Без Лукашэнкі і Ціханоўскай. Пра што казалі кандыдаты ў прэзыдэнты на дэбатах

Што сказалі ўдзельнікі дэбатаў — тэзісна пераказвае Радыё Свабода.

Андрэй Дзьмітрыеў гатовы працаваць ва ўрадзе ці міністэрстве, але толькі ў камандзе новага прэзыдэнта. Ён заклікаў галасаваць толькі 9 жніўня і толькі за альтэрнатыўных кандыдатаў, не ўдакладняючы, за каго.

Пра што гаварыў:

Важна правесьці новыя выбары праз год.

Беларусы маюць права мірна і спакойна абраць новага прэзыдэнта, ніхто ня хоча Майданаў

Беларусы стаміліся ад такога стаўленьня да сябе.

Калі беларусы не абяруць новага прэзыдэнта, то ў наступныя гады ўсё больш беларусаў будуць набываць квіткі ў адзін канец.

Вырашыць праблемы са стратнымі прадпрыемствамі, кумаўством. Трэба працаваць над новай Канстытуцыяй, якая дазволіць абіраць мэраў.

Стварыць умовы для сярэдняга і малога бізнэсу і прыбраць натоўп кантралёраў.

Сяргей Чэрачань назваў сваю каманду камандай рэфарматараў, якая хоча зрабіць Беларусь краінай, дзе хочацца жыць.

Пра што гаварыў:

Улада не апраўдала дадзены ёй давер. Чэрачань заклікаў беларусаў прагаласаваць за альтэрнатыўнага кандыдата, за каго менавіта — не ўдакладніў.

У Беларусі слаба разьвіваецца малы і сярэдні бізнэс, праз палітычную сытуацыю ў краіну не прыходзяць інвэстыцыі з замежжа.

У Беларусі няма дэмакратычных выбараў, да выбараў дапушчаныя ня ўсе кандыдаты, не вядзецца належнае назіраньне. Чэрачань спытаў у Лукашэнкі, калі ў Беларусі будуць забясьпечаны дэмакратычныя выбары.

Большасьці зараз абсалютна ўсё роўна, якая праграма, якія рэформы і якая будучыня чакае нашую краіну. І я добра разумею гэтых людзей. Улада зрабіла ўсё, каб страціць давер. Галоўнае пытаньне, якое лунае ў паветры, — як зьмяніць уладу. На любую, але іншую.

Алег Гайдукевіч запэўніў, што «сам захацеў прыйсьці на дэбаты ад імя Лукашэнкі». Ён заклікаў вырашаць лёс краіны на выбарчых участках і «галасаваць за моцную краіну».

Пра што гаварыў:

Выбары павінны быць барацьбой праграм і дыскусій, умацоўваць краіну і кансалідаваць усіх беларусаў.

На гэтых выбарах мы мала гаворым пра праграмы і ідэалёгіі, шэраг палітычных сілаў прапанавалі беларусам просты, але катастрафічны варыянт: памяняць уладу, а потым разабрацца.

Замест вырашэньня задач, якія стаяць перад Беларусьсю, нам прапануюць прызначаць новыя выбары.

Пазыцыя Лукашэнкі вядомая. Выбары мы праводзім для сябе, а не для Эўропы. Сфальсыфікаваць нічога немагчыма.

За 26 гадоў мы [беларусы] пабудавалі краіну, а Лукашэнка «ўратаваў краіну».

Нагадаем, Сьвятлана Ціханоўская ад тэледэбатаў адмовілася, не прысутнічалі і яе давераныя асобы. Кандыдатка выклікала Лукашэнку на дэбаты на Бангалор у фармаце «адзін на адзін». Таксама ад дэбатаў адмовілася Ганна Канапацкая.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 1.5 (оценок:49)