Блёгасфэра амаль без палітыкі
Апошнія тры дні ў беларускае блёгасфэры пазначыліся адыходам ад абмеркаваньня палітычных тэмаў, што й адбываецца зазвычай у гэты час, калі большасьць карыстальнікаў знаходзіцца ў адпачынку. Шэраг культавых для дэмакратычнае моладзі падзеяў, сярод якіх я б на першае месца вылучыў “Басовішча”, таксама спрычыніліся да падзеньня актыўнасьці карыстальнікаў.
Асноўным ньюсмэйкерам у гэтыя дні стаўся спадар Мілінкевіч зь яго
прагненьнем адчыніць свой уласны блёг. Ініцыятыва была сустрэта дваяка: з
аднаго боку, добра, што чалавек такога калібру ў беларускае палітыцы пачынае
выкарыстоўваць новыя тэхналёгіі. Зь іншага — шмат каго засьцярожыла фармулёўка
“будзе створаны”, быццам бы блёг павінны стацца часткаю нейкага паўнафарматнага
праекту. Праекты — гэта добра, але блёг — гэта нешта спантаннае, яго ня трэба
плянаваць, яго трэба распачынаць “як ёсьць”, з пустога аркушу. У адваротным
выпадку гэта будзе проста інфармацыйны сайт, што ня мае вартасьці блёгу.
Да таго ж, шмат хто задаваўся пытаньнем, а ці будзе пан Мілінкевіч сам яго
пісаць? Прынамсі, толькі дэпутаты Вярхоўнае Рады Ўкраіны ад Партыі Рэгіёнаў
пішуць свае блёгі самі, астатнія, у тым ліку прэзыдэнт Ірана, аддае гэтую працу
прэс-службе. Натуральна, у палітыкаў час распісаны па хвілінах, і, тым ня
меньш, больш прывабным было пісаць хаця б частку артыкулаў самому, каб у стылі
адчуваўся дотык асобы, з эмоцыямі й недасканаласьцямі.
Ну што ж, што атрымаецца — пакажа будучае.
На 27 ліпеня нечакана вялікая колькасьць інтэрнэт-жыхароў вывесіла свае віншаваньні
з Днём Незалежнасьці. Найбуйнейшыя гарадзенскія блёгі s13.ru, blog.grodno.net, плойма карыстальнікаў, сярод якіх такія
вядомыя ў беларускім ЖЖ асобы як ziankovich, wal-de-maar ды шмат
іншых павіншавалі карыстальнікаў ЖЖ са сьвятам, якое вось ужо больш за 10 год фактычна забаронена ў Беларусі.
Абсалютную цікавасьць блёгасфэры за апошні тыдзень выклікалі перастаноўкі
ва ўрадзе і нават ідэя вырошчваць у нашае краіне апэльсыны й іншую трапічную
садавіну. ЖЖысты прасачылі стандартную ўзаемазалежнасьць — чым горай сытуацыя ў
краіне, тым больш становіцца голасных заяваў ды пражэктаў. І гэта на тле пошуку
“свайго шляху”. Сьмешна, таварышы. Паліттэхналёгіі яшчэ нікто не скасаваў,
лёгіку масаў — таксама.
Новы спалах параноі КДБ фіксуе valery_brest_by у сваіх нататках пра мінулае КДБ. Свае
згадкі ён увязвае з шэрагам перасоўваньнў у вышэйшым кіраўніцтве гэтае арганізацыі,
публікацыяй скандальных інтэрвью з Сухаранкам “Народнай воляй” ды арыштамі
моладзевых актывістаў перад сьвяткаваньнем Дню Незалежнасьці.
Читайте еще
Избранное