Беларусы даслалі дакумэнты пра АЭС, перакладзеныя гугл-транслэйтам

Літоўскі партал 15min.lt здабыў копію дакумэнта «Ацэнка ўзьдзеяньня Астравецкай АЭС на навакольнае асяродзьдзе», які Міністэрства энэргетыкі Беларусі даслала сваім літоўскім калегам.

Журналіст 15min.lt Марыюс Якубайціс прааналізаваў гэты дакумэнт. Яго выснова: на літоўскую мову дакумэнт пераклалі гугл-транслэйтам. І гэта здараецца ўжо ня першы раз.

«Палепшыць Узбэцкай Рэспублікі і як усе расьліны канкурэнтназдольнасьць», «Сыстэма макіяжу — прадзіманьня», «Зьмяніць жыцьцё зношаных» — гэта толькі некалькі цяжказразумелых сказаў з дакумэнту надзвычайнай важнасьці пра будаваную Астравецкую АЭС, які беларусы даслалі ўраду Літвы.

Выглядае, што Міністэрства энэргетыкі Беларусі пераклала на літоўскую мову «Ацэнку ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе», карыстаючыся гугл-перакладчыкам. Так што ў афіцыйным дакумэнце па сутнасьці немагчыма зразумець цэлыя сказы, а зь некаторых застаецца толькі рагатаць.

Электрастанцыя зрабілася расьлінай

У дакумэнце мусіла быць апісаная спэцыфікацыя і тэхнічныя парамэтры АЭС, напрыклад, з чаго складаецца рэактар.

Гэта найважнейшы дакумэнт, які беларусы абавязаліся даслаць Літве.

Беларускі ўрад пераклаў гэты дакумэнт з ангельскай мовы, бо Літва, у адпаведнасьці зь міжнароднымі абавязаньнямі, мае права атрымліваць ад суседзяў дакумэнты на сваёй дзяржаўнай мове.

Аднак гугл-перакладчыку няма да гэтага справы, таму plant (англ. электрастанцыя) у гугл-перакладзе робіцца «расьлінай» (іншае значэньне ангельскага слова plant). У выніку ў дакумэнце гаворыцца не пра Астравецкую АЭС, а пра нейкую расьліну.

«Уздоўж загародкі, якая знаходзіцца на тэрыторыі заводу, чыгуначная станцыя расьліна найперш прызначаная, каб прыбраць прапусьціла і атрымаць новую ПЛІВУ» — прачытаўшы такі сказ, літоўскія чыноўнікі ня ведалі — плакаць ці сьмяяцца. Бо няясна, што там за чыгуначная станцыя, якая расьліна чаго не прапусьціла і пра які завод ідзе гаворка.

Ад макіяжу да пірага

«Сыстэма макіяжу» — так апісваецца «функцыі дызайн расьлінаў». Тут можна толькі здагадвацца, пра якую сыстэму і расьліны гаворка. Але хутчэй за ўсё пра архітэктурныя рашэньні праекту АЭС.

«Станцыя з прамысловай гасьцёўняй, сабрала тры запісы: зьнешні агароджа, асноўны корпус», — так у дакумэнце тлумачацца тэхнічныя парамэтры ядзернай электрастанцыі. Чыноўнікам літоўскага Міністэрства энэргетыкі не ўдалося высьветліць, якая гасьцёўня маецца тут на ўвазе.

«Апора пляча рэактара карабель падтрымлівае і вызначаныя кальцо апоры, замацаваная да падмурку ў гаспадарцы», — так беларусы тлумачаць, як яны будуць мантаваць рэактар. Аднак невядома, што гэта за карабель і што за гаспадарка.

«Сетачка мабільнага перамешваньня і з „пірог“ фрагмэнт», — так у дакумэнце апісваецца рэактар, аднак застаецца няясным, адкуль там пірог.

Як будзе працаваць рэактар? «Спусьціць уніз паміж корпусам і валам сарцавіны і праз дзірачкі ў дне шахты ліфта і кальца пацьвярджаных камэраў ёсьць тэлевізары», — тлумачаць будаўнікі Астравецкай АЭС.

«Узбэкістан лічыцца ўдасканаленая дыска Сэма VAS-3, які пазьней замяніць дыск і Сэма прызначаная зьмяніць жыцьцё зношаных» — тут апісваюцца мантаваныя дыскі, аднак літоўскім чыноўнікам так і засталося няясным, пры чым тут Узбэкістан, хто такі Сэм і пры чые зношаныя жыцьці тут пішуць. Узбэкістан, дарэчы, ніяк ня ўдзельнічае ў праекце Астравецкай АЭС.

Дарэчы, некаторыя словы гугл так і ня здолеў перакласьці, аднак Міністэрства энэргетыкі Беларусі гэта не засмуціла. «Што да aux ogatelnoy тэма працы — рэзэрвуараў ачысткі дзьме off унутранага агню захаваньня» — так напісана ў надзвычай важным дакумэнце, які беларускі ўрад перадаў літоўскаму.

«Пробы сьведкаў» — так напісана ў тэхнічнай характарыстыцы рэактара.

Бальшыню сказаў наагул цяжка зразумець, бо перакладзеныя словы не пасуюць адны да адных.

Р. Швядас: гэта сьведчыць пра стаўленьне будаўнікоў да працы

Незалежны энэргетычны эскпэрт, былы віцэ-міністар энэргетыкі Ромас Швядас таксама пазнаёміўся з дасланым беларусамі дакумэнтам.

«Гэта цудоўна ілюструе іх стаўленьне да працы. Калі АЭС можна будаваць абы-як, дык і дакумэнты на літоўскую мову можна перакладаць гугл-перакладчыкам», — сказаў Р. Швэдас парталу 15min.lt.

Таму, даведаўшыся пра здарэньне, калі нядаўна абрынуліся апорныя канструкцыі ў адным з будаваных карпусоў, ён не зьдзівіўся.

«Аляксандар Лукашэнка там — вышэй за ядзерную бясьпеку. Прэзыдэнт вызначыў даты, калі мае быць пабудаваная АЭС, і будаўнікі сьпяшаюцца, спрабуюць пасьпець усё зрабіць своечасова, не адстаць. Таму і падаюць сьцены на будаўнічай пляцоўцы», — разважаў экспэрт.

І сапраўды, будаўніцтва АЭС адбываецца паводле графіку.

Камэнтар міністра энэргетыкі Літвы Рокаса Масюліса пра дасланую Беларусьсю Ацэнку ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе, магчыма, перакладзеную гугл-транслэйтам:

«Хацелася б верыць, што такі крок Беларусі, як пераклад Ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе з дапамогаю гугл-транслэйта — гэта непаразуменьне. Калі мы гаворым пра ядзерную бясьпеку, такіх непаразуменьняў ня мусіла б быць».

Нечытэльная літоўская вэрсія дакумэнту, дасланага Міністэрствам энэргетыкі Беларусі сваім літоўскім калегам - ня першая ў справе Астравецкай АЭС. Аналягічная гісторыя адбылася ўжо ў 2013 годзе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)