Скандалы
Дзьмітры Гурневіч, Радыё Свабода

Беларусу, які страляў у Гдыні, выставілі абвінавачаньне

Акруговая пракуратура ў Гданьску выставіла абвінавачаньні грамадзяніну Беларусі, якога ў аўторак затрымалі пасьля страляніны ў Гдыні.

Як сказала Свабодзе прадстаўніца пракуратуры Гражына Ваўранюк, ён абвінавачваецца ў замаху на забойства:

- На падставе сабранага матэрыялу вядома, што мужчына зрабіў два стрэлы і адзін зь іх у кірунку ахвяры.

30-гадовы беларус не прызнаўся ў злачынстве, якое яму інкрымінуецца. Ён падаў сваю вэрсію. Яна будзе правярацца. Пракурор прыняў рашэньне накіраваць заяву ў суд пра часовы арышт затрыманага. Суд разгледзіць яе заўтра.

Паводле прэс-сакратара пракуратуры, інцыдэнт ня меў канфліктнага характару або помсты пацярпеламу.

- Падазраваны меў пры сабе дзьве адзінкі зброі. У яго быў на яе дазвол. Стрэлы ён зрабіў зь пісталету, - сказала Гражына Ваўранюк.

Вядома, што беларус і пацярпелы не працавалі разам. Пацярпелы працуе ў фірме, чый офіс месьціцца ў адным будынку з Thomson Reuters.

Раней прадстаўнік паліцыі ў Гданьску паведаміў Свабодзе, што ніводная асоба ў сувязі з гэтым здарэньнем не пацярпела і не была параненая.

Паводле артыкулу «Замах на забойства» ў Польшчы можа пагражаць ад 8 да 25 гадоў зьняволеньня альбо нават пажыцьцёвае зьняволеньне.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)