Политика

Bellingcat — пра ролю КДБ у справе «вагнэраўцаў» і агентаў ФСБ сярод беларусаў ва Ўкраіне

Кіраўнік аддзелу расьсьледаваньняў міжнароднай групы Bellingcat Хрыста Грозеў заявіў, што КДБ Беларусі кантраляваў затрыманых на беларускай тэрыторыі ў ліпені 2020 году прадстаўнікоў расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» пасьля іхнага перасячэньня расейска-беларускай мяжы, піша Радыё Свабода.

Кадар з рэпартажу дзяржаўнай тэлевізіі пра затрыманьне баевікоў «ЧВК Вагнера» пад Менскам. Ліпень 2020

— Відавочна, што ў Беларусі КДБ назірае за кожным замежнікам: рэгіструюць кожнага чалавека, пачынаюць сачыць за ім ад моманту перасячэньня мяжы. Можна было прадбачыць, што, пакінуўшы на 4-5 дзён 33 мужчын з вайсковым мінулым, апэрацыя сарвецца, — сказаў Хрыста Грозеў у інтэрвію ўкраінскаму радыё «НВ».

Хрыста Грозеў мяркуе памылковай рэакцыю ўкраінскіх уладаў на зрыў апэрацыі сваіх спэцслужбаў.

— Тут могуць быць легітымныя, але памылковыя дзеяньні. Магчыма, адміністрацыя прэзыдэнта (Украіны) палічыла, што плюсоў ад гэтага запаволеньня больш, чым мінусаў і рызыкаў. Нам здаецца гэта нелягічным і памылковым рашэньнем, але ў той момант некаму яно здавалася правільным.

Таму нельга казаць абавязкова пра тое, што нехта «зьліў» гэтую апэрацыю. Хутчэй за ўсё, гэта была тактычная і стратэгічная памылка, але яна крытычная.

— Для мяне найбольшая памылка — напалову сарваную апэрацыю не пераўтварылі на вялікі плюс для Ўкраіны. Называючы апэрацыю апэрацыяй, публікуючы адразу ўсе тэлефанаваньні, тысячы словаў прызнаньняў наймітаў — гэта дала б доказную базу ў шматлікіх судовых справах, якія зараз ідуць, у тым ліку, у Гаазе і Страсбургу.

Для мяне важней паказаць, наколькі прыніжальнай гэтая апэрацыя была для расейскіх спэцслужбаў, бо ўсё гэта прайшло паўзь іх, яны нічога не зразумелі, — дадаў Хрыста Грозеў.

10 верасьня часовая сьледчая камісія Вярхоўнай Рады Ўкраіны, якая расьсьледавала сытуацыю з затрыманьнем «вагнэраўцаў» у Менску і перадачай іх Расеі, заявіла, што спэцслужбы Ўкраіны сапраўды спрабавалі выцягнуць «вагнэраўцаў» ва Ўкраіну, але рэалізацыю апэрацыі зьмянілі на пэўным этапе спэцслужбы Расеі і Беларусі.

У прыватнасьці, кіраўніца камісіі Мар’яна Бязугла паведаміла, што сярод 33 «вагнэраўцаў» была адна «асоба, якая працавала на спэцслужбы Беларусі».

Летась 29 ліпеня ў санаторыі пад Менскам затрымалі 33-х расейскіх грамадзянаў. Улады Беларусі заявілі, што падазраюць іх у падрыхтоўцы беспарадкаў напярэдадні выбараў. Украіна прасіла выдаць вагнэраўцаў ёй, бо яны бралі ўдзел у баявых дзеяньнях у Данбасе. Але праз два тыдні затрыманых вярнулі ў Расею.

Агенты ФСБ — сярод грамадзян Беларусі

Кіраўнік аддзела расьсьледаваньняў Bellingcat заявіў, што ва Ўкраіне працуе «вялізная колькасьць» агентаў Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі, у тым ліку сярод беларускіх грамадзян, якія нібыта ўцякалі зь Беларусі ад крымінальнага перасьледу пасьля акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе.

— Частка зь іх была завэрбаваная ФСБ сярод супрацоўнікаў у вашых (украінскіх) спэцслужбах яшчэ ў пачатку вайны. Гэта першы сэгмэнт.

Другі сэгмэнт — гэта людзі, якіх закідвае ФСБ сярод, напрыклад, эмігрантаў, уцекачоў зь Беларусі. Яны знайшлі Ўкраіну ў якасьці аднаго з месцаў, дзе могуць цяпер свабодна працаваць. Сярод іх укідваюцца такія памочнікі, якія рэальна зьяўляюцца агентамі ФСБ, — патлумачыў Хрыста Грозеў.

У той жа час кіраўнік аддзела расьсьледаваньняў Bellingcat паведаміў, што пакуль не завяршылі сваё расьсьледаваньне гібелі прадстаўніка «Беларускага дому ва Ўкраіне» Віталя Шышова.

— Мы працуем з групай журналістаў зь Беларусі, зь беларускімі партызанамі. Гэта вельмі маштабнае расьсьледаваньне, на якое спатрэбіцца яшчэ некалькі месяцаў, на жаль, — дадаў Хрыста Грозеў.

Адзін з заснавальнікаў «Беларускага дома ва Ўкраіне» Віталь Шышоў прапаў раніцай 2 жніўня ў Кіеве, куды перабраўся зь Беларусі ўвосень 2020 году. Паводле сяброў, ранкам ён, як звычайна, пайшоў на прабежку і не вярнуўся. Трэцяга жніўня яго знайшлі павешаным у Сьвятошынскім парку Кіева непадалёк ад ягонага дому.

У паліцыі назвалі дзьве асноўныя вэрсіі гібелі беларуса: самагубства і забойства з імітаваньнем самагубства. Улады дагэтуль не называлі прычыну ягонай сьмерці, матывуючы тым, што пакуль не завершаныя судова-мэдычныя экспэртызы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(24)