Экономика

Блакаванне рахункаў "Белнафтахіма" - гісторыя з працягам

Эксперты Беларускага інстытута стратэгічных даследванняў (BISS) яшчэ ў снежні мінулага года прадказвалi, што гісторыя з санкцыямі супраць "Белнафтахіму", якія былі прыняты ЗША, можа мець пэўныя наступствы. А магчымая дэталізацыя санкцый супраць падраздзяленняў канцэрна можа надаць развіццю гэтай сітуацыі новую дынаміку. Сённяшнія падзеі даюць падставу зноў звярнуць увагу на тыя прагнозы BISS.

13 лістапада 2007 году упраўленне па кантролю замежных актываў міністэрства фінансаў ЗША (ОФАК) заблакавала актывы канцэрна "Белнафтахім", нагадваюць эксперты BISS.

Першапачаткова яны былі сустрэтыя ў Беларусі з доляй скептыцызму і ўспрымаліся, пераважна, як іміджавая мера.

Прававымі падставамі гэтых дзеянняў былі паўнамоцтвы дадзеныя ОФАК ад прэзідэнта ЗША ў сувязі з выдадзеным ім 19 чэрвеня 2006 дакументам, дзе падкрэслена, што выкарыстанне арганізацыямі і грамадзянамі, якія парушаюць дэмакратычныя прынцыпы ў Беларусі, пэўных фінансавых актываў, стварае надзвычайную і выключную пагрозу дзяржаўнай бяспецы і знешняй палітыцы ЗША

Міністэрства Замежных Спраў Беларусі ў сваёй заяве падкрэсліла, што ЗША парушыла свае забавязацельствы паводле Мемарандуму аб гарантыях бяспекі ў сувязі з далучэннем Беларусі да дамовы пра нераспаўсюджанне ядзернай зброі ад пятага снежня 1994 году, ў каторым абяцалі не карыстацца мерамі эканамічнага прымусу дзеля падначалення Беларусі інтарэсам ЗША. МЗС абвінаваціў ЗША таксама ў парушэнні пагаднення паміж Беларуссю і ЗША пра гандлёвыя дачыненні, паводле каторага ЗША абавязаліся паляпшаць доступ беларускіх тавараў і паслугаў на свой рынак.

Калі нейкая структура трапляе ў спіс блакаваных, з таго вынікае, што ніводны амерыканскі грамадзянін, арганізацыя, каторая утвораная ў ЗША, альбо дачынныя структуры, якія створаныя амерыканскімі грамадзянамі і арганізацыямі па-за межамі ЗША, не маюць права на фінансавыя транзакцыі і гандаль з названай структураю.

У такі спосаб была закранутая дзейнасць як галоўнай арганізацыі, гэтак і усіх прадстаўніцтваў "Белнафтахіма" ў ЗША, Германіі, Расіі, Кітаі, Украіне, Польшчы і Прыбалтыцы, якія вядуць разлікі ў доларах ЗША праз карэспандэнцкія рахункі амерыканскіх банкаў і карыстаюцца партнёрствам альбо пасярэдніцтвам амерыканскіх фірмаў.

Канцэрн "Белнафтахім" ў 2003-2007 г.г. аб'ядноўвае 50-80 арганізацый і прадпрыемстваў з агульнай колькасцю занятых прыкладна 120-130 тысячаў чалавек. Ягоная асноўная экспартная прадукцыя складаецца з нафтапрадуктаў (56%), калійных угнаенняў (16%), аўтамабільных шынаў (6,6%), хімічнай кудзелі I штак, пластычных масаў, фарбаў і лакаў.

У выніку сваёй дзейнасці канцэрн забяспечвае пятую частку прыбыткаў бюджэту Беларусі, чвэрць прамысловай вытворчасці і трэцюю частку экспарту і валютнай выручкі. Тэмпы росту прадукцыйнасці працы і інвестыцый ў асноўны капітал за 2003-2007 былі не меньш за 140%, экспарту, у адпаведны перыяд - не меньш за 180%. Прадукцыя канцэрну прадаецца ў 80 краінах.

Дзякуючы спрыяльнай кан'юнктуры ў 2003-2007 г.г., штогод ў развіццё вытворчасці канцэрнам інвеставалася не меньш за 600 млн. долараў ЗША. Гэта дазволіла арганізаваць вытворчасць канкурэнтаздольнай прадукцыі: шматслойных поліпрапіленавых плёнак, бензінаў і дызельнага паліва з нізкім утрыманнем серы, араматычных вуглевадародаў, тэхнічнай, харчовай і кармавой солі, цвёрдых і вадкіх комплексных угнаенняў, метанолу, поліэтыленавых і поліпрапіленавых вадаправодных I газавых трубаў, канструкцыйных пластмасаў, трывалага віскознага і поліаміднага корду.

Варта зазначыць, што канцэрн сустрэў практычнае увядзенне санкцый ў дастаткова добрым эканамічным стане. За дзевяць месяцаў 2007 году (дадзеныя былі апублікаваныя на выязной нарадзе кіраўніцтва канцэрна 1 лістапада 2007 г. на Гомельскім хімічным заводзе) прырост прамысловай прадукцыі склаў 6,1% да ўзроўню адпаведнага перыяду мінулага году.

Новая прадукцыя склала дзесятую частку, а сертыфікаваныя 8/10 агульнай вытворчасці. Вага наўпроставых паставак ў экспарце дасягнула 62%. Разам з тым, планаваныя тэмпы росту экспарту не былі дасягнуты.

