Общество
Eolonir

Благасфэра пра галаледзіцу ў Менску, крызыс ды футравую акцыю

Самай папулярнай тэмай беларускай благасфэры апошнія некалькі дзён зьяўлялася галаледзіца на вуліцах места. Менчукоў болей за ўсё цікавіла пытаньне, куды трэба скардзіцца за тое, што ходнікі, асабліва ў дварох, не прысыпаюцца пяском альбо не паліваюцца антылёдавым рэагентам. Паводле мэдыяў, праз галаледзіцу на вуліцах пацярпелі болей за 300 чалавек.

Праўда, пытаньне наконт скаргаў на ЖЭС, якія не працуюць, не знайшло падтрымкі: блогеры даводзілі, што ва ўмовах, калі толькі што адшкрабаная машына пакрывалася коркай ільду за пятнаццаць хвілінаў, ніякі ЖЭС ня дасьць рады. Удзельнікі дыскусыі былі ўпэўненымі, што жыльлёва-камунальныя службы робяць усё магчымае, каб зрабіць бясьпечнымі прынамсі найвялікшыя вуліцы.

Падобная дыскусыя адбывалася й вось тут. Адзін з карыстальнікаў падаў спасылку на форум камунальнай гаспадаркі на бачыне Менгарвыканкаму, на паведамленьні якой супрацоўнікі ЖЭС павінныя рэагаваць. Ці гэта так – невядома.

Наступная папулярная тэма датычыць крызысу: блогер 1und20 на суполцы minsk_by піша, што нібыта ідуць пагалоскі пра тое, што ад новага году з плястыкавай карткі можна будзе здымаць толькі палову заробку, што на яе налічваецца. Астатнія грошы можна будзе траціць толькі безнаяўным парадкам у аплатных тэрміналах крамаў. Большасьць камэнтатараў палічыла паведамленьне звычайнай беспадстаўнай плёткай, хаця некаторыя камэнтатары зважалі на факты выданьня некаторым сваім знаёмым другой плястыкавай карткі, якой можна аплочваць толькі безнаяўным парадкам.

Наступным апытаньнем, што прыцягнула найболей ўвагі, сталася назва Менску (Менск ці Мінск). Бальшыня адказаў была за назву “Менск”, але й прыхільнікаў сучаснага варыянту апытаньне не пакінула абыякавымі: даводзілі, што назвай “Менск” паслугуецца вельмі мала людзей, каб лічыць яе рэальнай канкурэнцыяй сучаснай.

Блогер nigla запытаўся ў наведвальнікаў суполкі minsk_by, як апошнія ставяцца да татуіровак. Адзінага меркаваньня вывесьці не ўдалося: прыхільнікаў, апанэнтаў ды тых, хто паставіўся нэтральна, было прыблізна пароўну.

Апошняй тэмай тыдня сталася антыфутравая акцыя ў Менску. Па камэнтарох відаць, што ідэі абароны жывёлаў пакуль збольшага далёкія нашаму грамадзтву: блогеры ў асноўным паставіліся да акцыі як да дзівацтва.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)