Беларусы Украіны рыхтуюць з’езд дыяспары

Дабрачынны фонд «Вільна Білорусь» правёў анлайн-сустрэчу з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ва Украіне.

Як паведаміў «Салідарнасці» кіраўнік арганізацыі Аляксей Францкевіч, у сустрэчы прынялі ўдзел прадстаўнікі беларускай дыяспары з Чарнігава, Жытоміра, Харкава, Нікалаева, Адэсы, Луцка, Роўна, Львова, Кіева і Цярнопаля.

Аляксей Францкевіч

Паводле суразмоўцы, падобных сустрэчаў не ладзілася з 2020 года, а патрэба ў іх ёсць, бо толькі на Чарнігаўшчыне беларуская дыяспара складае каля 25 тысяч чалавек, а беларусы маюць статус нацыянальнай меншасці ва Украіне.

— Нашыя мэты — наладзіць устойлівыя гарызантальныя сувязі з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ва Украіне, арганізаваць сумесныя дзеянні беларускай дыяспары, накіраваныя на дапамогу ЗСУ ў барацьбе з расійскімі акупантамі, садзейнічаць захаванню беларускай нацыянальнай культуры, традыцый і звычаяў беларускага народу.

Таксама вельмі важна займацца абаронай правоў беларусаў ва Украіне.

На сустрэчы абмяркоўвалася стварэнне арганізацыі, якая будзе прадстаўляць беларусаў Украіны ў камунікацыі з міжнароднымі інстытуцыямі. Удзельнікі збіраюцца правесці з’езд беларусаў, дапамогу прапанавалі прадстаўнікі беларускага бізнесу ва Украіне.

— Галоўная праблема беларусаў тут — тое, што пасля паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну яны баяцца і не хочуць ідэнтыфікаваць сябе як беларусы, — кажа Аляксей Францкевіч.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(7)