Беларусы ў сэкс-шопе

Ці чырванеюць беларусы ад слова «сэкс», якая прадукцыя сэкс-шопаў карыстаецца папулярнасцю і хто з наведнікаў самы смелы? Пра гэта НН пагутарыла з прадавачкамі мінскіх сэкс-шопаў.

Усе пакажуць, усяму навучаць

Як уладкавацца на працу ў сэкс–шоп? «Не трэба нейкіх экстраардынарных здольнасцяў, — расказвае Марына. — Усе там пакажуць і ўсяму навучаць. Адзінае, што трэба ўмець, — спакойна і кампетэнтна размаўляць пра сэкс. Бо, сама разумееш, прадавец, які бянтэжыцца і чырванее, не выклікае даверу. Ну і пачуцце гумару не зашкодзіць: жартаўнікоў заходзіць шмат. Пытанні кшталту: „А вы самі спрабавалі?“, „А можна памераць?“ — гэта норма».

Было сумоўе, навучанне і выпрабавальны тэрмін. «На сумоўі прасілі расказаць пра сябе. Быў цікавы момант, калі мне далі вібратар і сказалі: «Прадай мне яго», — кажа Марына.

Навучанне ў кожнай краме праходзіць па–свойму. «Вучаць каля месяца, — працягвае яна. — Спачатку зусім няясна, што для чаго, але хутка разбіраешся. Трэба ведаць усе да тонкасцяў, бо кліенты звычайна задаюць шмат пытанняў. Акрамя вібратараў і змазак у нас мала пра што чулі».

У пераважнай большасці ў сэкс–шопах працуюць жанчыны. Прадаўцоў–жанчын, у прынцыпе, па статыстыцы больш, дый яны неяк спакайней успрымаюць працу. «Хоць я першыя два тыдні не магла есці на працоўным месцы, — смяецца Марына. — Бо сядзіш і бачыш гэты „кілбасны цэх“ на вітрынах...»

Прыходзяць па адно, а сыходзяць з іншым

Мала хто ведае, што яму насамрэч патрэбна, кажа прадавачка: «Тавар абіраем разам. Часта бывае, спачатку пытаюць пра адно, а ў выніку сыходзяць з абсалютна іншым прадметам. І не заўседы з адным. За дзень да нас завітвае чалавек дзесяць–пятнаццаць». Часта бяруць штосьці і не сабе — для жартаў ці ў падарунак. Найчасцей вібратары.

Есць сталыя кліенты, некаторыя шукаюць менавіта «свайго» прадаўца і прыходзяць у яго змену. Некаторыя шукаюць і дапамогі ў інтымным жыцці. На гэты выпадак на прылаўку ляжаць візітоўкі з нумарамі сэксолагаў. «Фантазіі есць у кожнага, але мала хто дазваляе сабе іх рэалізаваць. Сэкс–шоп — гэта не вычварэнства», — упэўненая прадавачка Алеся.

Пары бяруць вібратары і наручнікі

Часцей за ўсе ў краму прыходзяць парамі. «Бывае, нашыя цацкі ратуюць адносіны. Разнастайнасць у сэксуальным жыцці дапамагае калі і не выратаваць іх, дык хоць трошкі працягнуць. Тут няма чагосьці агіднага. Пары звычайна бяруць вібратары і наручнікі. Змазкі таксама бяруць, але яны прадаюцца ў кожным супермаркеце», — адзначае Алеся.

Мужчыны прыходзяць натхніцца

«Мужчыны, бывае, прыходзяць проста паглядзець, натхніцца, можа, памацаць нешта. Стаяць адны, з ганарлівым выглядам, нібы нешта выбіраюць, а вочкі бегаюць–бегаюць! — кажа Марына. — У іх самае папулярнае — змазкі і спрэі для працягу палавога акту. У мужчын стэрэатыпнае меркаванне, што сэкс павінен быць як мага даўжэйшым. Але многія жанчыны пратэстуюць і лічаць інакш.

Прылады для павелічэння чэлеса пытаюць часам. Мы звычайна прапануем вакуумную помпу — іншага не прывозім, бо выглядае яно даволі страшна. Помпу трэба выкарыстоўваць у сукупнасці з практыкаваннямі. Ці дапамагае? У прынцыпе, павінна. Ці бяспечна гэта? Ну, прынамсі, каб у кагосьці адваліўся, яшчэ не чула».

Прыходзяць і людзі сталага веку.

«Рознае бяруць. Бяруць і для маладых каханак, і для жанчын свайго веку. Адзін дзядуля браў у мяне вібратар памеру большага за сярэдні».

Ці прынцыповы колер?

«Жанчыны –гэта цуд, — захапляецца Алеся. — Большая частка наведніц — у веку да сарака гадоў. Заходзяць з такім сур’езным тварам, доўга абіраюць нешта, але запытаць, бывае, так і не адважваюцца. І сыходзяць... Многія доўга не могуць вымавіць слова „чэлес“. Чаго я толькі не наслухалася: „орган любові“, „мужчынская прылада“, проста „ен“... Але звычайна жанчыны смялейшыя за мужчын. Часцей за ўсе яны бяруць бялізну, масажныя свечкі ну і таксама змазкі. Бывае, і іх „клініць“: для адной наведніцы быў прынцыповы колер вібратара... А ўвогуле жанчыны вельмі разумныя. Калі прыходзяць парамі, дык бяруць фалаімітатары ці вібратары меншыя за памер, які мае іх мужчына, каб не пакрыўдзіць».

Замежнікі не камплексуюць

Хто паводзіцца ў сэкс–шопе ўпэўнена, як у краме гародніны, — дык гэта замежнікі, пагаджаюцца прадавачкі: «Ніякай закамплексаванасці. Пайшоў у краму па хлеб, чаму б па дарозе і вібратар не прыкупіць. Быў у мяне адзін такі: прыйшоў з пакункам, дзе ляжалі прадукты, набыў наручнікі з вібратарам, кінуў наверх і пайшоў».

А ці часта трапляюцца неадэкватныя купцы?

«Гэта рэдкасць, — кажа Марына. — Хіба тупыя ці сэксуальна заклапочаныя. Сур’езных прэцэдэнтаў ніколі не было. Беларусы вельмі закамплексаваныя. Для іх падумаць пра сэкс–шоп ці зазірнуць за заслону, якая заўседы ахінае такія крамы, — вялікая псіхалагічная праблема. Такое адчуванне, што ў нас яшчэ з савецкіх часоў ідзе прапаганда, і сэксу ў нас няма і быць не можа».

* * *

Фатаграфаваць у мінскіх сэкс–шопах забаронена.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)