Общество
Еоlonir

Благасфэра пра Грузію і менскае метро

Асноўнай тэмай для блогаў мінулы месяц заставалася Грузія. За апошні тыдзень прыярытэтны кірунак дыскусыяў не зьмяніўся, але вось дэталі – так: акрамя Грузіі, “інтэрнаўты” шмат абмяркоўвалі паводзіны расейскага кіраўніцтва, ізаляцыю Расеі ў сьвеце ды забойства ўладальніка апазыцыйнага інгускага сайта ingushetiya.ru Магамэда Эўлоева. Гэтае забойства выклікала шырокі рэзананс сярод той часткі публікі, якая яўна або прытоена дэманстравала свае сымпатыі да Грузіі.

Што да наступстваў вайны з Грузіяй, прыкладам, парафаваньня польскім урадам дамовы пра разьмяшчэньне на тэрыторыі нашага заходняга суседа элемэнтаў амэрыканскае проціракетнае тарчы, блогер budimir на minsk_by запытаўся, а ці не станецца гэта нагодай разгортваньня расейскай ППА ў Беларусі ды, як вынік, аўтаматычнага пераўтварэньня краіны ў цэльню ў выпадку вайны. Пытаньне выклікала плойму адказаў таго тыпу, якія стабільна пасяліліся ў камэнтарах прагрузінскіх блогераў ад самога пачатку канфлікту. Але напэўна сказаць, які бок займае якая суполка ў Байнэце, немагчыма, акрамя як для by_politics: большая частка ўдзельнікаў суполкі займаюць адназначна прарасейскую пазыцыю. Гэта відавочна паказвае рэакцыя, напрыклад, на допіс nicolaev аб комплексах C-200, закупленых грузінамі перад вайной у Расеі.

Другая тэма, болей набліжаная да беларускай рэчаіснасьці — гэта пачатак навучальнага году й зьвязанае зь ім вострае транспартавае пытаньне. Паколькі рэканструкцыя эскалатараў станцыі “Кастрычніцкая” не пасьпела да паабяцанай уладамі даты першага верасьня, блогеры разважалі пра тое, як зараз давядзецца дабірацца, калі колькасьць пасажыраў павялічыцца ўтрая, ды камэнтавалі традыцыйныя “здольнасьці” менскіх пляноўнікаў.

Дарэчы, працяг тэмы можна глядзець вось тут: што рабіць чалавеку, які перасаджваецца з адной лініі на другую, такім чынам плоцячы ўдвая болей. На жаль, камэнтары былі пераведзеныя на іншую тэму.

І апошняя папулярная тэма на сёньня — як вы ставіцеся да сэзоннага павялічэньня колькасьці менчукоў? Мяркуючы па гэтым допісе, нельга сказаць, каб блогеры адназначна б віталі гасьцёў з іншых местаў, але й адмаўленьня таксама няма: бальшыня ставіцца гасьцінна або папросту абыякава.

Мяркуючы па тэндэнцыях у благасфэры, грузінская тэма застанецца галоўнай яшчэ доўга, тым болей, што беларусы вельмі йстотна падзеленыя на групы з заходнімі ды ўсходнімі каштоўнасьцямі. Дарэчы, калі сярод блогераў з прагрузінскай пазіцыяй былі аўтары, якія пісалі й па-беларуску, і па-расейску, то сярод “інтэрнаўтаў” з прарасейскай пазыцыяй не было амаль ніводнага беларускамоўнага. Таксама цікавая заўвага: калі на расейскамоўныя допісы беларускага паходжаньня, якія выбіваліся ў топавы рэйтынг Яндэкса, сыпаліся дэструктыўныя камэнтары гэтаксама, як і на расейскія, то такі дэструктыў амаль на сто адсоткаў абмінаў беларускамоўныя посты: лічачы беларускую мову дыялектам расейскае, гэтыя людзі ня здольныя яе ўвогуле прачытаць. Так што трэба рабіць высновы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)