Тым часам, 28 лістапада 2007 года інфармацыя пра юрыдычныя адрасы і іншыя рэквізіты заблакаваных структураў была афіцыйна распаўсюджаная са спасылкаю на ОФАК сярод усіх зацікаўленых бакоў. Высветлілася, што ў дасланы спіс блакаваных структураў не ўвайшлі асноўныя прадпрыемствы - экспарцёры канцэрна: асноўныя пакупнікі і прадаўцы расійскіх вуглевадародаў або аб'яднанне "Беларуськалій". Cанкцыі крануліся ўласна офісаў канцэрна "Белнафтахім" ў Мінску, Кіеве, Маскве, Франкфурце, Пекіне і Рызе, а таксама кампанм Ве1neftekhim USA.

Гэта пакідала магчымасць беларускім уладам без вялікіх пакутаў залагодзіць сітуацыю. Трэба зазначыць, што санкцыі дэ-факта анансаваліся ўрадам ЗША за некалькі тыдняў ці нават месяцаў да іх увядзення, і, прымаючы пад увагу спецыфіку эканамічных сувязяў паміж дзвюма краінамі, беларускім уладам не складала цяжкасці разлічыць напрамак удару і прыняць адпаведныя меры па мінімізацыі наступстваў. Фактычныя страты "Белнафтахіма" ў 2007 годзе будуць роўныя памеру сродкаў, якія заблакаваныя на рахунках ягоных філіяў, што не фатальна, бо разліковыя ланцужкі ідуць ад канкрэтных прадпрыемстваў і надзейна прадубляваныя. Да таго ж, калі да санкцый не далучаецца Еўрапейскі Саюз, што магло насамрэч прывесці да сур'ёзных наступстваў (такое далучэнне на ўзроўні Саюза, аднак, выглядае цалкам неверагодным, бо наўпрост ішло б уразрэз з уласнымі эканамічнымі інтарэсамі ЕС), гісторыя, здавалася б, не магла мець істотнага працягу.

Такія разважанні, аднак, абміналі адну акалічнасць: нават калі ўрад ЗША не мае магчымасцяў наўпрост заблакаваць працу канцэрна, існуюць інструменты ўскоснага ўсціску на кампаніі і фінансавыя інстытуты, якія вядуць з ім бізнэс. Як высветлілася пазней, гэтыя інструменты яшчэ далёка не вычарпаны.

Прыбалтыйскія банкі, што цесна супрацоўнічаюць з вядучымі амерыканскімі структурамі на сваім рынку, пачалі блакаванне сродкаў "Белнафтахіма" 14 лістапада 2007 г. Першымі ў гэтай справе сталі напрыканцы году лакальныя падраздзяленні шведскай фінансавай групы «Hansabanka» ў Рызе і «Hansapank» у Таліне, што распачал! блак1роуку транзакций па рахунках «Ве1nefktehim Baltic OU» і «Ве1nefktehim Baltic SIA».

Падобна, што нашы паўночныя суседзі згодныя несці страты ад сітуацыі з «Белнафтахімам» і досыць вялікія, бо памер ягонага транзіту, прыкладам, праз Латвію складае 12 мільёнаў тон грузаў, што дае больш за 170 мільёнаў долараў аплаты тым, хто забяспечвае рух. Летась аб'ёмы перавалкі нафтапрадуктаў склалі: праз Латвію — 71,2 %; Эстонію — 18,6 %; Літву — 10,2 %.

Новы і больш істотны паварот справе можа быць дадзены неўзабаве. Амбасадар ЗША ў Беларусі Карэн Сцюарт паведаміла 13 снежня 2007 года пра магчымасць пашырэння санкцый супраць падкантрольных канцэрну прадпрыемстваў і прадпрыемстваў, што ў падначаленні людзей, якім забаронены уезд ў ЗША.

Выключэнне складуць хіба венесуэльскія фірмы дзе беларускі канцэрн ёсць малодшым партнёрам. Варта зазначыць, што гэтая заява адбылася праз дзень пасля падзей на вуліцах Мінска, у ходзе якіх адбыліся новыя сутыкненні АМАПу з апазіцыяй.

Калі ў спіс патрапяць буйныя прадпрыемствы Наваполацка, Салігорска, Магілёва, Бабруйска і іх гандлёвыя і пасярэдніцкія фірмы, гэта можа стаць сапраўды рэальнай і вялікай пагрозай рынку нафтапрадуктаў і угнаенняў, бо разлікі ягонымі удзельнікамі вядуцца ў доларах праз пасрэдніцтва амерыканскіх структураў, папярэджвалі эксперты BISS.

Тэарэтычна з боку канцэрна магчымы пераход ў разліках на еўра альбо выкарыстанне пасрэдніцтва арабскіх банкаў ў ажыццяўленні беларускіх экспартна-імпартных аперацый з нафтай і прадуктамі яе перапрацоўкі.

Але тут, у любым выпадку, прадказальная малая імавернасць хуткай арганізацыі эфектыўных разлікаў. Насцярожанасць партнёраў і кліентаў канцэрна па усім свеце непазбежна ўзрастае. Такім чынам, ў наступным, 2008 годзе палітычная рызыка застаецца галоўнай перашкодай для пашырэння бізнэсу і тым больш, для прыцягнення інвестараў у сферу дзейнасці "Белнафтахіма", бо відавочна, што з набліжэннем выбараў ў парламент ў 2008 годзе могуць адбыцца падзеі, якія спавадуюць новы раўнд усціску на беларускія ўлады з боку Злучаных Штатаў. У выпадку, калі санкцыі пашырацца на транзіт і разлікі прадпрыемстваў, страты могуць быць непараўнальна большыя за тыя 17 тысяч долараў ЗША, пра якія зараз гавораць беларускія ўлады.

Пакуль цяжка сказаць, наколькі працэнтаў здейсніліся прагнозы экспертаў BISS. Аднак рэакція беларускіх уладаў дае выснову меркаваць, што апоншнія санкцыі ЗША аказаліся значна больш балючымі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)