Общество
Eolonir

Блёгасфэра: Памяці Ірыны Казулінай

Блёгеры ў жалобе па Ірыне Казулінай. Усе падзеі, што адбываюцца навокал, вокаймгненна становяцца вядомымі на фрэндстужках. Сьмерць мужнае жанчыны, якая, як жыцьцё, кахала свайго мужа, сталася пытаньнем, на якое мусіць адказаць улада.

І пазьбегнуць рэакцыі ёй наўрад ці атрымаецца. Ня толькі таму, што Ірына была жонкай кандыдата ў прэзыдэнты. Ня толькі таму, што спадар Казулін стаўся вядомым дзякуючы прэзідэнцкай кампаніі 2006-га, сваім трагічным лёсам і, у рэшце рэшт, сваім самотным супрацьстаяньнем з уладай (узгадайце 56 дзён галадоўкі, калі ён намагаўся, каб ААН узьняла беларускае пытаньне — і-такі ўзьняла, на 50-ты дзень). А таму, што зараз у выпадку “няправільнага адказу” благое можа здарыцца з самім Казуліным, які з 26 лютага абвяшчае сухую галадоўку. Такі зыход будзе трактаваны як забойства — так піша большасьць блёгераў, якія згодныя, што калі Лукашэнка адпусьціць Казуліна — гэта будзе вызнаньнем асабістае паразы.

Кіраўнік калёніі Віцьба-3 не адпускаў спадара Казуліна дамоў, каб разьвітацца з жонкай, хаця ў сусьветнае практыцы ёсьць такія прэцэдэнты. Аляксандар Казулін ды яго дачкі распачалі галадоўку з мэтай прымусіць улады адпусьціць яго з калёніі на тыя некалькі гадзінаў. Спадар Васілевіч, які прыняў адваката Гары Паганяйлу да праваабаронцу Алену Танкачову, даў зразумець, што пракуратура нічога ня можа зрабіць на гэты конт: рашэньне мае быць прынятым вышэй. Ня чутна спадарыні Пяткевіч, чые словы наконт “дзяржавы права, у якае рашэньне прымае толькі суд” відавочна йдуць насупраць заявам іншых высокапастаўленых асобаў краіны, якія спасылаюцца на столь. Вэртыкаль відавочна ня ведае, якім чынам адказаць.

Ірына Казуліна памерла, піша feduta, і сотні іншых блёгераў без камэнтараў паўтараюць гэтыя словы. Бо нельга спэкуляваць на сьмерці. Але на minsk_by і зноўку распальваюцца дыскусыі, у якіх пэўная колькасьць блёгераў намагаюцца пераканаць іншых, што Казулін карыстаецца сьмерцю жонкі, каб нарабіць сабе палітычны капітал.

Выказы вельмі тыповыя: Казулін «перегнул палку», «Ірына памерла ад рака, якое дачыненьне да гэтага мае Лукашэнка?», “амаральна карыстацца сьмерцію жонкі ў палітычных мэтах”, “яны дамовіліся пра выкарыстаньне імя Ірыны дзеля набору палітычных балаў”. Шчыра кажучы, рэпэртуар аматараў сеціўных развагаў не зьмяніўся.

Чаму маўчыць праваслаўная царква, пытаецца адзін з блёгераў? Таму што і няма чаго сказаць або яны праявяць “паліткарэктасьць” ды “ня будуць граць на пачуцьцях сваякоў памерлага”?

Цешыць тое, што гэтым разам “мысьліўцаў” было мала. Большасьць блёгераў проста пакідалі словы спачуваньня. Пісалі, што за сваю сям’ю я б “горла пайшла грызьці”, што толькі Казуліну вырашаць, ці прыймаць галадоўку, бо толькі ён мае на гэтае права. І дзякуючы Богу, такіх камэнтараў гэтым разам было непараўнальна болей.

Мы ведаем, што падобных дыскусіях, напэўна, пасьвіўся й нехта па службовым абавязку. Не хацелася б думаць, што менавіта яны называюць паводзіны Казуліна цынічнымі, што трэба пакінуць справу як ёсьць, не чапаць гора людзей. Хацелася б лічыць, што для іх сьмерць — таксама сьвятое. Але не прыпадае. Далібог, як гэта нагадвае паводзіны гарадзенскіх найтсытэраў, якія цкавалі чалавека, які распавёў пра сьмерць аднаго з удзельнікаў.

Але дзякуй Богу, што бальшасьць зараз не спэкулюе на сьмерці Казулінай.

Сьветлая Вам памяць, пане Ірыне!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)