Общество
Святлана Мяцёлкіна

Беларускую мову выкідаюць з універсітэтаў?

ВНУ могуць застацца без беларускай мовы. Дысцыпліну «Беларуская мова: прафесійная лексіка» хочуць выключыць з праграмы навучання на нефілалагічных спецыяльнасцях. Зараз Міністэрства адукацыі распрацоўвае новыя стандарты для вышэйшых навучальных устаноў.

Як стала вядома «Салідарнасці» з крыніц, які заслугоўваюць даверу, у новых стандартах для ВНУ на няпрофільных спецыяльнасцях можа адсутнічаць курс «Беларуская мова: прафесійная лексіка». Іншымі словамі, матэматыкі, фізікі і ўсе астатнія спецыялісты (за выключэннем філолагаў), якіх рыхтуюць у беларускіх ВНУ, будуць пазбаўлены магчымасці вывучаць родную мову.

Як вядома, у жніўні Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў скараціць тэрмін навучання ў ВНУ на 25%.

«Нам надо серьезнейшим образом рассматривать вопрос подготовки кадров в стране. Боюсь ошибиться, но можно сказать, что примерно на треть мы обучаем студентов тому, что потом абсолютно не пригодится в жизни», – заявіў прэзідэнт на сустрэчы з міністрам адукацыі.

Такімі вось «непатрэбнымі ведамі», ведаць, і аказалася беларуская мова.

— Гэтая сітуацыя для нас вядомая, — заявіў «Салідарнасці» кіраўнік Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны Алег Трусаў. — Міністэрства адукацыі ўжо некалькі разоў выкідала беларускую мову з праграмы, а ТБМ яе вяртала назад. Мы звярталіся нават у Адміністрацыю прэзідэнта і дабіваліся свайго. Калі і зараз сітуацыя паўтарыцца, мы будзем змагацца за мову да канца.

На жаль, атрымаць афіцыйны каментар чыноўнікаў не ўдалося. У аддзеле вышэйшай адукацыі Міністэрства карэспандэнту «Салідарнасці» заявілі толькі, што «ўсё яшчэ знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі». Які лёс у новых стандартах падрыхтавалі беларускай мове, нам не патлумачылі.

— Калі такое здарыцца, давядзецца пахаваць нашу мову, якую мы ўжо хаваем на працягу больш як 100 гадоў, — адзначыў у размове з карэспандэнтам «Салідарнасці» загадчык кафедры гісторыі беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прафесар Мікалай Прыгодзіч. — Я быў адным з тых, хто рыхтаваў цяперашнюю праграму і дзеючыя стандарты, па якіх ўжо чатыры гады вучацца студэнты. Калі зараз выключаць беларускую мову, гэта адаб’ецца самым дрэнным чынам на ўсіх. Па-першае, прыйдзецца звальняць выкладчыкаў. А па-другое: як жа мы будзем выглядаць у свеце, калі ў нас на іншых спецыяльнасцях не будзе нават элементарнага курса «Беларуская мова: прафесійная лексіка»? Што ж гэта за спецыяліст, які жыве ў Беларусі, вучыцца ў ВНУ і не ведае сваёй тэрміналогіі і яе гісторыі. Ніхто ж не ставіць пытання, што ва В’етнаме не трэба вывучаць в’етнамскую мову, а ў Кітаі кітайскую? Атрымліваецца поўны абсурд на ўсіх ўзроўнях.

Паводле Мікалая Прыгодзіча, пакуль выкладчыкі працуюць па ранейшай праграме.

— У любым выпадку два гады мы яшчэ працуем як ёсць, бо стандарты дзейнічаюць пяць гадоў. Хаця ў нас у адзін момант могуць усё перавярнуць, і ўсе адразу кінуцца выконваць. Але мы настроены дабівацца нават, каб гэты курс быў не адзін семестр, а два. Калі ж пайшлі такія размовы пра выключэнне, то пра гэта трэба крычаць на ўсіх перакрыжаваннях, інакш згубім мову канчаткова. Відаць, некаму вельмі хочацца, каб беларусы засталіся без мовы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)