Общество
Eolonir

Благасфэра пра лепшыя гарады ў Беларусі

Блогер siarhiejsalas апублікаваў у сябе ў ЖЧ спасылку на рэйтынг местаў Беларусі паводле якасьці жыцьця, складзены эканамістам Зьмітром Бабіцкім. На першым месцы апынулася Заслаўе, Менск трапіў на ганаровае другое. Абласныя цэнтры таксама адшукаліся тамака: у першай палове я знайшоў Бярэсьце й Гародню. Магілёў ды Віцебск трапіліліся на вочы напрыканцы сьпісу, які замыкаўся Гомлем. Але самае цікавае — гэта прысутнасьць тамака такіх маленькіх мястэчкаў, як Жабінка, Вузда, Стоўпцы, Ляхавічы, Ветка.... Славуты на ўвесь сьвет Бабруйск ды родны Барысаў аўтара допісу апынуліся ніжэй за трыццатае месца.

Справа карысная: калі міжнародныя мэдыі складаюць рэйтынгі месцаў паводле якасьці жыцьця, то незразумела, чаму б Беларусі такога не зрабіць для сябе. Праўда, для іншаземцаў тут існуе толькі адзін горад, Менск, і гэта пакідае пэўны адбітак на саміх менчукох: яны, як і аўтар гэтага тэксту, збольшага няшмат ведаюць пра рэшту Беларусі, на вялікі жаль. Але пытаньне, чаму ў рэйтынг трапілі, прыкладам, Жабінка зь Ляхавічамі, задавалі ня толькі менчукі, але й людзі з іншых мястэчак. Гэта СА Смалявічамі ды з Заслаўем болей-меней зразумела: месьцяцца блізу сталіцы, жыхары могуць дазволіць сабе вандраваць штодня на працу ў Менск. Вельмі па-эўрапэйску. Але што ў верхняй дваццаццы робіць, прыкладам, Ветка — мястэчка ў Гомельскай вобласьці, не зусім зразумела.

Ініцыятары стварэньня Партыі свабоды й прагрэсу выклалі заклік да інтэрнаўтаў стацца сустваральнікамі ПСП на суполцы minsk_by. Рух вельмі лягічны, прымаючы пад улік аўдыторыю камьюніці ды ўсё большы распаўсюд Інтэрнэту ў краіне, але ў сваім родзе першы: раней заклікаў далучацца да ініцыятыўных групаў па стварэньні нейкіх грамадзкіх аб’яднаньняў у беларускай благасфэры не было асабліва чуваць. Хаця пры гэтым на тым самым Захадзе сеціўныя сацыяльныя сэрвісы й блогі ўжо даўно зьяўляюцца першым асяродзьдзем для піяру падобных пачынаў. Але ці разьлічвалі аўтары посту на падобную негатыўную рэакцыю — яшчэ пытаньне. Бальшыня камэнтатараў палічыла стварэньне новае партыі папросту блазанствам, ня вартым увагі: маўляў, ад партыяў у беларускім палітычным жыцьці ўсё адно плёну замала. Праўда, адмоўны піяр — таксама піяр, але камэнтары пад постам яскрава дэманструюць поўны недавер беларусаў да палітычных аб’яднаньнях. Чаму — прашу да першакрыніцы.

Прыблізна такую самую рэакцыю напаткаў допіс пра акцыю анархістаў на дзень барадзьбы з паліцэйскай сваволяй: блогеры амаль адзінагалосна палічылі яе дзяцінствам, ня вартым увагі. Нікуды не падзеліся й стэрэатыпныя камэнтары пра шкоду падобных акцыяў для легендарнае чысьціні Менску. А вось у пытаньне паводзінаў міліцыі, чаго гэтая акцыя ўласна й датычыла, удзельнікі абмеркаваньня неяк не сталі заглыбляцца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)