіўнага ў сьвеце палітыкі. Анягож, з нашай “паўпартыйнай” сістэмай і адсутнасьцю некалькіх выразных плыняў у палітыцы, як у той жа Польшчы, Нямеччыне, ці Чэхіі, выхад кагосьці з палітычнага істэблішмэнту будзе аўтаматычна азначаць або зьнікненьне чалавека з палітычнага далягляду, або пераўтварэньне яго ў “апазыцыянэра”. Прадстаўнікі “старое” апазыцыі прынамсі так і пачуваюцца: маўляў, ня ў нашым стане адмаўляць ворагам Лукашэнкі. У гэтым яны выразна не зыходзяцца з моладзьдзю, для якой Сухаранка — проста прадстаўнік рэпрэсіўнае машыны, няхай і ў апале.

Яшчэ адна навінаМілінкевіч створыць блёг, які разьмесьціцца на старонках парталу палітыка. Сам партал таксама зьменіцца, націск будзе зроблены на больш шырокае выкарыстаньне мультымедыйных сэрвісаў, паведамляе прэс-служба сп. Мілінкевіча.

Мілінкевіч аддае даніну сучаснаму. У Вярхоўнае Радзе Ўкраіны амаль 30 дэпутатаў ад аднае “Партыі Рэгіёнаў” маюць свае блёгі. Свае блёгі завялі прэзідэнт Ірана сп. Ахмадынэжад, прэм’ер Францыі. Відэа-партал YouTube усё болей выкарыстоўваецца ў якасьці працоўнага, а што нават болей — перадвыбарчага інструмэнту ў амэрыканскае перадвыбарнае кампаніі-2008. Для збору матэрыялаў для свайго новага фільму пра амэрыканскую сістэму аховы здароўя SICKO рэжысэр пан Мур зьвярнуўся зь відэазваротам да гледачоў распавесьці іхнія гісторыя пра амэрыканскія лякарні й радзільні. Ён атрымаў некалькі тысячаў тэкставых адказаў і ля 100 відэа, калі людзі запісвалі сабе на камэру й потым запампоўвалі тае відэа на YouTube для ўсеагульнага прагляду. Тоні Блэр запісаў зварот аб сваім зыходзе з пасады прэм’ера Англіі й паклаў яго ў Сеціва яшчэ да афіцыйнага выступу на зборы партыі лэйбарыстаў.

Практыка паказвае, што Сеціва будзе зьмяняцца. З прыходам шырокапалосных каналаў у Беларусь павольна адбываецца распаўсюджаньне выкарыстаньня відэа- й аўдыаінфармацыі, запісанай ды запампаванай звычайнымі людзьмі — намі то бок. Папулярнасьць тэкставых блёгаў у Беларусі гэта спраўджвае. Разьвіцьцё іншых формаў сеткавае камунікацыі пакуль што замаруджваецца манаполіяй Белтэлекаму на падобныя паслугі. Той палітык, які ўжо зараз скарыстае новыя магчымасьці Інтэрнэту і стане шырока выкарыстоўваць відэа- ды аўдыасэрвісы, атрымае важкую перавагу ў налетнім.

Галоўны саюзьнік Беларусі ў сьвеце — Іран — паказваецца на YouTube ва ўсё болей непаглядным сьвятле. Гісторыя BBC пра страты ў Іране непаўналетніх (часткі 1, 2, 3, 4, 5) ды ўспаміны спадара cyxymu пра вандроўку да Ірану анулююць любыя прыязныя стаўленьні да ўрада гэтае краіны.

Урад Ірану вядзе вайну супраць сеціўных дысыдэнтаў. У краіне заблякаваныя шматлікія рэсурсы, хаця надта далёка ўрад ісламскае рэспублікі заходзіць не наважваецца і час ад часу разблякоўвае забароненыя рэсурсы.

У Беларусі такой магчымасьці няма. Белтэлекам уваходзіць у лік прадпрыемстваў, якія трымаюць дзяржаўны скарб. Даўгатэрміновае адлучэньне Інтэрнэту ня дасьць нічога рэжыму, акрамя страты прыбыткаў — таго, што наш калгасны ўрад акаштоўвае вышэй за ўсё. Дзіўна: у таго ж Піначэта, які дазволіў вольную эканоміку пры аўтарытарнае форме кіраваньня, магчымасьцяў кіраваць Сецівам было б значна болей…

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)